Ніва № 5 (2281), 30 студзеня 2000 г.

Мова і заканадаўства

Яўген МІРАНОВІЧ

26 студзеня 1990 года Вярхоўны Савет Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі прыняў „Закон аб мовах у Беларускай ССР”. Савецкі рэспубліканскі парламент, у якім звыш 80 працэнтаў дэпутатаў складалі камуністы, вырашыў тады, што адзінай дзяржаўнай мовай у Беларусі будзе беларуская. Большасць з іх нават не ўмела карыстацца новай дзяржаўнай мовай, але сітуацыя вакол БССР была тады такая, што найбольш русіфікаваныя функцыянеры партыі не адважыліся выступаць супраць ідэі адраджэння роднай мовы. Такія ж ці падобныя законы ажыццяўляліся ўжо ў Латвіі, Літве, Эстоніі, на Украіне. Сталі яны першымі паказчыкамі імкнення народаў СССР да незалежнасці. Вясной і летам 1990 г. усе гэтыя рэспублікі аб’явілі дэкларацыі аб суверэнітэце. 27 ліпеня такі закон прыняў таксама Вярхоўны Савет БССР. Пазней гэты дзень стаў нацыянальным святам незалежнай ужо Беларусі.

„Закон аб мовах” меў уступіць у сілу восенню 1990 г. і стаць пачаткам працэсу беларусізацыі інтэлектуальнага, культурнага і асветнага жыцця ў рэспубліцы. Да канца 2000 года ўсе ўстановы, апрача школьніцтва для нацыянальных меншасцей, мелі працаваць на дзяржаўнай мове. Перыяд дзесяці гадоў быў дастаткова доўгім для выканання гэтага закону. У атмасферы станаўлення незалежнай дзяржавы ў свядомасці грамадзян Беларусі расло значэнне роднай мовы ў якасці сродка зносін у сваёй краіне. Пераважная большасць беларусаў не аспрэчвала патрэбы беларусізацыі жыцця ў незалежнай дзяржаве. Тыя, што размаўлялі выключна на рускай мове, дзяцей сваіх пачалі пасылаць у беларускія школы, па простай прычыне — разумелі, што іх будучыня ў беларускай дзяржаве патрабуе ведання дзяржаўнай мовы.

Горш было з людзьмі, якія вырасталі ў савецкай адукацыйнай і юрыдычнай сістэме. Дзяржаўныя чыноўнікі і партыйны апарат паўсюдна ігнаравалі абавязак беларусізацыі сваіх устаноў. Працавалі так як раней. Змены патрабавалі працы і намагання, вызначэння мэтаў для сябе і свайго акружэння. Дзеля гэтага патрэбная была матывацыя хаця б у выглядзе абавязку весці справаводства на дзяржаўнай мове. Інтарэс цалкам зрусіфікаванай партыйнай гвардыі не патрабаваў такіх зменаў. Старыя наменклатуршчыкі вымушаны былі б шмат вучыцца, да чаго не надта рваліся.

Аднак у выніку ціску інтэлігенцкага асяроддзя, апазіцыйнага Беларускага народнага фронту і Таварыства беларускай мовы Вярхоўны Савет прымаў новыя заканадаўчыя акты, якія спрыялі ўмацаванню значэння роднай мовы. У 1991 г. прыняты былі „Закон аб культуры” і „Закон аб адукацыі”. У 1991/1992 школьным годзе ўсе першакласнікі мелі атрымоўваць веды з усіх прадметаў на роднай мове. Старшакласнікам радыкальна павышалася колькасць урокаў беларускай мовы. На гэтай мове пачалі весці заняткі ўсе педагагічныя інстытуты. Працэс беларусізацыі ахопліваў штораз шырэйшыя грамадскія колы. Існавалі ўжо ўсе прававыя формы і дзяржаўныя ўстановы, якія працавалі ў карысць адраджэння беларускай мовы, культуры, гістарычнай і нацыянальнай памяці.

Усё раптам змянілася разам з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Месяц пасля выбару яго на пост прэзідэнта Беларусі, выступаючы перад студэнтамі і настаўнікамі Мінскага педагагічнага інстытута, заявіў ён, што дзяржаўныя ўлады будуць падтрымоўваць вяртанне да адукацыі на рускай мове. Пасля ўсё пайшло маланкава. У славутным рэферэндуме ў траўні 1995 года, пры дапамозе хлусні і з выкарыстаннем таталітарных метадаў прапаганды Лукашэнка вярнуў рускай мове статус дзяржаўнай і ліквідаваў сімвалы беларускай незалежнай дзяржаўнасці.

У 2000 годзе, паводле „Закону аб мовах” ад 26 студзеня 1990 г., усе дзяржаўныя ўстановы — школы, адміністрацыя, міліцыя, войска, прапаганда — мелі ўжо працаваць выключна на беларускай мове. Працуюць выключна на рускай.