Ніва № 15 (2291), 9 красавіка 2000 г.

Першыя святкаванні

Аляксей МАРОЗ

25 сакавіка 2000 года адбыліся ў Гайнаўцы першыя няшкольныя святкаванні Дня незалежнасці Беларусі. Гайнаўскі аддзел Беларускага саюза ў Рэчы Паспалітай, які распачаў сваю дзейнасць у канцы мінулага года, святкаваннямі 82-х угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі інаўгураваў дзейнасць Гайнаўскага дыскусійнага форуму, спансараванага Цэнтрам грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь.

На мерапрыемства, якое адбылося ў выставачнай зале рэстарана „Белая ружа”, што знаходзіцца ў Беларускім музеі прыбылі, між іншым, бурмістр Гайнаўкі Анатоль Ахрыцюк, старшыня Рады горада Яўген Сачко, радныя клуба Б-НВК са сваім старшынёю Міхалам Байко, старшыня Аддзела БГКТ Міхал Голуб і намеснік старшыні аддзела Праваслаўнага брацтва Нэля Шчука. Святкаванні адкрыў старшыня аддзела Беларускага саюза ў Рэчы Паспалітай Міхал Андрасюк.

З дакладам „I Усебеларускі з’езд і Акт 25 Сакавіка” выступіў намеснік старшыні аддзела Беларускага саюза Яўген Янчук. Расказваў ён пра палітычныя падзеі, якія адбыліся на беларускіх землях у час I сусветнай вайны і бальшавіцкай рэвалюцыі. Гаварыў пра дзейнасць беларускіх арганізацый і рост нацыянальнай свядомасці беларусаў, якая спрычынілася іх арганізаванай палітычнай дзейнасці. Дакладна ахарактарызаваў умовы, у якіх нарадзілася 25 сакавіка 1918 года Беларуская Народная Рэспубліка. Звернута была таксама ўвага на 1991 год, калі Беларусь другі раз атрымала шанц крочыць шляхам самастойнасці і выказаны былі спадзяванні, што калі зменяцца палітычныя ўмовы ў Беларусі, яна зноў будзе ісці шляхам сапраўднай незалежнасці.

Перад гайнавянамі выступілі яшчэ белліцэісты, якія прыбылі са сваімі настаўнікамі беларускай мовы і музыкі. Вучні адклікаліся да гістарычных падзей 1918 года, чыталі фрагменты Акту 25 Сакавіка, дэкламавалі патрыятычныя вершы, а ліцэісты з калектыву „Знічка” ўпрыгожвалі выступленні песнямі. Мерапрыемства закончылася пачастункам і дыскусіяй за кавай і гарбатай.

Старшыня Гайнаўскага аддзела Беларускага саюза Міхал Андрасюк заявіў, што галоўнай мэтай Гайнаўскага дыскусійнага форуму будзе інтэграцыя беларускага і польскага асяроддзяў з мэтай вырашэння важных для горада і Гайнаўшчыны спраў.