Ніва № 6 (2282), 6 лютага 2000 г.

Патрыярх у парламенце

Наталля ГРЫШКЕВІЧ
(Беларуская служба Польскага Радыё)

Студзень у гэтым годзе для праваслаўных веруючых у Польшчы аказаўся багатым падзеямі. Неўзабаве пасля калядных святаў краіну з чатырохдзённым візітам наведаў Яго Свяцейства Варфаламей І — Канстанцінопальскі архіепіскап і Усяленскі патрыярх. Адразу пасля прыбыцця у Польшчу патрыярх адзначыў, што візіт з’яўляецца нагодай да сустрэчы дзвюх культур і дзвюх Цэркваў. „Я хачу выказаць задавальненне тым, што праз 15 месяцаў мне зноў удалося пабываць у маёй любімай Польшчы,” — сказаў патрыярх і дадаў, што на гэты раз ён тым больш задаволены, паколькі застаў Польшчу, пакрытую снегам, а ён вельмі любіць снег. Патрыярх асабліва горача падзякаваў маршалку Сейма Мацею Плажынскаму за запрашэнне нанесці візыт у краіну, а асабліва за магчымасць выступіць у парламенце. Усяленскі патрыярх перадаў польскаму народу шчырыя віншаванні з нагоды Новага года, паколькі — як заўважыў — гэта народ з багатай гісторыяй і багатай мінуўшчынай.

Галоўная мэта прыезду патрыярха ў Польшчу — удзел у святкаванні Вялікага Юбілею 2000 года. Саноўны госць удзельнічаў ва ўрачыстым малебне ў вроцлаўскім Кафедральным саборы Нараджэння Прасвятой Дзевы Марыі. На сустрэчу з патрыярхам прыбылі веруючыя з 39 прыходаў Вроцлаўска-Шчэцінскай епархіі, а таксама прадстаўнікі іншых веравызнанняў.

У гадзіннай прамове ў парламенце патрыярх Варфаламей І успомніў пра нядаўні зварот іерархаў Праваслаўнай царквы, у якім узгадваецца значэнне найбольш важнай каштоўнасці ўсяго чалавецтва — міру. Прамоўца падкрэсліў таксама, што праваслаўная царква выступае супраць умяшання чалавека ў генетыку і парушэння натуральнай раўнавагі асяроддзя, у якім мы жывем. Аднак дзеля таго, каб здзейсніць гэтыя патрабаванні, неабходна прытрымлівацца некалькіх умоў — палітыкі павінны памятаць, што ўлада існуе для грамадзян, каб яны маглі спакойна жыць і працаваць згодна запаветам. Роля свецкіх улад — увядзенне юрыдычна непахіснай асновы жыцця, а духоўныя ўлады, у сваю чаргу, павінны клапаціцца пра развіццё душы, — прыгадаў патрыярх. Ён сказаў, што гонка за ўладай і грашамі, пры дапамозе сілы ці эканамічнай дамінацыі, можа давесці да знішчэння чалавецтва і ўсяго свету. „Таму Праваслаўная царква клапоціцца пра развіццё кожнага народа, выкарыстоўваючы кантакты ў поўнай свабодзе і поўнай любові”, — сказаў патрыярх і звярнуўся з заклікам далей развіваць узаемадачыненні паміж народамі і пераадольваць цывілізацыйныя і рэлігійныя падзелы. Варфаламей І падкрэсліў, што Праваслаўная царква ў ніякай меры не падтрымлівае нейкіх асобна ўзятых палітычных партый, паколькі гэта вядзе да падзелаў унутры грамадства, што пярэчыць нейтральнасці Царквы.

Маршалак Сейма Мацей Плажынскі у сваёй прамове падкрэсліў, шо візіт Усяленскага патрыярха ў польскім парламенце ў юбілейным годзе мае асаблівае значэнне. „Пасля XX стагоддзя, поўнага розных відаў таталітарызму, зневажання чалавечай годнасці, перад намі стаяць цяпер новыя задачы на ўсіх плоскасцях грамадскага жыцця. Словы Ісуса Хрыста застануцца для нас найважнейшым указаннем шляху. Яны вучаць шанаваць кожнага чалавека, прытрымлівацца праўды і дабра, абавязваюць быць талерантным і ставіць дабро чалавека на першым месцы сярод іншых прыярытэтаў”, — падкрэсліў марашалак Сейма. Па словах Плажынскага, польскія хрысціяне розных веравызнанняў актыўна ўдзельнічалі ў Тыдні ўсеагульнай малітвы за адзінства хрысціян, які закончыўся ў мінулы аўторак (25 студзеня — рэд.).

Архіепіскап Канстанцінопальскі і Усяленскі патрыярх Варфаламей І належыць да найбольш выдатных постацей хрысціянства. Ён атрымаў багатую ўсебаковую адукацыю, у тым ліку ў каталіцкіх установах. З’яўляецца доктарам honoris causa шматлікіх тэалагічных і свецкіх вышэйшых устаноў ЗША, Вялікабрытаніі і некалькіх іншых краін. Патрыярх асабліва глыбока ангажуецца ў справы экуменічнага руху — ён актыўна стараецца развіваць дыялог паміж хрысціянствам, ісламам і юдаізмам. Прадстаўляе Праваслаўную царкву на многіх міжнародных сустрэчах і канферэнцыях — тэалагічных і экуменічных. Шмат увагі прысвячае пытанням аховы навакольнага асяроддзя. Гаворыць на сямі мовах.