Ніва № 52 (2276), 26 снежня 1999 г.

Ні праехаць, ні прайсці

Зміцер КІСЕЛЬ

Тое, што Аляксандру Лукашэнку не падабаецца Гродна і гродзенцы, было вядома даўно. Па-першае ён, як стопрацэнтны „савет”, не любіць „западников”. Па-другое, у гэтым горадзе ў 1995 годзе (тады да прэзідэнта яшчэ маглі падысці звычайныя людзі) яго ўпершыню прывіталі не ўсенародным захапленнем, а воклічамі „У адстаўку!” Тое ж паўтарылася праз год. Таму ў сваіх шматлікіх паездках па Беларусі Лукашэнка абмінаў горад на Нёмане. Аднак першым абласным цэнтрам, які ён наведаў пасля падпісання саюзнай дамовы з Ельцыным, было Гродна. Нагодай для гэтага стала афіцыйнае адкрыццё лядовага палаца спорту, пабудова якіх па ўсёй Беларусі стала назойлівай ідэяй Лукашэнкі.

Але, каб на гэты раз ніхто не сапсаваў настрою правадыру, мясцовая „вертыкаль” прадугледзела асаблівыя меры перасцярогі. З раніцы 10 снежня ў Гродне пачалі чакаць Лукашэнку. Увесь цэнтр горада быў ачэплены сіламі аховы правапарадку. Міліцыянеры былі расстаўлены літаральна каля кожнага дрэва. Вуліцы, па якіх павінен быў ехаць мінскі госць, былі закрыты для грамадскага і прыватнага транспарту, што прывяло да некалькігадзінных аўтамабільных „коркаў” у іншых частках горада.

Але гэта былі толькі кветачкі. Сапраўдны шок гродзенцы перажылі, калі Лукашэнка нарэшце прыбыў у горад. Вечарам 10 снежня рух у цэнтры горада быў паралізаваны. Вышэйшае кіраўніцтва краіны наведвала тытунёвую фабрыку, а тысячы гараджан былі вымушаны дабірацца дахаты пасля працы пешшу. Раніцай наступнага дня Лукашэнка зрабіў візіт у сельгасінстытут. Усе падыходы да будынка былі заблакаваны міліцыяй. Нельга было ні прайсці, ні праехаць. Ахова зрабіла ўсё, каб на вочы Лукашэнку не трапіў ні адзін выпадковы чалавек.

Прысутнічаць на адкрыцці палаца спорту і на хакейным матчы, у якім гуляў сам мінскі госць, маглі толькі спецыяльна адабраныя людзі. Прычым запрашальныя білеты раздаваліся нягледзячы на тое, любіць які-небудзь ветэран або міліцыянер хакей і наогул спорт, ці не.

А ў гэты час вакол стадыёна дзяжурыла некалькі соцень міліцыянераў. Яны не падпускалі нікога да палаца, дзе Лукашэнка гуляў у хакей.

За паўгадзіны да заканчэння матча ахова ачысціла ад выпадковых прахожых вуліцы, па якіх павінен быў ад’ехаць кіраўнік дзяржавы. Так што гродзенцы, каб і хацелі, не змаглі б развітацца з Лукашэнкам.