Ніва № 12 (2288), 19 сакавіка 2000 г.

Супраць пашырэння парку

Аляксей МАРОЗ

Супраць прапанаванага пашырэння парку на ўсю Белавежскую пушчу выступілі самаўрады Гайнаўшчыны і Сеймік Падляшскага ваяводства, а жыхары прыпушчанскіх мясцовасцей масава ставяць подпісы ў падтрымку пратэсту.

У канцы лютага 2000 года міністр асяроддзя Антоні Такарчук падпісаў праект распараджэння аб пашырэнні Белавежскага парку на ўсю Белавежскую пушчу ад студзеня 2001 года і пераслаў яго для кансультацыі ў іншыя міністэрствы. Пастанова выклікала вялікае незадавальненне мясцовых жыхароў і самаўрадаў. Саюз гмін Белавежскай пушчы, у які ўваходзяць усе гміны Гайнаўскага павета і павятовыя ўлады, выслалі ўраду пратэст з патрабаваннем стрымаць працу па ажыццяўленні згаданага праекта. Паводле самаўрадаў, пастанова была прынята з парушэннем прынцыпаў грамадскіх кансультацый, запісаных у Еўрапейскай карце тэрытарыяльнага самаўрада. Радныя Сейміка Падляшскага ваяводства таксама амаль аднагалосна прынялі пастанову з заклікам стрымаць пашыранне парку. Прапануюць яны распрацаваць урадавую праграму дапамогі для Гайнаўскага павета, што дазволіла б бесканфліктна пашырыць парк у будучыні. На спецыяльных пасяджэннях пачалі сустракацца радныя паасобных гмін Гайнаўскага павета і прымаць пастановы супраць пашырэння. Завязаўся таксама пратэстацыйны камітэт з жыхароў Гайнаўшчыны, які стаў збіраць подпісы супраць пашырання парку. Петыцыю хочуць яны ўручыць прэм’еру Ежы Бузку.

Якая будучыня?

Жыхары прыпушчанскіх мясцовасцей баяцца будучыні і коштаў пашырэння парку, якія зваляцца на іх плечы. Некаторыя прагнозы прадбачваюць, што ў выпадку пераўтварэння гаспадарчага лесу ў парк працу можа страціць нават да 1 500 асоб, ліквідаваных можа быць каля 100 невялікіх дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў і абмяжуецца вытворчасць вялікіх, што стала б прычынай вялікага гаспадарчага заняпаду Гайнаўшчыны. Ніхто не гарантуе, што людзі, якія страцяць працу знойдуць занятак у парку ці турыстычных суполках, якія ўзнікнуць. Старшыня Рады горада Гайнаўкі Яўген Сачко адзначае, што ўжо мясцовыя выпускнікі факультэтаў біялогіі не могуць знайсці працу ў парку, хаця прымаюцца асобы з іншых рэгіёнаў Польшчы. Прадстаўнікі Саюза гмін Белавежскай пушчы інфармуюць, што бедныя самаўрады і такія ж жыхары не змогуць без вонкавага капіталу развіваць турыстычную і агратурыстычную дзейнасць. У цяперашніх умовах можна разлічваць толькі на турызм вузкага кола людзей, зацікаўленых лесам, яго расліннасцю і жывёлай. Самаўрадаўцы нагадваюць, што самы масавы турызм быў у сямідзесятыя і васьмідзесятыя гады, калі ў Белавежу прыязджала пад 200 тысяч турыстаў у год. Цяпер прыязджае каля 100 тысяч асоб. Падкрэсліваюць яны, што няма асаблівага зацікаўлення аховай Белавежскай пушчы з боку арганізацый і прыватных асоб, аб чым сведчыць амаль пусты рахунак „Белавежа-Форэст”, на які можна ўплачваць грошы дзеля аховы расліннасці і звярыны ў пушчы.

Стараста Гайнаўскага павета Уладзімір Пятрочук заявіў, што грамадскі непакой будучыняй выклікае спалучэнне праекта пашырэння парку з праектам пастановы аб ахове прыроды, што прадвяшчае закрыццё парку для людзей за выключэннем навуковых даследаванняў.

Як пратэставаць?

У час спецыяльнага пасяджэння Рады Гайнаўскай гміны, якое адбылося 3 сакавіка г.г., прыняты быў заклік да ўрада наконт стрымання прац, звязаных з хуткім павелічэннем парку. Радны Ян Скепка са Звадзецкага гаварыў, што сродкамі ад „Кантракта для Белавежскай пушчы” звычайны жыхар мала пакарыстаўся, бо выдаткоўваліся яны не на стварэнне новых месц працы і не на пераўтварэнне прамысловай вытворчасці, а толькі на інвестыцыі ў галіне экалогіі і аховы пушчы. Радны Аляксей Сельвясюк з Махнатага заявіў, што нельга рабіць ляснога аблогу, а трэба прадаваць вольху, бярозу і асіну, якія рассеяліся на лесасеках.

Войт Вольга Рыгаровіч працытавала словы аднаго навукоўца, які прапанаваў вывезці прыпушчанскіх людзей і пасяліць іх у іншых рэгіёнах Польшчы. Радныя прапанавалі адзначыць у лісце да прэм’ера аб сваёй беларускай нацыянальнасці. У час дыскусіі разглядаліся розныя формы пратэсту, якія можна было б прымяніць дзеля спынення працэсу пашырэння парку, пачынаючы ад збору подпісаў, ажно да маніфестацый у Гайнаўцы і ў Варшаве перад будынкам урада.

Якія планы на бліжэйшы час?

Апошнім часам міністр Антоні Такарчук сказаў, што паколькі самаўрады прынялі грошы ад „Кантракта для Белавежскай пушчы”, гэтым самым далі згоду на пашырэнне парку. Бурмістр Гайнаўкі Анатоль Ахрыцюк, стараста Гайнаўскага павета Уладзімір Пятрочук і войт Гайнаўскай гміны Вольга Рыгаровіч заявілі, што падпісваючы „Кантракт”, не ставілі подпісаў, якія дазвалялі б пашыраць парк. Паінфармавалі яны, што сродкі з дзяржаўнага бюджэту выдаткоўваліся, у галоўным, на экалагічныя інвестыцыі дзеля аховы пушчы, на якія трэба было таксама столькі ж грошай выдаткаваць з самаўрадавых бюджэтаў.

Прадстаўнікі самаўрадаў прапануюць ураду апрацаваць праграму дапамогі для Гайнаўскага павета, якая дастасоўвала б прамысловасць да патрэб аховы пушчы і стварыла новыя месцы працы для звольненых працаўнікоў. Лічаць яны, што пушчу дастаткова можна ахоўваць і ў сённяшняй форме, звяртаючы ўвагу на экалагічныя інвестыцыі, якія садзейнічалі б змяншэнню забруджання паветра, вады і зямлі. У палове сакавіка г.г. прадбачваецца прыезд на размовы ў Гайнаўку міністра Антонія Такарчука.