Ніва № 11 (2287), 12 сакавіка 2000 г.

Развітанне з консулам

Мікола ВАЎРАНЮК

Мікалай Крэчка прыехаў да нас у кастрычніку 1997 года як прадстаўнік рэжыму ў Мінску, які забараніў беларускія нацыянальныя сімвалы, спыніў адраджэнне беларускай мовы і адкрыта заявіў, што яго мэта — ліквідацыя незалежнасці Беларусі. На дадатак Мікалай Крэчка ў дыпламатыю прыйшоў з Міністэрства ўнутраных спраў — апоры гэтай антыбеларускай улады, якая маіх сяброў у Беларусі збівала на вуліцах і зачыняла ў турмах.

На першае інтэрв’ю з ім, зразумела, ішоў я з пытаннямі кшталту „як вы можаце служыць такой уладзе?” Сказаць, што Мікалай Крэчка тады ачараваў мяне, было б перавелічэннем. Але павагу выклікаў. Гаварыў канкрэтна, не пазбягаў самых, як мне здавалася, цяжкіх пытанняў і з усяго ўмеў выкруціцца, не выклікаючы прытым уражання ўюна-круцяля.

Консулам стаў ён у не надта спрыяльны час. Урад Польшчы сфармавала „Салідарнасць”, старшыню якой, Марыяна Кшаклеўскага, крыху раней папрасілі, не так і ветліва, пакінуць Беларусь. Нават прэзідэнт Аляксандр Кваснеўскі, забываючыся на сустрэчу са сваім беларускім цёзкам у Белавежскай пушчы, стаў яго там і сям крытыкаваць. „Я разумею, што гэтыя людзі будуць паводзіць сябе цывілізавана, — Мікалай Крэчка быў цалкам спакойны ў час нашае размовы, — таму не спадзяюся ніякага рэваншу за тое, што адбылося”.

Рэваншу сапраўды не адбылося. Але не было і вялікай сімпатыі. Улады Беластока і Беластоцкага, а потым Падляшскага ваяводства пальцам не зварухнулі, каб дапамагчы ў пошуках больш адпаведнага за цесную кватэру па вуліцы Варынскага памяшкання для адзінага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў горадзе. І дэманстратыўна не хадзілі на агранізаваныя консульствам святкаванні.

Не жадалі ў іх удзельнічаць таксама дзеячы большасці беларускіх арганізацый у Польшчы. Апрача, вядома, Беларускага грамадска-культурнага таварыства, лідэраў якога да нечага ж забавязвае сяброўства з самім Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам.

А вось консул не адмаўляўся ад удзелу ў самых розных беларускіх мерапрыемствах. Не толькі ў фэстах, канцэртах і юбілеях фальклорных калектываў. Калі ў Мінску лаялі Цэнтр грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь, ён спакойна заявіў, што нічога дрэннага ў ім не бачыць і пайшоў на інаўгурацыю дзейнасці гэтага асяродка. Валасок яму за гэта з галавы не зляцеў.

Або, калі нашы аўтарытэтныя дзеячы баранілі Рэспубліку Беларусь ад неіснуючага яшчэ прапагандысцкага Радыё Рацыя, Мікалай Крэчка са спакоем чакаў яго ў эфіры. А калі паявілася, пахваліў і не адмаўляўся ад супрацоўніцтва.

Умеў гаварыць са сродкамі масавай інфармацыі. Казаў столькі слоў, колькі трэба, ні замала, ні замнога. На пытанні адказваў хутка, часта імправізавана. Напрыклад, пасля дэманстрацыі беластоцкай моладзі ў абарону праследаваных аднагодкаў у Беларусі сказаў журналісту: „Свабодная краіна, маюць права дэманстраваць. Нядаўна на дарогі выйшлі сяляне, можа і моладзь прыйсці пад консульства”.

Перад ад’ездам усіх хваліў, усім дзякаваў за супрацоўніцтва. Асабліва цёплыя словы кіраваў у бок мясцовых мас-медыяў. Ці гэта абазначае, што Мікалай Крэчка вернецца ў Польшчу з новай місіяй? Паўнамоцнага і надзвычайнага пасла Рэспублікі Беларусь у Варшаву?

— No comments, — адказваў усім нязменна.

Мне падчас Фестывалю беларускай песні, пасля паўзы на ўсмешку, дадаў:

— Рашэнне не залежыць ад мяне. Я хацеў бы, бо мне падабаецца гэтая краіна і яе жыхары.

А ўжо асабліва многа цёплых слоў спадар Крэчка выказаў у адрас беларусаў Беласточчыны, нашых мастацкіх калектываў і культурных мерапрыемстваў:

— У свеце напэўна няма другіх такіх „крэсаў” з такой багатай культурай. Я зайздрошчу Польшчы гэтага багацця.

* * *

Інтэлігентны, культурны консул не памяняў маіх адносін да ўлады, якую ён рэпрэзентаваў. Але, з другога боку, прыемна было, што ад імя Рэспублікі Беларусь працаваў у нас дыпламат на ўзроўні, а не нейкі калгаснік. Можа так здарыцца, што калі гэты нумар „Нівы” з’явіцца ў продажы, Мікалай Крэчка будзе ўжо паслом у Варшаве. Паколькі нічога гэта не зменіць у самой Беларусі, не ведаю як да назначэння павінны ставіцца нацыяналісты. Добра гэта ці дрэнна, што той самы рэжым набудзе ў Варшаве больш еўрапейскі твар. Адно пэўна, з Мікалаем Крэчкам заўсёды прыемна сустрэцца.