Ніва № 8 (2284), 20 лютага 2000 г.

Pашэнне часткова карыснае

Ганна КАНДРАЦЮК

Справа пабудовы помніка, памардаваным у 1946 г. аддзелам PAS NZW пад камандай Рамуальда Райса, псеўданім „Буры”, вазакам на Бельскім ваенным могільніку быццам кранулася з месца. 14 студзеня г.г. Галоўны адміністрацыйны суд адмоўнае рашэнне міністра ўнутраных спраў прызнаў несапраўдным, ды загадаў нанава разглянуць праект пабудовы помніка.

— Рашэнне суда для нас часткова карыснае, — кажа Юзаф Антанюк з Грамадскага камітэта пабудовы. — Карыснае, бо закон ад 1933 года пра ваенныя магілы і могільнікі не патрабуе дэталёва паясняць абставіны, звязаныя з ушанаваннем месца паховін.

— Суд, згодна з думкай Грамадскага камітэта, даказаў, што рашэнні наконт помніка набылі надта негатыўны накірунак, — дадае Антанюк.

Зараз, пасля двухгадовага закалоту вакол помніка, справа вяртаецца зноў у пачатковую стадыю.

Прыгадайма, загад спыніць пабудову помніка ставіць у 1998 г. беластоцкі ваявода Крыстына Лукашук. Спасылаецца яна на пазіцыю сакратара Рады аховы памяці і пакуты, Анджэя Пжэвозніка, які сцвярджае, што выгляд помніка і надпісы на ім не адлюстроўваюць канкрэтнага здарэння. Замест кургана прапануецца надмагільная пліта (ляжачая), і адрачэнне ад надпісу „памардаваныя ўзброеным падполлем”. Загад прыходзіць на два тыдні да завяршэння будовы помніка.

Грамадскі камітэт з гэтым не згаджаецца. Пасля некарыснага для сябе рашэння ваяводы адклікаецца да міністра ўнутраных спраў. Рашэнне беластоцкага ваяводы называе палітычным. Аднак і міністр унутраных спраў не дае дазволу на пабудову помніка.

— Камітэт, нягледзячы на нанесены маральны і матэрыяльны ўрон, будзе і надалей змагацца за ўшанаванне памяці родных. Ёсць надзея, што ўлады ў канцы канцоў апамятаюцца, — кажа Ю. Антанюк.

Канчатковае рашэнне ў гэтай справе мае выдаць стараста Бельскага павета, які ў мінулым актыўна супрацьдзейнічаў ініцыятыве камітэта.