Ніва № 15 (2291), 9 красавіка 2000 г.

Вяртанне да нармальнасці

Яўген МІРАНОВІЧ

На пачатку дзевяностых гадоў склалася ўражанне, што новыя ўлады ІІІ Рэчы Паспалітай, уступаючы на шлях еўрапеізацыі краіны, хочуць станоўча вырашыць праблемы нацыянальных меншасцей. Беласточчына, вядома, бліжэй Азіі чым Шлёнск, таму тутэйшыя эліты ўлады заяўлялі, напрыклад, што няма на гэтай зямлі беларусаў, а тыя, якія так сябе называюць — гэта нашчадкі царскіх акупантаў ці нейкая іншая чужая агентура.

Ад некалькіх гадоў цэнтральныя ўлады вяртаюцца як бы да добра вядомай нацыянальнай палітыкі эпохі „рэальнага сацыялізму”. Як і тады кіруюць гэтай палітыкай асобы, якіх не відаць. Кампетэнцыі Дэпартамента па справах нацыянальных меншасцей у Міністэрстве культуры абмежаваны да слухання нараканняў з боку прадстаўнікоў нацыянальнасцей, пражываючых у Польшчы, і фармальнага раздзелу штогод меншых сродкаў на падтрымку іх культуры і выданняў. Ад двух гадоў працягваецца псіхалагічная вайна і выпрабаванне цярплівасці элітаў няпольскіх нацыянальных груп. Датацыі на выданні і культурную дзейнасць дасылаюцца са шматмесячным спазненнем, найчасцей пасля мерапрыемстваў, тэрмін правядзення якіх вызначаецца год раней і звязаны з нейкай традыцыяй. Прымушае гэта арганізатараў, замест канцэнтравацца на мерытарычнай падрыхтоўцы імпрэзы, да пошукаў грошай на найбольш асноўныя патрэбы. Астаецца таксама няўпэўненасць, ці пазычаныя грошы можна будзе вярнуць у дамоўлены час. У рэдакцыях меншасных часопісаў працаўнікі атрымліваюць плату часам з парумесячным спазненнем. Найбольш здольныя і маладыя журналісты, якія маюць сям’ю на ўтрыманні, найчасцей разглядаюцца за працай, дзе можна зарабіць нейкія грошы. Невялікі тыраж меншасных часопісаў не дае ніводнаму з іх ніякіх шанцаў на самафінансаванне. Трэба прытым памятаць, што цяперашняя дзяржава, так як раней камуністычная, забірае ад грамадзян, у выглядзе падаткаў, большасць выпрацаваных імі сродкаў. Таму пра ніякі лібералізм у галіне культуры няма нават сэнсу разважаць.

На Беласточчыне, дзе заўсёды стаўленне да беларусаў было, мякка кажучы, абыякавае, сёння пераўтварылася ў нескрываную дэманстрацыю ігнаравання іх патрэб. Паводле ўлад, іх тут няма. У бюджэце Падляшскага ваяводства на патрэбы беларускай культуры выдзелена дакладна нуль працэнтаў. Кіруючая ваяводствам кааліцыя нацыянал-клерыкальных партый не пакідае сумнення наконт будучыні.

Сімвалам змен апошніх гадоў з’яўляецца таксама праблема з пошукам залы для святкавання 25 Сакавіка ў Беластоку. Раней не было з гэтым ніякіх праблем. Можна было карыстацца памяшканнямі Беластоцкага універсітэта ці нейкага ваяводскага або гарадскога „дома культуры”. У гэтым годзе ўсе памяшканні ў горадзе былі заняты і можна было сустрэцца толькі ў прыватнай кавярні, зразумела, за адпаведнай аплатай уласніку. Але мясцовыя беластоцкія эліты адчуваюць сябе сапраўды еўрапейскімі, дэмакратычнымі, больш цывілізаванымі чым улады лукашэнкаўскай Беларусі, хаця ў размовах з беларусамі карыстаюцца падобнай рыторыкай. У двухмільённым Мінску таксама цяжка было знайсці залу на з’езд „Бацькаўшчыны” ці іншай арганізацыі, прадстаўляючай інтарэсы беларусаў. У той час, калі беларусы маюць жаданне сустрэцца, акурат там таксама ўсе памяшканні бываюць заняты.

У Мінску беларусаў вучаць святкаваць 1 траўня, 3 ліпеня, 7 лістапада. У Беластоку 3 траўня ці 11 лістапада намнога больш беларусаў на набажэнствах і малебнах у царквах, разам з віцэ-ваяводамі, віцэ-прэзідэнтамі, генераламі і палкоўнікамі, адзначае нацыянальныя святы братняга народу чым 25 Сакавіка. Гэтае апошняе свята большасць лічыць днём авантурыстаў, нацыяналістаў, здраднікаў „трехъединой” Русі. І найважнейшае — ніякая ўлада не ладзіць з гэтай нагоды святочных мерапрыемстваў.