Ніва № 11 (2287), 12 сакавіка 2000 г.

Рэвалюцыйны Вярхоўны Савет

Яўген МІРАНОВІЧ

У гісторыі Беларусі толькі раз адбыліся паўдэмакратычныя парламенцкія выбары. Пачаліся яны 4 сакавіка 1990 года і працягваліся некалькі месяцаў. У іх выніку ў Вярхоўным Савеце ўпершыню апынуліся дэпутаты, якія думалі інакш чым камуністычная ўлада.

Апазіцыя пайшла на выбары сарганізаваўшы Дэмакратычны блок, аснову якога складалі дзеячы Беларускага народнага фронту. Тады былі гэта яшчэ людзі, якія хацелі нешта зрабіць для Беларусі, для яе незалежнасці. Не мелі яны палітычнага дасведчання, ні ведаў, ні грошай, а толькі высакародную ідэю. Але гэта быў дастатковы капітал, каб зрабіць сапраўдную рэвалюцыю.

Дэмакратычны блок атрымаў у 1990 годзе 67 месцаў у парламенце Савецкай Беларусі з 360 дэпутатаў. У спрыяльных умовах і дзякуючы заангажаванасці апазіцыйных палітыкаў пару месяцаў пазней гэты ж Вярхоўны Савет, здамінаваны камуністамі, абвясціў „Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР”. На тэрыторыі Беларусі ўстаноўлена было вяршынства канстытуцыі і законаў БССР. Ад імя беларускага народа не магла выступаць Камуністычная партыя Беларусі, а толькі Вярхоўны Савет. „Любыя дзеянні супраць нацыянальнай дзяржаўнасці Беларускай ССР з боку палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў ці асоб праследуюцца па законах”, — пісалася ў „Дэкларацыі”. Дакумент гэты ставіў перад урадам загад стварыць нацыянальную армію, рэспубліканскую міліцыю і службы бяспекі.

Гэты ж самы Вярхоўны Савет прыняў таксама „Закон аб мовах”, які беларускай мове надаваў статус адзінай дзяржаўнай мовы. Да 2000 года ўсе ведамствы — паводле гэтага „Закону” — мелі працаваць на беларускай мове.

24 жніўня 1991 г. дэпутаты прынялі пастанову аб выхадзе Беларусі са складу Савецкага Саюза. Месяц пасля парламент памяняў назву дзяржавы на Рэспубліку Беларусь, вярнуў старажытную нацыянальную сімволіку — герб Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг. Беларусь атрымала ўсе прыкметы поўнасцю незалежнай краіны.

Другіх, нават паўдэмакратычных выбараў у Беларусі ўжо не адбылося. Ва ўмовах лукашызму вернуты былі метады фарміравання парламента, склад якога дае гарантыю выконваць усе загады прэзідэнта і яго акружэння. Раней заканадаўчая палата стваралася шляхам вылучэння кандыдатаў камітэтамі камуністычнай партыі. Нават той марыянетачны Вярхоўны Савет, які выбіраўся восенню 1995 г. і які імкнуўся захаваць ілюзію самастойнасці, у выніку рэферэндуму быў падпарадкаваны Лукашэнку. Тых дэпутатаў, якія не атрымалі даверу дыктатара, сапхнулі на абочыну палітычнага жыцця.

На фоне таго, што дзеялася да 1990 г. і пасля 1994 г., варта звярнуць увагу на дасягненні Вярхоўнага Савета Беларусі, у якім існавала апазіцыя і дэмакратычныя прынцыпы палітычнай барацьбы. Нават беларускія камуністы ва ўмовах дэмакратыі маглі паводзіць сябе згодна з нацыянальным інтарэсам.