Ніва № 2 (2278), 9 студзеня 2000 г.

Неспадзяванкі для турыстаў

Пётр БАЙКО

Скончыўся 1999 год. Які ён быў для белавежскага турызму? Не найгоршы, але і не найлепшы, да таго з неспадзяванкамі. Лік наведваючых Белавежу панізіўся ў параўнанні з 1998 г. на каля 5 тыс. чалавек. Значыць, у перадапошнім годзе XX стагоддзя тутэйшую прыроду захацела пабачыць недзе пад 95 тыс. асоб.

На абмежаванне турыстычнага руху напэўна паўплывала закрыццё ў лютым 1999 г. прыродазнаўчага музея, а з канцом верасня — „Івы”, галоўнай тут гасцініцы з рэстаранам. Большасць наведвальнікаў аб гэтых падзеях раней нічога не ведала, асабліва пра закрыццё музея. Многія не скрывалі свайго расчаравання, а часта і абурэння гэтым фактам. Сыпаліся пытанні, чаму няма выстаўкі музейных экспанатаў на месцы, у Белавежы або Гайнаўцы. Міні-выстаўка, якая з пачаткам красавіка працуе ў малой зале Асяродка прыродазнаўчай адукацыі, не ў змозе паказаць нават часткі багацця жывёльнага і расліннага свету Белавежскай пушчы. Усё ж наведала яе каля 40 тыс. чалавек.

Пацяшальным фактам ёсць тое, што распачатыя ў палове сакавіка працы пры перабудове комплекса, які змяшчаў прыродазнаўчы музей і „Іву”, ідуць поўным ходам і шанц на іх заканчэнне ў верасні 2000 г. (паводле плана) здаецца быць зусім рэальным. Наступным этапам будзе арганізацыя новай экспазіцыі, што зойме 1,5-2 гады. Магчыма, што гэтая экспазіцыя будзе часткова даступная ўжо падчас яе наладжвання.

Улетку 1999 г. у Белавежы, на пляцы г.зв. „базы” гміннага кааператыва „Самапомач хлопская”, распачаліся працы пры пабудове новай гасцініцы. Будуе яе прадпрымальнік з Беластока Марэк Чарны. Гасцініца, апрача 30 двухмесных пакояў, будзе змяшчаць рэстаран на 120 месц, стаянку аўтамабіляў, басейн і спартыўную залу. Першых гасцей гасцініца прыме не хутчэй як толькі ў 2001 г.

У найбліжэйшы час пачнецца разбудова гасцінічна-рэстараннага комплекса „Зуброўка”, перанятага вясной прадпрымальнікамі з Беластока, якія заснавалі суполку... „Іва”. Да гэтага часу „Зуброўка” была ў распараджэнні мясцовага ГСу. У даны момант той жа ГС распараджаецца ўжо толькі адной крамай побач касцёла. Вясной была зачынена прадуктовая крама ў Падалянах II, а з канцом кастрычніка — крама на Заставе (побач „Зуброўкі”). Бюро ГСу перасялілася з „Зуброўкі” ў памяшканне па рэстаране „Сарэнка”, а потым „Дэлікатэсах” — таксама зачыненых на пачатку 1999 г. Будынак па даўнім бюро ГСу пераняў Яраслаў Васько з Міхалова, які пакуль што нічога яшчэ ў ім не зрабіў. Затое ў канцы 1998 г. адчыніў ён у перанятых ад ГСу крамах па вуліцы Спартовай — самаабслуговую харчова-прамысловую краму „Альва”, а ў жніўні 1999 г. — піўную „Зубр”. У лютым мінулага года на Заставе была адчынена суполкай „Гермэс” новая крама „Яжэмбінка”. У сваю чаргу ў будынку па былой геэсаўскай краме на Крыжах пачаў дзейнічаць ад ліпеня мінулага года прыватны завод вады „Белавежская”.

Варта яшчэ на момант заглянуць у Палацавы парк. Тут у палове верасня 1999 г. разабраны быў мосцік на рацэ Нараўцы і на яго месцы будуецца новы. Праз гэты мосцік прабягае галоўны шлях у запаведнік прыроды. Напрыканцы лістапада пачаўся рамонт драўлянага будынка, у якім першапачаткова змяшчаўся кіёск „Цэпэліі”. Тут будзе змяшчацца пункт турыстычнай інфармацыі Белавежскага нацыянальнага парку.

На некаторых вуліцах Белавежы аднаўляюцца тратуары, пашкоджаныя ў выніку каналізацыйных прац. Тратуар праклалі на вуліцах Спартовай і А. Вашкевіча (на адрэзку да Завулка Асочнікаў). На жаль, нічога не зроблена па вул. Застава, дзе сарвалі не толькі тратуары, але і асфальт. А сюдою ж вядзе шлях у Старую Белавежу, дзе адбываюцца папулярныя гулянні пры кастрах.

У верасні адчынены быў новы турыстычны шлях у пушчы, які вядзе з Масева над заліў Семяноўка. Над залівам, паблізу ўрочышча Марушка, знаходзіцца вежа для назірання за птушкамі і любавання краявідам.

Восенню змяніла сваё месцазнаходжанне турыстычнае бюро „Гулівер” Аляксея Грыгарука, якое дагэтуль змяшчалася ў „Іве”. Яно зараз у будынку ля вул. Каляёвай. Таксама восенню пачаліся экскурсаводскія курсы. Белавежскі і гайнаўскі экскурсаводскія гурткі папоўняцца новымі членамі, хаця пакуль што і цяперашнім няма занадта занятку. У лістападзе дацкае прадпрыемства „Кові” сарганізавала групе мясцовых уласнікаў агратурыстычных кватэр і прадстаўнікам самаўрадавых улад паказальную паездку ў Данію. Сам офіс „Кові” апошнім часам уладкаваўся ў паляўнічым доме ў Белавежы.

А якія навіны прынясе нам апошні год дваццатага стагоддзя? Хацелася б, каб толькі самыя добрыя — так турыстам, як і жыхарам гэтага рэгіёна.