Ніва № 15 (2291), 9 красавіка 2000 г.

У Беластоку і Гарадку

Аляксандр МАКСІМЮК

82 гадавіна абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспбулікі святкавалася ў Беластоку Беларускім саюзам і Беларускім аб’яднаннем студэнтаў у Польшчы, якія 25 сакавіка арганізавалі ў зале Галоўнай тэхнічнай арганізацыі ўрачыстую сустрэчу. Склаліся на яе даклад Яўгена Мірановіча, артыстычная частка ў выкананні Яна Морданя і Юры Грынявецкага ды ўводнае слова старшыні БС Яўгена Вапы.

Я. Вапа, між іншым, прыгадаў усім сабраным гісторыю святкаванняў 25 Сакавіка — спачатку (у апошнія гады ПНР) яны праводзіліся ў студэнцкім асяроддзі падпольна, а пазней тое ж асяроддзе Свята незалежнасці Беларусі ўвяло ў афіцыйную традыцыю Беластока і іншых акадэмічных цэнтраў. Я. Мірановіч падкрэсліў ролю грамадскай памяці пра дату 25 Сакавіка — доўгімі гадамі тую памяць падтрымлівала выключна беларуская эміграцыя. У гэтым сэнсе, — сказаў дакладчык, — наша сённяшняя сустрэча гэта цаглінка беларусаў у Польшчы ў пабудову незалежнасці Беларусі.

З цікавай падборкай вершаў выступіў Я. Мордань, які прадэкламаваў творы з розных перыядаў, пісаныя аўтарамі спецыяльна на 25 Сакавіка.

У Гарадку, у якім сёлетнія сакавіцкія святкаванні былі першымі, арганізатарам быў Дом культуры (персанальна за мерапрыемства адказваў Ян Карповіч). З дакладам на тэму гістарычных акалічнасцяў узнікнення БНР выступіў Вячаслаў Харужы. У мастацкай частцы паказаліся мясцовыя творцы слова (Надзея Дудзік, Ян Федзюкевіч) і навучэнцы беларускай мовы Пачатковай школы ў Гарадку — усе яны дэкламавалі патрыятычныя вершы.

У гэтым годзе, як ніколі раней, адчувалася як вельмі патрэбная гэтая дата нам, беларускай супольнасці ў Польшчы. Я перакананы, што тое ж адчулі ўсе ўдзельнікі ўсіх мерапрыемстваў, якія адбыліся ў нашай краіне, бо з году ў год святкаванне 25 Сакавіка становіцца ўсё больш дастойным і ўрачыстым — расце грамадская перакананасць, што гэтая дата яднае ўсіх нас, незалежна ад месцапражывання.

Пасля абеду сталі надыходзіць весткі з Мінска. У паведамленні „Хартыі-97” я прачытаў: „Улады, перапалохаўшыся народу, вывелі на вуліцы спецпадраздзяленні і бронетранспарцёры...”