Ніва № 18 (2294), 30 красавіка 2000 г.

Смерць з яснага неба

Яўген МІРАНОВІЧ

Чатырнаццаць гадоў таму канец красавіка быў вельмі цёплы. Ранняя вясна заахвочвала старых і маладых цешыцца веснавым сонцам. Хаця набліжалася свята Пасхі, у Беларусі большасць людзей рыхтавалася да першамайскіх шэсцяў. Ніхто аднак не ведаў, што з яснага неба на зямлю сцякала нябачная смерць.

26 красавіка 1986 г. на ўкраінскай атамнай электрастанцыі здарылася аварыя. Сотні тон радыеактыўнага пылу павісла ў паветры. Раніцай 27 красавіка вецер накіраваў гэтую масу ва ўсходнім напрамку. Пагражала гэта экалагічнай катастрофай для паўночнай Украіны і заходніх абласцей Расіі. З Масквы прыйшоў тады загад да вайсковых авіяцыйных базаў у Беларусі стварыць хімічную заслону для смертаноснай хмары і прызямліць яе вакол месца аварыі. Чарнобыль знаходзіцца недалёка беларускай мяжы. Звыш 70 працэнтаў радыеактыўных выкідаў з палаючай электрастанцыі ўпала на тэрыторыю Беларусі. У паўднёва-ўсходніх раёнах рэспублікі прапалі ўмовы для якога-небудзь нармальнага біялагічнага жыцця. Забруджанай стала чацвёртая частка краіны, а найбольш — Гомельская і Магілёўская вобласці. У зоне высокай радыяцыі апынулася больш за 2,2 мільёна чалавек, пятая частка насельніцтва Беларусі.

Размер трагедыі пабольшвалі паводзіны тадышніх савецкіх цэнтральных і рэспубліканскіх улад. Калі паветра было напоўнена смертаносным цэзіем-127, жыхары Беларусі, нічога не ведаючы, займаліся сваімі справамі. Нават першага мая выгналі працоўных і моладзь у традыцыйныя шэсці, хаця ўлады ведалі чым пагражае прабыванне ў той час пад адкрытым небам. Толькі калі радыеактыўны пыл дайшоў да межаў Швецыі, там пачалі разглядацца адкуль яго крыніца. Дзесяць дзён пасля выбуху ў Чарнобылі саветы прызналіся да аварыі, але сваіх грамадзян надалей пераконвалі, што нічога страшнага не сталася і нават прабыванне ў раёнах размешчаных блізка электрастанцыі нічым не пагражае. Створаныя для дапамогі службы ў выпадку радыеактыўнага забруджання аказаліся зусім да гэтага непадрыхтаванымі. Начальнік Галоўнага санітарна-эпідэміялагічнага ўпраўлення, а заадно віцэ-міністр аховы здароўя Віктар Бур’як, спасылаючыся на дасягненні савецкай навукі, даказваў, што можна без ніякага страху прабываць у непасрэдным суседстве Чарнобыльскай электрастанцыі. Мясцовая наменклатура ў першую чаргу занялася эвакуацыяй сваіх сем’яў у бяспечныя раёны краіны. Шэф Камуністычнай партыі Беларусі Мікалай Слюнькоў некалькі разоў публічна заяўляў, што аварыя на Чарнобыльскай электрастанцыі зусім не пагражае бяспецы насельніцтва Беларусі. Толькі месяц пасля выбуху ўлады Беларусі пачалі высяляць жыхароў з раёнаў Нароўлі, Хойнікаў, Кармы, Слаўгарада, Касцюковічаў, Чачэрска, Добруша, дзе ўзровень радыяцыі ў дзесяткі разоў перасягаў бяспечныя для чалавечага здароўя нормы.

Першымі з забруджанай зоны ўцякалі людзі свядомыя небяспекі, якая пагражала ад прабывання ў забруджданай тэрыторыі. Выязджалі лекары, чыноўнікі, спецыялісты па ліквідацыі паслядоўнасцей радыеактыўнага забруджання. Большасці грамадства аставалася толькі слухаць хлуслівыя выступленні членаў партыйнага і адміністрацыйнага кіраўніцтва, якія заахвочвалі не звяртаць увагі на радыяцыю і нармальна працаваць на славу „советской родины”. Цынізм камуністычных элітаў пазбаўляў здароўя мільёны беларусаў. Неўзабаве пачалі нараджацца дзеці з ракам крыві, хваробамі дыхальных шляхоў і стрававальнага апарату. У Магілёўскай і Гомельскай абласцях хутка ўзрастала колькасць сконаў людзей у розным узросце. У Магілёўскай вобласці ў 1994 г. памерла на 30 працэнтаў больш людзей чым нарадзілася. Гэта ўжо была дэмаграфічная катастрофа.

Паводле падлікаў з 1992 г., ліквідацыя паслядоўнасцей аварыі на ўкраінскай электрастанцыі можа каштаваць Беларусь 235 мільярдаў долараў. Такіх фінансавых магчымасцей не маюць нават найбагацейшыя краіны Еўропы. Да часу развалу Савецкага Саюза планавалася выдзяляць грошы з цэнтральнага савецкага бюджэту на пацярпелую Беларусь. Пасля 1990 г. рэспубліка асталася сама з гіганцкімі праблемамі. Украіна і Расія, хаця пацярпелі непараўнальна менш, не спяшаліся з дапамогай, а пасля, у выніку развалу іх гаспадарак, не мелі дзеля гэтага ніякіх магчымасцей. Усе шукалі дапамогі на Захадзе. Непадрыхтаваная да самастойнага кіравання краінай беларуская наменклатура не патрапіла звярнуць увагу на размеры трагедыі, якая звалілася на рэспубліку. На Захадзе склалася перакананне, што галоўнай ахвярай аварыі стала Украіна і там перш за ўсё кіравалася дапамога пацярпелым. У 1995 г. да ўлады прыйшоў Лукашэнка, які ізаляваў Беларусь ад свету і стварыў з краіны расійскую правінцыю. Чарнобыльскае пытанне тым часам вырашыцца само разам з зыходам людзей, якіх жыццё закончыцца хутчэй чым запланавала натура. Улада, якая вырасла з савецкай ці расійскай традыцыі ніколі не хвалявалася за жыццё сваіх грамадзян.