Ніва № 6 (2282), 6 лютага 2000 г.

Дзесяць гадоў закону аб мовах

Зміцер КІСЕЛЬ

26 студзеня споўнілася 10 гадоў з дня прыняцця Вярхоўным Саветам БССР закону „Аб мовах у БССР”, згодна якому беларускай мове надаваўся статус дзяржаўнай. Пайсці тады на такі крок дэпутатаў цалкам камуністычнага парламента прымусіла палітычная сітуацыя ў Беларусі і ўва ўсім СССР. Падымалася хваля нацыянальнага адраджэння ўсіх паднявольных савецкай імперыяй народаў, у тым ліку беларусаў. Але ў Беларусі, як самай скамунізаванай і зрусіфікаванай саюзнай рэспубліцы, адраджэнне беларускасці было неад’емнай часткай агульнага працэсу дэмакратызацыі. Дзесяць гадоў таму немагчыма было ўявіць сабе актывіста дэмакратычнага руху, які не размаўляў ці не намагаўся б размаўляць па-беларуску. Праз адраджэнне нацыянальнай свядомасці людзі прыходзілі да антыкамунізму. Прыняццё Вярхоўным Саветам БССР закону аб мовах было спробай паказаць, што камуністы таксама клапоцяцца пра беларускую мову.

Аднак сам закон быў вельмі недасканалы. Увядзенне яго расцягвалася на 10 гадоў. Не было яшчэ такога закону, які б падвяргаўся такому сабатажу з боку дзяржаўных чыноўнікаў. Але ён ёсць і афіцыйна яго ніхто не адмяняў. Хаця ж пачынаючы з 1994 года, калі дзяржаўная палітыка стала змяняцца з кволых спроб беларусізацыі на татальную русіфікацыю, дзеянне закону фактычна спынена.

На першы погляд зараз становішча беларускай мовы ў Беларусі нават горшае чым 10 гадоў таму. Прыктычна знішчана беларускае школьніцтва, амаль усе дзяржаўныя ўстановы зрусіфікаваны, мова карэннага насельніцтва ўсё менш ужываецца на радыё і тэлебачанні, у кніжных крамах цяжка знайсці кніжку на беларускай мове. Але знішчыць беларускасць ужо наўрад ці магчыма. Наперакор палітыцы ўлад усё больш людзей, асабліва маладых, робяцца беларускімі патрыётамі. Гэта адназначна выявіў апошні перапіс насельніцтва, на якім амаль чатыры мільёны жыхароў Беларусі засведчылі, што размаўляюць па-беларуску.

На жаль, гэта маса людзей раз’яднаная. Апазіцыйныя палітычныя партыі ў сваёй дзейнасці робяць стаўку ў асноўным на дапамогу з боку Захаду, а не на свой уласны народ. На Гродзеншчыне змяніць такое становішча зрабіла спробу гродзенская Рада Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады. Напярэдадні дзесятых угодкаў прыняцця закону аб мовах гэтая партыя прыняла зварот да жыхароў Прынямоння. У ім нагадваецца, што па словах дзяржаўных чыноўнікаў беларускасць знішчаецца па жаданню саміх беларусаў, якія „предпочитают русский язык”. Але згодна з перапісам 72,6% насельніцтва Гродзеншчыны назвалі сваёй роднай мовай беларускую, а 53,6% сцвердзілі, што з’яўляюцца беларускамоўнымі. „Узнікае пытанне, — гаворыцца ў звароце, — чаму большасць павінна падпарадкоўвацца меншасці? Ці не таму, што гэта чужынская меншасць займае амаль усе кіруючыя пасады ў вобласці?” Грамада заклікае гродзенцаў аб’яднацца, каб разам бараніць свае нацыянальныя і чалавечыя правы. „Хопіць казаць, што нас адзінкі. Толькі ў Прынямонні нас амаль мільён. Гэта больш, чым налічваюць некаторыя народы”. Гродзенскае БСДГ прапануе стварыць у гарадах, мястэчках і вёсках пры мясцовых філіях Грамады або Таварыства беларускай мовы суполкі ў абарону роднай мовы. У звароце падаюцца кантактныя тэлефоны і адрас, па якім можна звярнуцца па атрыманне дапамогі для стварэння суполак. Зварот быў надрукаваны ў мясцовым друку. 26 студзеня ўлёткі са зваротам Грамады з’явіліся на вуліцах Гродна.