Ніва № 51 (2275), 19 снежня 1999 г.

Ці спыняць цягнікі на Гайнаўшчыну?

Аляксей МАРОЗ

— Праз Гайнаўшчыну праязджае многа цыстэрнаў з таксічнымі хімікатамі. Даюць яны для чыгункі вялікі прыбытак. Частку гэтага даходу можна было б прызначыць на нерэнтабельны пасажырскі транспарт, — заявіла ў час пасяджэння Рады Гайнаўскага павета, якое адбылося 30 лістапада г.г., яе старшыня Вольга Рыгаровіч.

Аб намерах улад Польскай дзяржаўнай чыгункі ліквідаваць пасажырскі транспарт з Чаромхі ў Гайнаўку і з Гайнаўкі ў Цісоўку паінфармаваў у час пасяджэння намеснік старасты Гайнаўскага павета Ежы Сірак. Спыненне пасажырскага транспарту можа тычыцца маршруту з Чаромхі ў Седльцы. Размовы з дырэкцыяй чыгункі ў Беластоку не далі станоўчага рэзультату, паколькі аб ліквідацыі чыгуначнага транспарту вырашае Генеральная дырэкцыя Польскай дзяржаўнай чыгункі ў Варшаве.

Першымі аб намерах спынення пасажырскага транспарту ў Гайнаўку даведаліся чыгуначнікі з Чаромхі, якім гэта пагражае звальненнямі з працы. Вестка ўстрывожыла чарамшукоў, паколькі амаль кожная сям’я звязаная там з працай на чыгунцы. Моладзь і студэнты сталі непакоіцца пра даезд у школы. Вучні з Чаромхі першымі сталі збіраць подпісы супраць ліквідацыі чыгуначнага транспарту.

Дырэктар Падставовай школы ў Чаромсе, намеснік старшыні Рады Гайнаўскага павета Мікалай Міхалюк гаварыў аб паслядоўнасцях спынення чыгуначнага транспарту з Бельска-Падляшскага ў Беласток. Кожны год вучобу ў яго школе канчае каля 60 выпускнікоў, якія найчасцей ездзяць пасля вучыцца чатыры або пяць гадоў у гайнаўскія або бельскія школы. Агулам у школы даязджае больш за 200 вучняў. Транспартам карыстаюцца яшчэ чыгуначныя пенсіянеры, якія ездзяць лячыцца ў ведамаснай амбулаторыі ў Беластоку, куды, апрача чыгункі, ездзіць толькі адзін аўтобус. Перспектывай спынення цягнікоў найбольш устрывожаны самі чыгуначнікі, якім цяжка будзе знайсці працу ў Чаромсе ці Гайнаўцы.

— Раней, калі яшчэ існавала лакаматыўнае дэпо ў Чаромсе, працавала ў ім каля 500 машыністаў, зараз працуе іх пад 180. Плануецца, што застанецца ў Чаромсе толькі 30 машыністаў. Спачатку могуць нам прапанаваць пераезд у Кракаў ці Катавіцы, дзе малавата машыністаў, але як з сям’ёй туды перабрацца? Многім застаецца толькі прыняць увальненне з працы, — кажа машыніст Лявон Кандрацюк з Чаромхі.

Ліквідацыяй пасажырскіх праездаў чыгункай абураны намеснік бурмістра Гайнаўкі Міраслаў Мордань: „Улады чыгункі гавораць аб нерэнтабельнасці пасажырскага транспарту, але калі б здарылася нейкая аварыя цыстэрны з хімікатамі, якія ездзяць праз нашу тэрыторыю, тады пагрозу для людскога жыцця не параўнаем да сродкаў, якія чыгунка дакладае да пасажырскіх праездаў. Прапануюць нам развіваць турызм, а хочуць забраць экалагічны транспарт па пушчы і зручны да яе даезд. Чыгуначную інфраструктуру можна ліквідаваць хутка, але калі ў будучыні схочуць аднавіць яе, напэўна не будзе сродкаў. Калі б нават самаўрады атрымалі нейкія сродкі на ўтрыманне мясцовай чыгункі, то маючы вопыт з вясковымі школамі, якія гмінныя ўправы вымушаны закрываць з-за недахопу грошай, можна прадбачыць, што ў нашых рэаліях і на ўтрыманне чыгункі не атрымаем адпаведнай датацыі. Калі ўжо хочуць забіраць пасажырскія цягнікі, няхай і спыняюць транспарт небяспечных матэрыялаў”.

Улады Гайнаўскага павета намагаюцца арганізаваць у Гайнаўцы сустрэчу з прадстаўнікамі Польскай дзяржаўнай чыгункі і Падляшскага ваяводства з мэтай пераканаць іх, каб не ліквідавалі пасажырскі транспарт у напрамку сталіцы.

— Аднак улады чыгункі ў нас такія, што паслухаюць, а пасля зробяць сваё, — сказала Вольга Рыгаровіч пра намаганні захаваць чыгуначны транспарт паміж Бельскам-Падляшскім і Белавежай. — Ездзілі мы тады ў Варшаву часта, але не атрымалі палітычнай падтрымкі і рух паяздоў быў ліквідаваны.

Радны Мікола Бушко прапанаваў стварыць спецыяльную камісію, якая б назірала за размовамі з чыгуначнымі ўладамі і залежна ад сітуацыі прымала адпаведныя меры. Паколькі гаварылася аб спыненні транспарту ажно ў Седльцы, радныя прапанавалі прыцягнуць да размоў і пратэсту павятовыя самаўрады Сямятыч і Бельска-Падляшскага.

Рада павета ўхваліла пратэст супраць планаванага спынення пасажырскага чыгуначнага транспарту на Гайнаўшчыне, які будзе перададзены ўладам чыгункі. Жыхары ўсіх гмін Гайнаўскага павета пачалі ставіць свае подпісы ў падтрымку гэтага пратэсту.