Ніва № 19 (2295), 7 мая 2000 г.

Чарнобыльскі шлях — 2000

Зміцер КІСЕЛЬ

Шматтысячнае шэсце і мітынг, прысвечаныя чарговым угодкам Чарнобыльскай трагедыі, прайшлі без перашкод з боку міліцыі, але арыштаваныя ўсё ж былі.

Да апошняга дня не было вядома ці не паўторыцца ў Мінску 26 красавіка тое, што адбывалася 25 сакавіка. Гарадскія ўлады не дазвалялі правесці традыцыйнае шэсце, толькі мітынг. Апазіцыя на такія ўмовы згадзіцца не магла, бо губляўся сэнс мерапрыемства. Толькі напярэдадні „Чарнобыльскага шляху — 2000” шэсце было дазволена.

26 красавіка ў 18 гадзін на плошчы Якуба Коласа пачалі збірацца людзі. Над усёй плошчай залуналі бел-чырвона-белыя сцягі. На многіх былі ўмацаваны чорныя стужкі. Калі колькасць людзей дасягнула некалькі дзесяткаў тысяч, арганізатары пачалі фармаваць калону. Наперадзе ікона Чарнобыльскай Божай Маці. За ёю на чорных плакатах назвы забруджаных раёнаў і доза радыяцыі ў іх. Уражвала колькасць моладзі. Надзвычай шмат падлеткаў. Трэба адзначыць, што большасць людзей, якія прыйшлі да помніка Якубу Коласу не ведалі пра дадзены дазвол на шэсце. (Арганізатары папросту не паспелі паведаміць пра гэта за адзін дзень.) Гэта азначае, што 25 сакавіка запалохаць беларускую моладзь не ўдалося.

А міліцыя і на гэты раз была падрыхтавана да атакі. Усе бліжэйшыя да плошчы двары былі забіты амапаўцамі. Яны толькі чакалі каманды. Праз міліцэйскія мегафоны пачалі гучаць патрабаванні рухацца да месца правядзення мітынгу. Улады баяліся, што шматтысячны мітынг можа адбыцца ў цэнтры горада. Але ў арганізатараў мерапрыемства былі іншыя планы. Дружына БНФ вывела калону на праспект Скарыны і разам з міліцыяй сачыла, каб па баках праспекта заставалася па адной свабоднай паласе для руху транспарту. Было бачна, што і міліцыя, і апазіцыянеры не хацелі канфлікту ў гэты дзень. Калона рухалася арганізавана і, хаця рух транспарту замарудзіўся, але спынены не быў. А да маніфестацыі далучалася ўсё больш людзей. Цяжка сказаць дакладную лічбу ўдзельнікаў „Чарнобыльскага шляху”. Нехта сцвярджаў 30 тысяч, нехта 50 і болей. Але магу сцвердзіць, калі галава калоны павярнула на вуліцу Сурганава, я вырашыў даведацца колькі часу пройдзе пакуль да гэтага месца дойдуць апошнія шэрагі дэманстрантаў. Атрымалася 13 хвілін. А ішлі людзі даволі хутка як на шэсце.

Рух транспарту на вуліцы Сурганава быў перакрыты. Людзі ішлі вольна без перашкод. Гучалі традыцыйныя воклічы: „Жыве Беларусь!”, „Лукашэнка ў жопу, Беларусь у Еўропу!”, „Моладзь за Беларусь!” і г.д. Кожная арганізацыя спрабавала адзначыць сваю прысутнасць. А былі тут усе — ад анархістаў да крайне правай Беларускай партыі свабоды. Яе сябры рэзка адрозніваліся ад іншых дэманстрантаў. Наперадзе тры хлопцы неслі чорна-чырвона-белыя сцягі партыі. За імі, самкнуўшы шэрагі, арганізаванымі шыхтамі з чорнымі хусткамі на тварах ішлі сябры партыі (дарэчы, БПС узяла на сябе адказнасць за нядаўні разгром мінскай штаб-кватэры Русского национального единства). Нечаканасцю было ўбачыць транспарант на рускай мове: „Не хотим союза с диктатором Лукашенко”. Гэта ішлі, адмыслова прыехаўшыя ў Мінск з Масквы, сябры Маладзёжнага антыфашысцкага дзеяння.

Мітынг адбываўся на плошчы Бангалор. Выступалі прадстаўнікі розных партый і грамадскіх арганізацый. Спакойны ход мерапрыемства парушыла вестка, што міліцыяй былі збіты людзі, якія засталіся на плошчы Якуба Коласа пасля адыходу калоны дэманстрантаў. Як высветлілася, гэта былі сябры КХП БНФ. Акрамя пастаянных для падобных мерапрыемстваў беларускіх выступоўцаў з прывітальным словам звярнуліся да прысутных сябра чэшскага парламента і старшыня расійскага Маладзёжнага антыфашысцкага дзеяння. Апошні выступаў на беларускай мове, якую вывучыў адмыслова да прыезду ў Мінск. Калі закранаць моўнае пытанне, дык я заўважыў цікавую дэталь. Большасць дарослых удзельнікаў мітынгу размаўлялі паміж сабой па-руску, а большасць моладзі — па-беларуску.

Тое, што пасля мітынгу не будзе ніякага працягу, расчаравала найбольш рашучую частку моладзі, якая прагнула помсты за 25 сакавіка. Таму сябры БПС, „Краю”, „Белага легіёна” ў большасці пакінулі плошчу Бангалор не дачакаўшыся канца мітынгу. А міліцыя між тым не спала. Людзі ў штацкім і ў форме ўкрадкам хапалі тых, хто меў неасцярожнасць адлучыцца ад сваіх сяброў. Па папярэдніх вестках, у час і пасля мітынгу было затрымана 10 чалавек.