Ніва № 8 (2284), 20 лютага 2000 г.

Кім быў Усевалад Ігнатоўскі

Яўген МІРАНОВІЧ

У лютым 1931 г. самагубствам пакончыў жыццё Усевалад Ігнатоўскі. Хаця ў беларускай гістарычнай літаратуры дачакаўся ён прызнання як палітычны дзеяч і вялікі вучоны, няма аднак акрэсленай яго ролі ў беларускім нацыянальным жыцці пачатку ХХ стагоддзя. У Беларусі не было менавіта спрыяльных умоў дзеля гэтага. У гістарычных навуках пакутуе ўсё яшчэ савецкі, не беларускі, пункт гледжання на нядаўнюю мінуўшчыну. Таму багаты фактаграфічны матэрыял, які публікаваўся пра Ігнатоўскага, пазбаўлены сучаснай інтэрпрэтацыі з улікам паслядоўнасцей яго палітычнай і навуковай дзейнасці.

Усевалад Ігнатоўскі нарадзіўся ў 1881 г. у Такарах Гродзенскай губерні. Сёння частка гэтай вёскі знаходзіцца ля мяжы, якая раздзяляе Польшчу і Беларусь. Усевалад быў сынам вясковага настаўніка Макара Ігнатоўскага. Яго бацька пакінуў, аднак, сваю працу і ад 1899 г. стаў святаром. Да царкоўнай службы рыхтаваўся таксама Усевалад, які вучыўся ў Віленскай і Магілёўскай духоўных семінарыях. Яго біяграфія пачыналася вельмі класічна. Беларускі інтэлігент ставаў тады найчасцей настаўнікам у вясковай школе, святаром або гмінным чыноўнікам.

У 1902 г. малады Ігнатоўскі вырашыў працягваць навуку ў Пецярбургскім гістарычна-філалагічным інстытуце. Сталіца Расійскай Імперыі, а асабліва яе вышэйшыя навучальныя ўстановы былі тады цэнтрам сацыялістычнага сектанцтва. Эліта расійскай моладзі траціла там пачуццё парадку, на якім было пабудавана грамадства і палітычная сістэма Імперыі. Новае асяроддзе вучыла таксама дэструктыўнага светапогляду. Ігнатоўскі, калі б стаў святаром, пэўна служыў бы цару і вялікай Расіі. У Пецярбургу навучылі яго пагарджаць адным і другім. У 1904 г. стаў ён членам Расійскай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, якая была самай радыкальнай арганізацыяй, адкідаючай існуючы парадак. За ўдзел у студэнцкім страйку ў 1905 г. быў ён скрэслены са спіска слухачоў інстытута. Да вывучэння гісторыі Усевалад Ігнатоўскі вяртаўся яшчэ некалькі разоў. Закончыў Юр’еўскі універсітэт, дзе апрача гісторыі набыў права выкладаць рускую мову і гісторыю літаратуры.

У 1912 г. пачаў працаваць настаўнікам гімназіі ў Вільні. Гэты горад быў тады цэнтрам беларускага адраджэнскага руху. У Пецярбургу Ігнатоўскі стаў сацыялістам, у Вільні — беларускім дзеячам. Пачаў вывучаць гісторыю свае роднае Гродзеншчыны, а вынікі прац друкаваў у мінскім часопісе „Рунь”. З 1914 г. пачаў працаваць выкладчыкам гісторыі Мінскага інстытута. Педагагічная і даследчыцкая праца сталі яго стыхіяй.

Вайна разбурыла гэты ўжо даволі ўпарадкаваны свет Ігнатоўскага. Мінскі інстытут быў пераведзены ў Яраслаў. Чарговыя гады вайны і рост рэвалюцыйных настрояў у Расіі заахвочвалі настаўнікаў і студэнтаў з Беларусі да палітычнай актыўнасці. Вясной 1917 г. Ігнатоўскі ўзначаліў арганізацыю Маладая Беларусь, якая апрача сацыялізму хацела яшчэ дасягнуць нацыянальнага адраджэння беларусаў. Пару месяцаў пасля быў абраны яшчэ дырэктарам Інстытута. Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі Ігнатоўскі, як і большасць прабываючых у Расіі беларускіх інтэлектуалаў, прыняў вельмі станоўча. Вясной 1918 г. Інстытут, якім ён кіраваў, быў пераведзены ў Мінск. Наступала эпоха, якая ад інтэлігенцыі патрабавала рашучага выбару: выказацца за сацыялізм або за сваю дзяржаўнасць. Няшчасцем беларускай інтэлігенцыі было тое, што прабавала яна спалучыць гэтыя дзве рацыі. Сацыялістычныя лозунгі найбольш відавочныя былі на сцягах расійскіх бальшавікоў, якія, аднак, адмаўлялі народам Імперыі права на самавызначэнне. З пункту гледжання вялікай часткі беларускай інтэлігенцыі змаганне за сваю дзяржаву абазначала змаганне з самымі выдатнымі носьбітамі сацыялізму. Таму найбольш успрымальнай формай палітычнай арганізацыі беларусаў бачылі яны сваю дзяржаўнасць, якая заставалася б у сувязі з бальшавіцкай Расіяй.

