Ніва № 5 (2281), 30 студзеня 2000 г.

У Консульстве Рэспублікі Беларусь

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

У аўторак, 18 студзеня 2000 года, у Генеральным Консульстве Рэспублікі Беларусь у Беластоку адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная працы Консульства ў 1999 годзе. Адкрываючы прэс-канферэнцыю Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку Мікалай Крэчка павіншаваў прысутных з Новым годам, а затым прадставіў новага віцэ-консула Ігара Сякрэту, які будзе займацца візавым абменам; кантактамі з мас-медыямі займацца будзе віцэ-консул Павел Латушка.

Павел Латушка паведаміў, што нягледзячы на пахаладанне адносін паміж Варшавай і Мінскам Консульства паспяхова садзейнічала супрацоўніцтву мясцовых самаўрадаў, падтрымцы эканамічных ініцыятываў, навуковаму і культурнаму супрацоўніцтву ды канфесійнаму абмену. Адбываліся міжрэгіянальныя кантакты: Люблін — Брэст, Эльбланг — Навагрудак і Ліда, Ломжа — Полацк і Гайнаўка — Каменюкі. Асноўнай жа задачай у працы Консульства была ахова правоў і інтарэсаў грамадзян Рэспублікі Беларусь. У мінулым годзе на ахопліваемай дзейнасцю Консульства тэрыторыі Падляшскага, Люблінскага і Вармінска-Мазурскага ваяводстваў ахвярамі злачынстваў сталі 451 грамадзянін Рэспублікі Беларусь, а найбольш небяспечным для іх быў горад Беласток. Найчасцей грамадзян Беларусі абкрадалі, рабавалі і збівалі з рабаўнічымі мэтамі. За той жа час на згаданай тэрыторыі былі затрыманы 304 грамадзяніны Рэспублікі Беларусь, падазраваемыя ў здзяйсненні злачынных актаў.

Галоўным недастаткам у развіцці польска-беларускага супрацоўніцтва з’яўляюцца вялікія чэргі на пагранпераходах. Беларускі бок вялікую надзею ўскладае на рэканструкцыю пагранперахода ў Брузгах (за Кузніцай-Беластоцкай). Калі ў сакавіку-красавіку закончыцца разбудова пагранперахода ў Бераставіцы (за Баброўнікамі), тады яшчэ ў першым паўгоддзі беларускі бок прыме рашэнне аб дазволе на перасяканне яго грамадзянамі; дагэтуль адбываецца там толькі таварны рух. Разбудоўваюцца таксама пераходы Казловічы — Кукурыкі і Брэст — Тарэспаль. Беларускі бок прапануе будову новых пагранічных пераходаў паміж Польшчай і Беларуссю.

Занепакоенасць Консульства выклікае сітуацыя беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы, напрыклад, зацяжка з будовай Беларускага музея ў Гайнаўцы. У Беларусі, для прыкладу, Музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку быў адкрыты за сродкі беларускай дзяржавы.

У 1999 годзе не была вырашана праблема лакалізацыі Консульства, аднак нягледзячы на цеснату, дыпламаты спраўляліся са сваімі задачамі, пра што сведчыць адсутнасць скаргаў на дзейнасць работнікаў Консульства.

Затым прысутныя на брыфінгу журналісты ставілі кіраўніцтву Консульства пытанні. Я не стану тут пералічваць тыя пытанні, толькі падвяду рэзюмэ адказаў на іх.

— У мінулым годзе беларускі бок звярнуўся ў польскае МЗС за дапамогай у прызначэнні Консульству новых памяшканняў, бо ў якіх умовах мы працуем — самі бачыце. За мінулы год наведала нас каля 5,5 тысяч чалавек, грамадзян Беларусі, Польшчы і іншых дзяржаў, у іх ліку каля 4 тысяч грамадзян Польшчы. Найчасцей польскія грамадзяне звярталіся ў справах атрымання візаў, устанаўлення гаспадарчых кантактаў, атрымання архіўных дакументаў з Беларусі і іншых. Да таго ж з увагі на рост гранічнага руху — польска-беларускую мяжу на працягу года перасякае 3 мільёны польскіх грамадзян і ў выпадку, калі польскі бок увядзе візавыя адносіны, Консульства мяркуе, што будзе выдаваць каля 250 візаў у суткі — павялічыўся наш штат. Цяпер у Консульстве працуе 7 чалавек, у тым ліку 3 з дыпламатычным статусам. Звярталіся мы таксама да прэзідэнта Беластока і ваяводы. Аднак ні Беласток, ні дзяржаўная казна памяшканняў не мелі. Зараз прародзім размовы з прыватнымі ўласнікамі пляцоў у Беластоку і з беластоцкімі прыватнымі будаўнічымі фірмамі ў справе пабудовы памяшкання для Консульства, аднак пра канкрэты гаварыць яшчэ зарана.

