Ніва № 10 (2286), 5 сакавіка 2000 г.

Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагоддзі

Яўген МІРАНОВІЧ

Два гады таму ў Мінску выйшаў друкам збор прац, прысвечаных палітычным рэпрэсіям на Беларусі ў ХХ стагоддзі*. У ліку аўтараў апынулася большасць вядомых даследчыкаў навейшай гісторыі Беларусі. Кніжку выдалі супольна Беларускі Хельсінскі камітэт і Беларуская Асацыяцыя ахвяр палітычных рэпрэсій. Варта яна ўвагі таму, што яе змест пазбягае прапагандысцкіх элементаў, характэрных дзяржаўным і некаторым апазіцыйным выданням. Большасць артыкулаў паказвае грамадзянам Беларусі малавядомыя факты з іх нядаўняй мінуўшчыны. Аўтары адкрываюць хутчэй за ўсё механізмы дзейнасці таталітарнай камуністычнай сістэмы ў Беларусі, не ацэньваюць паслядоўнасцей своеасаблівай бальшавіцкай акупацыі, рэалізаванай унутранымі сіламі рэспублікі. Гэта даволі рэдкая з’ява ў гісторыі, калі акупацыйны рэжым навязваецца праз пасрэдніцтва карэнных жыхароў, якіх раней даводзіцца да такога стану, што знішчаюць яны свае эліты, культуру, амаль усю нацыянальную спадчыну як нешта чужое ці варожае. Кніжка значна аблягчае зразуменне сучаснага стану Беларусі.

Вельмі цяжка адназначна акрэсліць юрыдычнае і палітычнае становішча Савецкай Беларусі на пачатку дваццатых гадоў. Хаця рэспубліка ўзнікла па волі кіраўніцтва бальшавіцкай партыі, аднак яе ўлады атрымалі магчымасць ажыццяўляць найбольш смелыя мары беларускіх патрыётаў. У канцы дваццатых гадоў, як гэта паказваюць у сваіх артыкулах Віктар Астрога і Ніна Васілеўская, маскоўскія бальшавікі пачалі знішчаць беларускую нацыянальную эліту, у тым ліку і мясцовых камуністаў, якія некалькі гадоў кіравалі рэспублікай і ўзорна ажыццяўлялі ўсе лозунгі марксісцка-камуністычнага руху. У 1929 г. адбыўся ХІІ З’езд Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, які прывёў да ўлады першую хвалю маладых кар’ерыстаў, гатовых выканаць кожны загад маскоўскіх таварышаў. У пастанове гэтага з’езда гаварылася ўжо, што частка беларускай інтэлігенцыі стала „на бок класавага ворага і вядзе барацьбу адкрытую і схаваную супраць рабочага класа”. Неўзабаве аказалася, што не частка, але амаль уся інтэлігенцыя гэта прыхільнікі буржуазіі, польскія шпіёны ці проста ворагі народа. Адзінымі сябрамі беларускага народа сталі тады партыя і НКВД, якія вызвалялі люд ад ворагаў.

Цэнтр беларускага нацыяналізму выкрылі тады ў Акадэміі навук Беларусі. Спачатку беларускую эліту пасылалі толькі ў турмы і канцлагеры, у 1937-1938 гадах — расстрэльвалі. Загінулі ўсе, што мелі якое-небудзь дачыненне да беларускай навукі і культуры. Загінула тады звыш 85 працэнтаў даследчыкаў навейшай гісторыі. Ставілася ім у закід, што за навуковай дзейнасцю скрывалі шпіёнскую. Паводле заяў ЦК КП(б)Б, усе інстытуты Акадэміі навук сталі цэнтрамі „шпіёнска-разведвальнай працы ворагаў народа”. Па прапанове першага сакратра ЦК КП(б)Б Канстанціна Гея, на месца арыштаваных беларускіх вучоных у Беларусь прыслалі з Масквы расійскіх спецыялістаў. Так пачалася новая хваля русіфікацыі адукацыйнай сістэмы і выхавання беларускай моладзі ў адарванасці ад нацыянальнай традыцыі.

Вялікую вартасць для далейшага даследавання навейшай гісторыі Беларусі мае артыкул Ігара Кузняцова „Технология террора”. Аўтар прадстаўляе гісторыю фарміравання юрыдычнай сістэмы СССР і БССР, якая ў канцы трыццатых гадоў дазволіла партыі і палітычнай паліцыі — НКВД — на масавыя забойствы найчасцей зусім невінаватых савецкіх грамадзян. Апрычнікі Сталіна знаходзілі мільёны шпіёнаў, якія без суда і часта без фармальнага абвінавачання пасылаліся ў магілу. Гісторыя раней не ведала такой разні сваіх падданых органамі ўлады.

Аляксей Літвін у сваім артыкуле звярнуў увагу на рэпрэсіі супраць жыхароў Беларусі, якія падчас вайны знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй. Па гэтай прычыне ўсе яны былі падазронымі, але сваімі ворагамі саветы лічылі асабліва тых, якія былі членамі беларускіх нацыянальных арганізацый, супрацоўнікамі беларускамоўнай прэсы, настаўнікамі ці ў нейкі іншы спосаб былі звязаны з нямецкай уладай, хаця б выконваючы абавязкі солтысаў. Ворагамі Савецкага Саюза былі таксама члены іх сем’яў. Паслядоўнасці такога разумення былі акрэслены савецкім заканадаўствам. Калі толькі праз рады Саюза беларускай моладзі прайшло звыш 100 тысяч маладых людзей, лічба ворагаў савецкай улады была даволі вялікая.

Найбольшае ўражанне ва ўспомненым зборніку матэрыялаў робіць расказ-успамін Рымарова, азагалоўлены „Как уничтожали мою деревню”. Ідзе пра вёску Сілівонаўку, што была ў Мінскай вобласці. Калектывізацыя і масавыя рэпрэсіі ў канцы трыццатых гадоў зруйнавалі жыццё амаль усім вяскоўцам. Пяцьдзесят жыхароў, якіх прозвішчы прыводзіць аўтар, сталі ахвярамі партыі і НКВД.

* Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагоддзі, рэд. Н. Стужынская, Мінск 1998, сс. 280.