Ніва № 7 (2283), 13 лютага 2000 г.

Дайшлі да апошняй мяжы... і пайшлі далей

Зміцер КІСЕЛЬ

1 лютага спынілі працу гандляры беларускіх рэчавых рынкаў. Гэта было пачаткам агульнабеларускага страйку прыватных прадпрымальнікаў. Напярэдадні ў Мінску прайшоў мітынг, які быў арганізаваны прафсаюзамі прадпрымальнікаў рэчавых рынкаў краіны. Удзельнікі акцыі патрабавалі адмяніць падатак на дабаўленую вартасць для прадпрымальнікаў і арганізацый з месячным тавараабаротам да 3 тысяч мінімальных заробкаў (адзін мінімальны заробак раўняецца 2 200 дэнамінаваных рублёў), адмяніць 10-разовае павышэнне адміністратыўных штрафаў за дробныя парушэнні, забяспечыць доступ прадстаўнікоў свабодных прафсаюзаў да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі і г.д.

Аднак з самага пачатку ў дзеянні прадпрымальнікаў адчувалася нерашучасць. На мітынг прыйшло каля 2 тысяч чалавек. Яшчэ не пачаўшы баставаць некаторыя прадпрымальнікі засумняваліся ў мэтазгоднасці страйку. Справа ў тым, што ўлады зразумелі — падатак на дабаўленую вартасць давёў прадпрымальнікаў да апошняй мяжы, гэта падштурхоўвала людзей да адчайных дзеянняў. За некалькі дзён да пачатку страйку ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі паведамлялася, што калі гандляры не будуць баставаць, падатак адменяць. Адначасова пачаліся запалохванні. Адміністрацыі рынкаў абяцалі пазбавіць бастуючых працоўных месцаў. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў яго ёсць свае прадпрымальнікі, якія прывязуць такія самыя тавары як у забастоўшчыкаў і будуць гандляваць па нізкіх цэнах. У выніку непаслухмяныя гандляры збанкрутуюць.

Усё гэта мела свой плён. Калі 1 лютага страйк прайшоў больш-менш арганізавана, дык ужо на наступны дзень на рынках пачалі з’яўляцца асобныя гандляры. Так у Гродне на адным з рынкаў у пасёлку Паўднёвым 2 лютага страйк працягваўся, а на другім, Скідальскім, пачалі працу некалькі штрэйкбрэхераў. З кожным днём іх робіцца ўсё больш. Прафсаюзныя актывісты спрабуюць пераканаць людзей, што калі пачалі, трэба трымацца да канца, але і яны не ўпэўнены ў поспеху. Прадпрымальнікаў апаноўвае страх. Яны баяцца, што згубяць нават тое, што мелі да ўвядзення падатку на дабаўленую вартасць.