Ніва № 3 (2279), 16 студзеня 2000 г.

Чаму воўк любіць мяса

Яўген МІРАНОВІЧ

У навагодніх беларускамоўных перадачах Радыё „Рацыя” і Радыё „Бялысток” мясцовыя палітыкі ад Саюза левых дэмакратаў — Ян Зенюк, Ян Сычэўскі і Яўген Чыквін, а таксама іншыя беларускія дзеячы шмат гаварылі пра фінансаванне культуры нацыянальных меншасцей у Падляшскім ваяводстве. Найбольш увагі прысвяцілі яны адсутнасці планаваных выдаткаў у бюджэце Маршалкоўскай управы. Райцы правых партый у Ваяводскім сейміку рашуча адмаўляюцца выдзяляць грошы на нацыянальныя меншасці.

Зусім не здзіўляе мяне стаўленне мясцовых правых нацыянальных і клерыкальных партый да беларусаў, але не магу зразумець абурэння прадстаўнікоў Саюза левых дэмакратаў. Гэта выглядае так, як абурацца на ваўка, што з’еў барана, замест наесціся травы. На маю думку, беластоцкія эндэкі ў адносінах да беларусаў паводзяць сябе вельмі сумленна. Адкрыта заяўляюць, што спасылаюцца на традыцыі даваеннага перыяду і ніколі не дэкларавалі, што любяць ці шануюць нейкіх „рускіх”. Наогул не разбіраюцца яны ў гэтых нашых унутраных нацыянальных ці палітычных падзелах. У іх вачах і так усе з’яўляемся маналітам, „кацапскай” масай, на дадатак камуністычнай арыентацыі. Яны вельмі паслядоўныя ў сваіх паводзінах. Немагчыма ім паставіць закід у крывадушнасці. Нічога і ніколі яны беларусам не абяцалі. Тое, што нічога не далі, з’яўляецца тады станам тутэйшай нармальнасці. Калі б нешта падляшскія эндэкі прапанавалі, тады сапраўды можна было б здзіўляцца і пытацца: што сталася?

Вельмі слушна заўважыў Яўген Чыквін у нядзельнай радыёперадачы „Пад знакам Пагоні”, што праваслаўнае насельніцтва Беласточчыны вельмі цесна звязанае з СЛД. Не важна нават ці гэта добра, ці дрэнна, але гэта факт, якога, здаецца, ніхто не аспрэчвае. Ведаюць і пра гэтую рэальнасць тыя правыя, якія кіруюць ваяводствам. Напэўна ўжо даўно паставілі яны сабе пытанне, ці выдаткоўваючы грошы на праваслаўныя ці беларускія мерапрыемствы не будуць фінансаваць сваю палітычную канкурэнцыю. Не цяжка дадумацца да якіх яны дайшлі вывадаў.

Большасць праваслаўных пераканана ў тым, што толькі левыя пры ўладзе гарантуюць правы нацыянальным меншасцям. Магчыма, так калісь і станецца. Але варта памятаць, што толькі пару гадоў таму кіруючыя ваяводствам левыя аддалі справы меншасцей у рукі нейкага Галіцкага, які нават у прэсе заяўляў, што праўдападобна на Беласточчыне няма беларусаў. Левыя, будучы пасля вайны пару дзесяткоў гадоў пры ўладзе, вельмі паслядоўна рэалізавалі ў адносінах да нацыянальных меншасцей праграму эндэкаў, маскуючы свае дзеянні інтэрнацыяналістычнай рыторыкай. Рабілі тое самае, што сучасныя нацыянал-клерыкалы, якія кіруюць Падляшскім ваяводствам, толькі больш дасканала, прафесійна. Прыгадайма, што ў праграме эндэкаў на пачатку стагоддзя было: ізаляваць палякаў ад яўрэяў і немцаў, асіміляваць беларусаў і ўкраінцаў. Толькі камуністам удалося дасягнуць гэтыя мэты. Яўрэяў і немцаў выгналі яны з Польшчы, а ўкраінцы знаходзяцца ў падобным становішчы як і беларусы.

Я асабіста не веру, што са зменай палітычнай арыентацыі ўлад можа мяняцца палітыка ў адносінах да нацыянальных меншасцей. Вядома, што партыйныя калегі на высокіх пастах могуць нешта кідаць сваім таварышам, якія акурат будуць беларусамі ці нейкімі іншымі „рускімі”, але гэта не будзе змена нацыянальнай палітыкі. Спроба такой змены была заяўлена пры канцы васьмідзесятых і на пачатку дзевяностых гадоў, аднак грамадства Польшчы зусім гэтым не было зацікаўлена, а выбараў ніхто яшчэ не выйграў галасамі нейкай меншасці. Адзіны фактар, які пакуль што не дазваляе цалкам праігнараваць г.зв. нацменаў, гэта імкненне Польшчы ў еўрапейскія структуры, дзе дамагаюцца ўпарадкаваць і гэтыя справы паводле вызначаных імі прынцыпаў. У канцы з вялікімі цяжкасцямі і пры пратэстах самых выдатных „патрыётаў” Сейм прагаласуе нават закон аб нацыянальных меншасцях, таму што Еўропа гэтага хоча.