Выбар такой арыентацыі аблегчыла Ігнатоўскаму польскае панаванне ад восені 1919 г. Вымушаны быў ён тады пакінуць навуку, затым заняўся арганізацыяй камуністычнага антыпольскага падполля. Ігнатоўскі быў ідэалістам і камунізм успрымаў як найлепшы сродак для вырашэння нацыянальных і сацыяльных праблем беларусаў. БССР стала яго ідэйнай айчынай. Быў стваральнікам яе палітычнай, эканамічнай і культурнай структур. Масква ў дваццатых гадах дазволіла мясцовым камуністам працаваць у карысць сваіх народаў. Дзякуючы такім дзеячам як Ігнатоўскі Савецкая Беларусь хутка пераўтваралася ў нацыянальную дзяржаву. Як камісар (міністр) асветы ва ўрадзе БССР стварыў поўную сістэму адукацыі на беларускай мове. У 1921 годзе заснаваў Беларускі дзяржаўны універсітэт і стаў адначасова яго прафесарам. Гэтая ўстанова рыхтавала кадры дзеля патрэб беларускай рэспублікі. Амаль усе прадметы выкладаліся тады на беларускай мове. Калі ў 1926 г. Мінск наведаў былы прэм’ер-міністр беларускага эміграцыйнага ўрада Вацлаў Ластоўскі, быў ён ашаломлены тэмпамі беларусізацыі ў рэспубліцы. Вырашыў тады астацца ў Беларусі і ўключыцца ў гэты працэс пераўтварэнняў.

Беларусь, аднак, не была незалежнай краінай, а беларускія камуністы — яе гаспадарамі. БССР з’яўлялася часткай савецкай імперыі. Калі ў Маскве вырашылі, што настаў канец эксперыменту з беларусізацыяй і час вяртацца на шлях русіфікацыі, такія дзеячы як Ігнатоўскі сталі называцца ворагамі народа. Ігнатоўскі, дарэчы, быў выдатным кандыдатам да такога звання. Сын святара, адукаваны ў царскіх універсітэтах, арганізатар беларускай адукацыйнай сістэмы быў ідэальным увасабленнем варожага элементу. Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі абвінавачваў яго ў адданасці буржуазна-кулацкай і нацыянал-дэмакратычнай ідэі.

На пачатку 1931 г. уся беларуская інтэлігенцыя была пастаўлена перад партыйнымі судамі, якія найчасцей узначальвалі прысланыя Масквой камуністы. Ігнатоўскаму забралі ўсё, у што верыў і за што ўсё жыццё змагаўся. Сацыялізм ці камунізм — гэтыя словы нічога не абазначалі, служылі дыктатуры і імперыялізму. Вера ў адраджэнне беларускасці ва ўмовах камуністычнай расійскай сістэмы аказалася ілюзорнай. Не існавала ніякая пралетарская салідарнасць, а ўлада ў Беларусі па волі Масквы апынулася ў руках людзей маральна поўнасцю знішчаных. Сістэма, якую, дарэчы, сам ствараў, стала механізмам знішчаючым яе будаўнічых. У свеце, у якім ён апынуўся, не было для яго месца. Жыць у ім можна было далучыўшыся толькі да лагера апрычнікаў, ці чакаючы змілавання катаў. Ігнатоўскі вырашыў не дазволіць на прыніжэнне і здзек над сваёй асобай. Яго шляхам прабаваў пайсці Янка Купала. Большасць стваральнікаў Савецкай Беларусі загінула ў бальшавіцкіх турмах у 1937-1939 гадах.

Лёс Усевалада Ігнатоўскага сведчыць аб тым, што ніякай ідэі нацыянальнага будаўніцтва немагчыма рэалізаваць ва ўмовах падпарадкаванасці чужым цэнтрам улады. Прыклад сучаснай Беларусі толькі пацвярджае гэты прынцып.