Ніва № 14 (2290), 2 красавіка 2000 г.

Палічаць нас

Віталь ЛУБА

Колькі нас, карэнных беларусаў, жыве ў Польшчы? Адназначнага адказу на гэтае пытанне няма. На старонках „Нівы” і іншых выданняў ставілася яно не раз і розныя былі адказы. Найбольшыя аптымісты заяўлялі, што нас паўмільёна, найчасцей, аднак, гаварылася пра 300 тысяч. Міністэрства ўнутраных спраў ацэньвае колькасць беларусаў на 180 тысяч. У святле апошніх сацыялагічных апытанняў некаторыя даследчыкі схіляюцца да лічбы 40 тысяч нацыянальна свядомых беларусаў на Беласточчыне, паколькі кожны чацвёрты праваслаўны (з агульнага ліку 160 тысяч) палічыў сябе членам гэтай нацыянальнай супольнасці.

Разнабой у названні лічбы беларусаў бярэцца з таго, што ў пасляваеннай Польшчы падчас усеагульных перапісаў насельніцтва ніхто не пытаў пра нацыянальнасць. Аднак перапіс, які адбудзецца ў наступным годзе запоўніць гэты прабел. Першы сёлетні Збор законаў (Dziennik Ustaw RP) апублікаваў закон аб нацыянальным усеагульным перапісе насельніцтва і кватэр, які будзе праводзіцца ад 22 мая да 9 чэрвеня 2001 года. У названым выданні публікуецца таксама фармуляр апытальніка, з якім ва ўсе кватэры заглянуць перапісныя рахункаводы. Будуць яны патрабаваць дакладных, вычарпальных і згодных з праўдай адказаў на шматлікія пытанні. Запытаюцца таксама пра нацыянальнасць (пункт 33: „да якой нацыянальнасці залічваеце сябе? [не блытаць з дзяржаўнай прыналежнасцю, інакш грамадзянствам]”) і мову (пункт 34: „на якой мове найчасцей размаўляеце дома?”).

Здавалася б, трэба толькі радавацца, што ўрэшце палічаць нас, што будзем ведаць колькасць беларусаў і іншых нацыянальных меншасцей у краіне. Аднак, мяркуючы па стане нацыянальнай свядомасці нашага народу, можа атрымацца ажыятаж і тады акажацца, што нас амаль зусім няма. Нашы людзі, навучаныя прыкрым вопытам, часта хаваюцца са сваёй іншасцю, не хочуць самавызначацца паводле нацыянальнага крытэрыю, называючы сябе тутэйшымі, праваслаўнымі, рускімі ці славянамі. У перапісным фармуляры выразна пытаюць пра нацыянальнасць і тады трэба будзе назваць сябе палякам, беларусам ці іншым этнонімам.

Перапіс праводзіцца Галоўнай статыстычнай установай, а ўсе сабраныя даныя падлягаюць строгай ахове. Таксама асобы, якія рыхтуюць і праводзяць перапіс, абавязаны да безумоўнага стрымання статыстычнай тайны. Як тады пераканаць людзей, каб шчыра і без боязі прызнаваліся да сваёй нацыянальнасці?