Ніва № 19 (2295), 7 мая 2000 г.

Прызабытыя пралетарскія святы

Яўген МІРАНОВІЧ

Хаця май у гэтым годзе традыцыйна пачаўся мнагадзённым святкаваннем, аднак першамайскія шэсці не прыцягнулі на вуліцы, так як раней бывала, мільёнаў людзей. Нават у краінах, узніклых на руінах Савецкага Саюза, ад некалькіх гадоў з чырвонымі сцяжкамі выходзяць прыгорбленыя перажытымі гадамі і медалямі ветэраны працы і змагання за сацыялізм. Паводле апытальнікаў, 80 працэнтаў дзяцей у маскоўскіх школах не ведаюць кім быў Ленін, хаця іх бацькі дэкламавалі вершы і спявалі песні пра Ільіча быццам рэлігійныя гімны.

У пяцідзесятыя гады, нават у Польшчы, удзел у першамайскіх шэсцях быў патрыятычным абавязкам. Да вёсак прыязджалі грузавікі з лаўкамі і бралі сялян на мітынгі і дэманстрацыі, якія адбываліся ва ўсіх павятовых гарадах. У крамах з’яўляліся тавары, якія звычайна бывалі рэдкасцю на прылаўках. Атмасфера агульнага святкавання ахоплівала ўсе праслойкі грамадства. Ніхто не аспрэчваў сэнсу першамайскіх урачыстасцей. Сродкі масавай інфармацыі паведамлялі пра шэсці ў сталіцах усходніх і заходніх краін, пра рэпрэсіі супраць удзельнікаў дэманстрацый у дзяржавах, у якіх існавалі некамуністычныя дыктатарскія рэжымы.

У сямідзесятыя гады святкаванне Першамай адзначаўся амаль выключна гарадскім насельніцтвам. Сяляне тады звычайна рыхтаваліся садзіць бульбу, а інтэлектуальныя намаганні іх сваякоў і дзяцей, якія працавалі ў сацыялістычных фабрыках ці вучыліся ў школах, ішлі ў напрамку пошукаў апраўдання адсутнасці падчас першамайскіх шэсцяў. Наогул у школах настаўнікі не прымалі да ведама ніякага апраўдання. Заява вучня, што садзіў бульбу замест дэманстраваць салідарнасць з пралетарыятам усяго свету, успрымалася як прафанацыя камуністычнай святасці. Найчасцей у след за гэтым ішлі ніжэйшыя ацэнкі з прадметаў, якія мелі быць падрыхтоўкай грамадзян да жыцця ў сацыялістычнай краіне. Партыя шырока выкарыстоўвала ўсе інструменты ўлады, каб заахвоціць усіх працоўных выйсці на вуліцы з чырвонымі сцягамі і лозунгамі, аб’яўляючымі адданасць сацыялізму, сяброўству з Савецкім Саюзам і іншымі краінамі, у якіх улада знаходзілася „ў руках пралетарыяту”.

У другой палове васьмідзесятых гадоў на першамайскія шэсці выходзіў ужо толькі „авангард пралетарыяту” — дырэктары і адміністрацыя дзяржаўных прадпрыемстваў, працаўнікі партыйнага апарату і дзяржаўнай адміністрацыі. Пралетарыят тым часам пад кіраўніцтвам Каталіцкага касцёла і „Салідарнасці” змагаўся за капіталізм. Разам з перамогай „Салідарнасці” першамайскае святкаванне стала зусім прыватнай справай грамадзян Польшчы. Ад некалькіх гадоў на мітынгі і шэсці ў вялікіх гарадах выходзяць прыхільнікі сацыялістычных партый. У гэты самы час і ў гэтых самых месцах свае шэсці рыхтуюць групоўкі крайне правых арыентацый. Дзікі крык, часам мардабой сталі асноўнай прыкметай сустрэч актыву палітычных груповак. Усё вярнулася быццам да традыцыі трыццатых гадоў.

Першамайскае свята аднак не было ліквідавана ўладамі ІІІ Рэчы Паспалітай, якія два дні пасля ўстанавілі яшчэ адзін святочны дзень, прымеркаваны да гадавіны Канстытуцыі 3 Мая. Палітычная падзея канца ХVІІІ стагоддзя, якая прывяла Польшчу да цалкавітай страты суверэнітэту і большасці тэрыторыі, адзначаецца сёння не толькі як дзяржаўнае, але і як касцельнае свята. Так, як у 1950-я гады ніхто не аспрэчваў сэнсу святкавання 1 Мая, так цяпер ніхто не сумняваецца ў патрэбе адзначаць гадавіну абвяшчэння Канстытуцыі 3 Мая. Гэты дзень стаў нагодай для дэманстрацыі патрыятычных пачуццяў палякаў усіх палітычных арыентацый.

З майскага календара выпала Свята перамогі над фашызмам, якое адзначалася 9 мая. Раней ідэйна спалучала яно сацыялістычныя краіны, а асабліва апраўдвала мілітарныя і палітычныя сувязі з Савецкім Саюзам. Сёння сітуацыя радыкальна памянялася, Нямеччына стала саюзнікам Польшчы, таму і не выпадае надта дэманстраваць радасць з прычыны разгрому ІІІ Рэйха, тым больш, што ў 1945 г. палякі сталі пераможцамі толькі як сатэліты расійскай імперыі. У сучасных палітычных умовах гэтае свята стала зусім нелагічным.

У Беларусі тым часам 9 мая адзначаецца з асаблівым энтузіязмам. Улады краіны і кантраляваныя імі сродкі масавай інфармацыі прысвячаюць гадавіне перамогі над Нямеччынай у 1945 г. не менш увагі, чым раней бальшавіцкай рэвалюцыі. Хаця перамога саветаў над фашыстамі адтэрмінавала справу незалежнасці Беларусі на некалькі дзесяткаў гадоў, у патрэбе святкавання 9 мая не сумняваецца ніводзін беларускі патрыёт. Штогод да помніка перамогі ў Мінску стараюцца дайсці з кветкамі дзеячы апазіцыйнага Беларускага народнага фронту. Традыцыйна міліцыянеры і чэкісты не дапускаюць іх да святога для ўсіх саветаў вечнага агню. Гэта не свята нацыяналістаў, — даказваюць улады. Дарэчы, маюць рацыю. Ёсць яшчэ ў Беларусі некалькі месцаў, дзе беларусы маглі б ускласці кветкі.