У паўночна-усходняй Польшчы існуе вакуум, які запаўняе Радыё „Рацыя”. Яго пасрэдніцтвам пра культуру і другія праблемы беларуская меншасць будзе вяшчаць сваім голасам. Консульства не адмаўляецца ад супрацоўніцтва з рэдакцыяй, а ўмешвання Радыё ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь не назіраем.

Чатырох грамадзян Польшчы прасілі палітычнага прыстанішча ў Беларусі — гэта іх справа і справа самаўрадаў. Калі нехта каго зняважыў, гэта яшчэ не падстава для палітычнага прыстанішча.

Было і пытанне, пра трактары, якія прэзідэнт Лукашэнка быццам абяцаў купіць у Польшчы Гродзеншчыне. У адказ прысутныя даведаліся, што Беларусь пастаўляе ў Польшчу 4-6 тысяч трактароў у год. Адносіны Беларусі да абароннай дактрыны Польшчы і Украіны, гэта палітычнае пытанне і Консульства такімі справамі не займаецца.

Становішча беларусаў у Польшчы выклікае занепакоенасць, прыкладам тут дафінансаванне беларускіх фэстаў — толькі ў канцы года знайшліся сродкі, а так не даюць і не даюць — усё ў крэдыт. Нядаўна дзеячы БГКТ выказваліся пра адсутнасць дапамогі з Беларусі. У 1999 годзе былі складанасці ў гэтай дзялянцы выкліканыя эканамічнай абстаноўкай у Беларусі — не было ў бюджэце сродкаў на рэалізацыю такой дапамогі. Аднак Рэспубліка Беларусь прыме актыўныя дзеянні для выпраўлення становішча. Галоўнае праўленне БГКТ пакуль адмовілася ад непасрэднага звароту да прэзідэнта Лукашэнкі ў гэтай справе. Мы не пагаджаемся з тым, што некаторыя беластоцкія газеты (пасля віцэ-консул Павел Латушка сказаў мне, што меўся на ўвазе навагодні нумар „Нівы” — А.В.) пішуць пра дапамогу з нашага боку беларусам Беласточчыны як пра стваранне Рэспублікай Беларусь пятай калоны ў Польшчы. Кожная этнічная дзяржава павінна дапамагаць сваёй меншасці за мяжою і гэта зразумела, як і зразумела, што Польшча дапамагае палякам у Беларусі.

Выбары якія адбудуцца ў Беларусі — парламенцкія восенню 2000 года і прэзідэнцкія летам 2001 года — будуць супердэмакратычныя, бо будуць наглядальнікі з АБСЕ.

Зацяжка з адкрыццём для пасажырскага руху пагранперахода Бераставіца-Баброўнікі выклікана патрэбай адпаведнай разбудовы інфраструктуры: даязных дарог і памяшканняў для таможнага і гранічнага кантролю. Будова такіх пераходаў павінна быць сінхранізавана, але мы адстаем, бо Польшча атрымоўвае для гэтых мэтаў сродкі з Еўрапейскага Саюза, а Беларусь карыстаецца толькі сродкамі з уласнага бюджэту; дарэчы: і з польскага боку няма ў Баброўнікі адпаведнай дарогі. Еўрапейскі Саюз ставіць высокія патрабаванні адносна кантролю на граніцах і, каб на нашай граніцы рух адбываўся бесперабойна, мы прапануем будову яшчэ шасці пагранпераходаў, аднак польскі бок прамаўчаў нашу прапанову. Візы ў Польшчу для грамадзян з усходу не непакояць нас, бо ведаем, якія рыхтуюцца ў гэтай галіне змены.