Ніва № 52 (2276), 26 снежня 1999 г.
„Народны Альбом” як люстэрка стагоддзяАляксандр МАКСІМЮКПашанцавала і Беластоку. Пяць хвілін да эпахальнага пералому наш горад наведаў музычны тэатр „Народны Альбом” — супольны праект беларускіх рок-гуртоў („Крыві”, „Новае Неба”, „Н.Р.М.”, „Уліс”). Глядзела і слухала гэтае відовішча ўся ўзроставая праслойка Беластока. У малодшых песенькі выклікалі ўсмешку, а ў старэйшых, бывала, і выціскалі слёзы. Ніхто, аднак, не застаўся абыякавым — усе на канец, устаўшы з месц, доўга апладзіравалі артыстам.Канцэрт, які 12 снежня г.г. адбыўся ў лялечным тэатры ў Беластоку, стаў магчымым дзякуючы ініцыятыве літаратурнага таварыства „Карткі” (аднайменны часопіс выпусціў таксама частку тэкстаў „Народнага Альбома” ў перакладзе на польскую мову). Фінансава ўспамаглі ўвесь праект, між іншым, Цэнтр грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь і Беларускае аб’яднанне студэнтаў. Сюжэт спектакля даволі просты. Праз мястэчка на беларуска-польскім памежжы пракочваецца навальніца гісторыі, а мы бачым тую гісторыю ў люстэрку душы простых жыхароў, у іхняй радасці, надзеі, смутку. Усё абмежавана тут і завязана ў мяшочак правінцыйнасці, які становіцца завершаным светам — як у літаральным, так і літаратурным сэнсе. Вільні і Варшавы з’яўляюцца ў гэтым свеце толькі ў выглядзе лістоў або мрояў пра... „лепшае” жыццё. У нашым беластоцкім правінцыйным мяшочку мы знаходзім дакладна той жа сусвет. Смела можам мы пакінуць думку пра нашы „агульнаеўрапейскія кантэксты”, „выключныя значэнні” ці „спецыфічныя сітуацыі”. „Агульнаеўрапейскія кантэксты” характэрныя перш за ўсё касмапалітызмам складу думкі, які грунтуецца на нацыянальнай ідэі як пройдзеным і завершаным этапе, а ў нашым выпадку мы ўсё яшчэ маем дачыненне са строгім нацыяналізмам (у нармальным значэнні гэтага слова, а не ў скарабачаным усходнім і радзімым бальшавізмамі) і прывязанасцю да свайго (традыцыі, культуры, кавалка зямлі). „Народны Альбом” з’яўляецца ў гэтым сэнсе адбіткам беларускай гісторыі ўсяго нашага стагоддзя. І хаця стагоддзе тое ў матэматычным вымярэнні будзе яшчэ працягвацца цэлы год, то змена адзінкі на двойку ў календары выклікае ў кожнага з нас пачуццё пэўнай вялікай завершанасці ўжо цяпер. Беларускасць усе 100 гадоў была абмежавана (і застаецца надалей) да правінцыйнага абсягу — гэтак яно маецца ў выпадку герояў „Народнага Альбома” ды іхняга роднага мястэчка, гэтак яно маецца і ў кожным іншым выпадку, калі наогул маецца. Беларускай мове не пашанцавала на трывала ўвайсці і замацавацца ў інстытуцыянальных формах жыцця дзе-небудзь. Яна ўсё жыве без канкрэтнага месца жыхарства, без прапіскі. Прапіскай такой можа паслужыць адно літаратурная або песенная творчасць, якая апірышча ў нацыянальнай і дзяржаўнай ідэі не мае. На жаль, нельга сказаць, што наша беларускае стагоддзе завяршаецца лепш, чым яно пачалося. |