Ніва № 11 (2287), 12 сакавіка 2000 г.

Новы часопіс на Гайнаўшчыне

Аляксей МАРОЗ

У палове лютага г.г. у рукі гайнавян трапіла новая газета „Гайнаўская панарама”. Штомесячнік выдае Гайнаўскі аддзел Беларускага саюза ў РП, пры фінансавай падтрымцы Цэнтра грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь. Выходзіць ён на польскай і беларускай мовах і закранае грамадска-культурныя пытанні Гайнаўшчыны.

У Гайнаўцы выдаюць свае бюлетэні клубы радных, на Гайнаўшчыне выходзяць газеты, фінансаваныя самаўрадавымі бюджэтамі, але ўсе яны друкуюцца толькі на польскай мове. „Гайнаўская панарама” стала першым часопісам на Гайнаўшчыне, у якім можна будзе змяшчаць артыкулы на беларускай мове.

— Задума выдаваць газету на польскай і беларускай мовах паявілася раней, але не было сродкаў для яе рэалізацыі. Дзякуючы малым грантам Цэнтра грамадзянскай адукацыі змаглі мы ўзяцца за працу, — кажа галоўны рэдактар штомесячніка „Гайнаўская панарама” Міхал Андрасюк. — Часта мы дзелім справы на польскія і беларускія, але гайнаўскія клопаты — беспрацоўе, гаспадарчы заняпад ці мясцовая культура неразлучныя, яны і польскія, і беларускія. Паколькі для большасці мова — гэта толькі інструмент паразумення, адкідаючы ўсялякія палітычныя прадузятасці, будзем змяшчаць артыкулы на дзвюх мовах, а пісаць будуць і беларусы, і палякі.

Выдавец паінфармаваў, што газета не будзе сачыць за актуальнымі падзеямі і мясцовай палітыкай, але перад усім асвятляць балючыя грамадскія справы, гістарычныя падзеі Гайнаўшчыны, яе культурнае жыццё. Будуць прадстаўляцца цікавыя людзі, якія пакінулі свой след на Гайнаўскай зямлі. Гісторыя Гайнаўшчыны будзе паказвацца з боку беларускіх і польскіх аўтараў і будзе адведзена месца для польскай і беларускай прозы і паэзіі.

У прадвесным чорна-белым нумары „Гайнаўскай панарамы” велічынёй у восем старонак змешчаны два артыкулы Міхася Андрасюка, фельетон „Жыць у Гайнаўцы”, у якім ён расказвае пра мінулае і сённяшні дзень на жыллёвым рынку ў Гайнаўцы і рэпартаж „А Варкута засталася без пчол”, які прысвечаны вядомаму гайнаўскаму пчаляру Сцяпану Паленіку. Пётр Байко з Белавежы піша пра паляванні цара Мікалая II у Белавежскай пушчы. Аб мінулым піша былы настаўнік Вітальд Татарчык, а ў выдзеленай частцы „Гайнаўская паліца з літаратурай” надрукаваны вершы і проза Эдварда Ліпінскага, Міры Лукшы і Юстыны Грыцюк. Для тых, якія добра ведаюць гарадскія рэаліі прапануецца крыжаванка. Здымкі напамінаюць вядомыя месцы і постаці, заахвочваючы прачытаць матэрыялы.

— Не выдзяляем месца для артыкулаў па-беларуску, а іх лік будзе залежаць ад колькасці матэрыялаў, якія аўтары напішуць на беларускай мове, — заяўляе Міхал Андрасюк. — Калі артыкулы па-беларуску будуць цікавыя, будуць знаёміцца з беларускай мовай і польскамоўныя чытачы. У выпадку вялікай колькасці матэрыялу можам павялічыць аб’ём газеты з васьмі да дванаццаці старонак.

Бясплатную газету можна будзе атрымаць перад усім у культурных установах Гайнаўкі.