Ніва № 51 (2275), 19 снежня 1999 г.

Інтэграваць ці асіміляваць?

Яўген МІРАНОВІЧ

Такое пытанне пры канцы шасцідзесятых гадоў ставілі сабе кіраўнікі Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы і некаторыя сакратары Цэнтральнага камітэта Польскай аб’яднанай рабочай партыі. Асіміляваць — абазначала весці выключна такую палітыку, якая паспрыяла б пераўтварэнню нацыянальных меншасцей у нацыянальна свядомых палякаў. Як інтэграцыю разумелася тады яднанне меншасцей вакол агульнаграмадскай ідэі — пабудовы сацыялізму ў Польшчы. Прытым польскаму асяроддзю так нахабна не навязвалася камуністычнай ідэалогіі як нацыянальным меншасцям. Тыя самыя словы, якія ахарактарызоўвалі нацыянальнае самаадчуванне палякаў і беларусаў, у выпадку першых ацэньваліся як праявы патрыятызму, у выпадку другіх — як праявы нацыяналізму.

Пытанне нацыянальнай палітыкі ў сацыялістычнай Польшчы мела шмат паваротаў. У 1952-1957 гадах была спроба партыйных улад арганізаваць нацыянальным меншасцям умовы культурна-асветнага жыцця на тым узроўні, якім карысталіся палякі. Ажыццявіць гэтую ідэю, аднак, не ўдалося. Польскае грамадства, у тым ліку і большасць лакальнай партыйнай наменклатуры, не была зацікаўлена такім ходам падзей. Немагчымым стала вырашэнне шматлікіх супярэчнасцей паміж інтарэсам паасобных меншасцей, уладай і польскім грамадствам. Украінцы патрабавалі дазволу на вяртанне ў свае вёскі, з якіх іх вывезлі ў 1947 г., амаль два мільёны сілезцаў і мазураў штораз часцей заяўлялі пра сваю нямецкую нацыянальнасць і дамагаліся дазволу на эміграцыю ў Нямеччыну. Уцякаць з Польшчы хацелі таксама яўрэі, перапалоханыя новай хваляй польскага нацыяналізму. На Беласточчыне лозунг „кацапы вон” пачулі шматлікія беларусы. На Спішу і Араве каля касцёлаў біліся славакі з палякамі. Ксяндзы не хацелі слухаць пра славацкую мову ў храмах. Пад уплывам польскага нацыяналізму развіваліся ўкраінскі, літоўскі, славацкі, нямецкі, а нават беларускі нацыяналізмы. У такой сітуацыі партыйныя ўлады вырашылі душыць усе нацыяналізмы, а асабліва нацыянальных меншасцей.

Ад 1958 г. гарамадска-культуныя таварыствы і прэса на мове меншасцей мелі даручэнне партыі прапагандаваць выключна ідэі сацыялізму і пазбягаць пытанняў нацыянальнага характару. Пра гісторыю можна было пісаць і спасылацца на яе выключна тады, калі служыла гэта падтрымцы камуністычных інтарэсаў. Пры канцы пяцідзесятых гадоў цэнтр, які вырашаў пра нацыянальную палітыку ў Польшчы пачаў перамяшчацца з Цэнтральнага камітэта ПАРП у Міністэрства ўнутраных спраў. У 1964 г. гэтае ведамства ўзначаліў Мечыслаў Мочар, а намеснікаў міністра яўрэйскага паходжання падмянілі маладымі чэкістамі з правінцыі, якія рваліся да ўлады. У наступных гадах змены кадраў у гэтым Міністэрстве пайшлі ў напрамку іх „unarodowienia”.

11 красавіка 1967 г. адбылося пасяджэнне калегіі МУС, якое мела абмеркаваць прынцыпы нацыянальнай палітыкі ў найбліжэйшай будучыні. Удзельнічалі ў ім, апрача Мочара, яго намеснікі — Францішак Шляхціц і Тадэвуш Дрызэк, кіраўнік Адміністрацыйнага аддзялення ЦК ПАРП Веслаў Ацепка, адказны за нацыянальныя праблемы ў партыі і дырэктары дэпартаментаў МУС. Сабраныя былі згоднымі, што нацыянальная палітыка павінна пайсці ў напрамку асіміляцыі. Дыскутавалі толькі пра метады і спосаб выкарыстання грамадска-культурных таварыстваў у працэсе апалячвання меншасных асяроддзяў. Віцэ-міністр Шляхціц меркаваў, што існуюць дастатковыя механізмы дзеля асіміляцыі і што яна праводзіцца даволі паспяхова. Звяртаў увагу на беларусаў і літоўцаў, сярод якіх палітыку МУС беспраблемна праводзілі ўлады таварыстваў. Пад поўным кантролем было таксама ўкраінскае асяроддзе. Дырэктар ІІ дэпартамента Крупскі паставіў аднак пытанне, ці ўвогуле патрэбныя меншасныя арганізацыі, выказаў прытым перакананне, што працэс асіміляцыі можа пайсці нават хутчэй без іх дапамогі. Шмат удзельнікаў нарады падтрымала Крупскага. Мочар, аднак, быў супраць. Аргументаваў, што ліквідуючы таварыствы МУС патраціць кантроль над шматтысячнай групай грамадзян.

Прысутны на пасяджэнні калегіі прадстаўнік Цэнтральнага камітэта ПАРП поўнасцю падтрымліваў новыя ідэі, якія нараджаліся ў галовах супрацоўнікаў МУС. Асноўным пытаннем, якое, аднак, вырашалася падчас гэтай нарады была яўрэйская праблема. Прысутнасць яўрэяў у кіруючых органах партыі, дзяржаўнай адміністрацыі, рэдакцыях газет, выдавецтвах, універсітэтах, сярод пісьменнікаў, акцёраў, рэжысёраў бачылася ўдзельнікам дыскусіі як вялікая пагроза для польскай дзяржавы. Не бачылі магчымасцей іх асіміляцыі ні абмежавання іх удзелу ў грамадска-палітычным жыцці шляхам палітычных дзеянняў. Па загадзе Мочара было вырашана правесці фінансавы кантроль Яўрэйскага грамадска-культурнага таварыства і іншых устаноў гэтай меншасці. Планавалася антыяўрэйская акцыя на некалькі гадоў. Аднак два месяцы пазней пачалася ізраільска-арабская вайна і вырашэнне яўрэйскай праблемы ў Польшчы пайшло маланкава наперад. У 1968 г. большасць яўрэяў вымушана была ўцякаць з Польшчы.

У МУС пастаянна распрацоўваліся праграмы палітыкі ў адносінах да іншых меншасцей. Таварыствы і няпольскамоўная прэса мелі перш за ўсё змагацца з сусветным імперыялізмам, нямецкім рэвізіянізмам, каланіялізмам, прапагандаваць палітыку партыі і прыклады супольнага з палякамі змагання за сацыялістычныя ідэі. Ніводзін дакумент, які выйшаў з рук супрацоўнікаў МУС ці ЦК ПАРП не ўспамінаў, што, напрыклад, БГКТ мае ажыўляць культурную актыўнасць беларусаў ці развіваць школьніцтва на роднай мове. Віншавальныя граматы і медалі прысвойваліся за паслухмянасць, а беларусы заўсёды імкнуліся быць „добрымі грамадзянамі”.