Ніва № 50 (2274), 12 снежня 1999 г.

Гродзенскае радыё ідзе ў атаку

Зміцер КІСЕЛЬ

З 1 снежня павялічыўся эфірны час перадач Гродзенскага радыё і тэлебачання. Калі раней гродзенцы маглі глядзець мясцовае тэлебачанне толькі гадзіну па будзённых днях на канале цэнтральнага беларускага тэлебачання і гадзіну ў тыдзень на расійскім канале „Культура”, дык зараз трансляцыя на гэтым канале павялічваецца да дзвюх гадзін штодня акрамя суботы і нядзелі. Яшчэ больш павялічваецца радыёэфір: з гадзіны 20 хвілін да 3 гадзін кожны дзень ад панядзелка да пятніцы. Кіраўніцтва гродзенскага тэлерадыёаб’яднання тлумачыць павелічэнне часу перадач тым, што жыхары Гродзеншчыны маюць значна менш магчымасцей атрымоўваць мясцовую інфармацыю чым жыхары іншых рэгіёнаў Беларусі. На самай справе, у Мінску, Гомелі і нават у некаторых раённых цэнтрах існуе шэраг прыватных тэле- і радыёканалаў. У Гродне ёсць некалькі гэтак званых „студый кабельнага тэлебачання”, але яны паказваюць толькі відэафільмы і трансліруюць замежныя спадарожнікавыя каналы.

Гродзенскі радыёэфір запоўнены расійскімі каналамі. Ад нядаўняга часу да іх дабавілася праграма Мінскай студыі „Радио Рокс” (расійскі прыватны канал, які ў самой Расіі збанкрутаваў). Беларускае радыё канкурэнцыю ім скласці не можа. Яно працуе ў „лепшых” традыцыях савецкіх часоў. Паведамленні пра поспехі ў сельскай гаспадарцы змяняюцца ўсхваленнем Аляксандра Лукашэнкі. Музыка, асабліва маладзёжная, практычна адсутнічае. Яшчэ некалькі гадоў таму сярод гродзенцаў самымі папулярнымі былі праграмы Беластоцкага радыё. Яго можна было пачуць у крамах, аўтобусах, аўтамабілях, з вокнаў дамоў. Але пасля „раскруткі” у Беларусі рускай музычнай „папсы”, гродзенцы пераключыліся на маскоўскі „Молодёжный канал”, дзе калі-нікалі можна пачуць інфармацыю пра Беларусь, зразумела ў расійскай інтэрпрэтацыі.

Менавіта на хвалях гэтага канала стала працаваць трохгадзіннае „Радио Гродно”. Але наўрад ці гэта зроблена з патрыятычных памкненняў. Праграма рускамоўная. Музыка — тая ж расійская „папса”. У першы дзень эфіру вядучы вырашыў расказаць слухачам што-небудзь „из жизни наших звёзд” і расказаў... пра расійскую спявачку Азізу, казашку па паходжанні, якая карыстаецца скандальнай папулярнасцю. Як стала вядома з неафіцыйных крыніц, працаваць на рускай мове журналістам параіў старшыня гродзенскага тэлерадыёаб’яднання Дзмітры Воўчак (былы намеснік начальніка ўпраўлення культуры аблвыканкама), каб „прывучыць слухачоў” да праграмы. Да канца года „Радио Гродно” будзе выходзіць два разы на тыдзень, пасля — штодзень. Плануецца, што тады яно стане беларускамоўным.

Хутчэй за ўсё пашырэнне эфірнага часу гродзенскага радыё гэта пачатак контрпрапаганднай кампаніі, пра якую ўжо даўно гаварыў Аляксандр Лукашэнка. Маўляў, Беларусь акружана ворагамі, якія займаюцца інфармацыйнай дыверсіяй. Магчыма, за сваё з’яўленне „Радио Гродно” павінна быць удзячным беластоцкаму „Радыё Рацыя”, якое ўжо абрасло ў Беларусі шматлікімі легендамі і стала вядомым сярод гродзенцаў нават не выходзячы ў эфір.