Ніва № 50 (2274), 12 снежня 1999 г.

Несавецкі погляд на беларускую гісторыю

Віталь ЛУБА

17 верасня 1939 года — дата неадназначная. У польскай гістарыяграфіі лічыцца яна пачаткам савецкай акупацыі, а ў савецкай — вызвалення Заходняй Беларусі і Украіны з-пад польскага панавання. Апошнія гады прынеслі рэзкую пераацэнку фактаў навейшай гісторыі. І хаця гістарычная навука ў Беларусі не вольная яшчэ ад савецкай ідэалагічнай спадчыны, аднак станоўчыя зрухі ў напрамку яе дэідэалагізацыі і аб’ектывізацыі адбываюцца. Можна было ў гэтым пераканацца падчас навуковай канферэнцыі „Грамадска-палітычнае жыццё на Беларусі ў 1939-1941 гадах”, арганізаванай 26-27 лістапада г.г. Беларускім гістарычным таварыствам і Кафедрай беларускай культуры Універсітэта ў Беластоку, у якой удзельнічалі гісторыкі з Польшчы і Беларусі. Змешчаны ў 21 дакладзе фактаграфічны матэрыял і зробленыя на яго падставе высновы кідаюць новае святло на аналізуемы перыяд.

Ужо першы даклад, з якім выступіў Рыгор Лазько з Гомеля („Паход Чырвонай Арміі на Захад: погляд з Усходу”), прыцягнуў маю ўвагу адсутнасцю савецкай рыторыкі. Паводле дакладчыка, сустрэча беларусаў з усходу з суайчыннікамі з захаду ў верасні 1939 г. была сустрэчай двух светаў, двух ладаў жыцця, і прынесла расчараванне абодвум бакам. Грамадзяне БССР думалі, што ў Заходняй Беларусі людзі жывуць горш за іх. Потым аказалася, што там узровень жыцця вышэйшы. Напрыклад, выкладчык Беларускага дзяржаўнага універсітэта Скаржынскі заўважыў, што „рабочы Беластока ці Вільні лепш апрануты за нашага настаўніка”. Афіцэры пасля ўваходу ў Заходнюю Беларусь пачалі займацца рабаўніцтвам. Камандаванню прыйшлося змагацца з „антыпартыйнымі ўчынкамі” афіцэраў і адзін з іх нават быў зняты з пасады. Да паходу Чырвонай Арміі адмоўна паставілася 20% вясковага насельніцтва, перш за ўсё сяляне-аднаасобнікі, і студэнты. Трагедыя Польшчы ўспрымалася імі са спачуваннем: „СССР пісаў у газетах, што не хоча ваяваць, а напалі на Польшчу”, „Нашы пайшлі дабіваць Польшчу”. Антысавецкія настроі на вёсцы ўзмоцніліся ў канцы 30-х гадоў, калі з мэтай завяршэння будовы сацыялізму, а ў сапраўднасці — таталітарнай сістэмы, варварскімі метадамі праводзілася ссяленне хутароў. Тады савецкая ўлада не стала беларусам сваёй уладай.

На ролю гісторыкаў звярнуў увагу Аляксандр Смалянчук з Гродна. У Савецкім Саюзе лічыліся яны байцамі ідэалагічнага фронту. У 1980-1990-х гадах у савецкай гістарыяграфіі павеяла свежым паветрам, а выхад у 1993 г. кнігі Язэпа Найдзюка і Івана Касяка „Беларусь учора і сяньня” дала беларускім гісторыкам магчымасць пазнаёміцца з несавецкім бачаннем беларускай гісторыі. Цяпер у лукашэнкаўскай Беларусі наглядаецца вяртанне часткі гісторыкаў на савецкія рубяжы. Уладзімір Калаткоў з Мінска адзначыў, што аналізуемы перыяд даследуецца ўжо з аб’ектывісцкіх пазіцый з недаследаваных крыніц і неабходны абагульняючыя працы.

Аляксей Літвін з Мінска ваенна-палітычную абстаноўку ў Беларусі напярэдадні нямецка-савецкай вайны назваў ліхаманкавай падрыхтоўкай да вайны з завязанымі вачыма. Будова абарончых умацаванняў і аэрадромаў вялася пры дапамозе будбатальёнаў — неўкамплектаваных ваенізаваных падраздзяленняў, у якіх служылі 23 тысячы салдат. І гэтая безабаронная маса прыняла на сябе першы нямецкі ўдар у чэрвені 1941 года. Гэты ж даследчык аднёсся таксама да вітання салдат Чырвонай Арміі грамадствам Заходняй Беларусі ў верасні 1939 г. Звярнуў ён увагу на яшчэ адзін фактар, які часта не ўлічваецца гісторыкамі: проста пасля ўступлення саветаў на занятай імі тэрыторыі скончылася нямецка-польская вайна, спыніліся бамбардзіроўкі населеных пунктаў, аднавілася мірнае жыццё.

Ацэнкі гістарычных фактаў, якія даваліся беларускімі гісторыкамі, нярэдка выклікалі палеміку польскіх даследчыкаў, асабліва калі датычылі яны ўдзелу палякаў у грамадска-палітычным жыцці ў савецкай рэчаіснасці. З высновай Валянціна Мазца з Мінска, што савецкія ўлады на Беласточчыне ў 1940 годзе накіравалі дзейнасць на ўзмацненне польскага культурніцкага ўплыву палемізавала прафесар Альжбета Смулкова, якая назвала яе новай ідэалагізацыяй гісторыі. Паводле яе, не была гэта паланізацыя, бо ў Заходняй Беларусі жылі аўтэнтычныя палякі. Палеміку выклікала таксама ацэнка культурнага жыцця, паколькі польскія даследчыкі не заўважаюць у ім праяваў культуры, а толькі адну савецкую прапаганду. У 1939 г. у Беластоку спынілася многа яўрэйскіх артыстаў, між іншым джазавы ансамбль Эдзі Рознера. Яўген Розенблат з Брэста пытаў рытарычна, ці джаз таксама служыў саветызацыі грамадства.

Артыкулы з канферэнцыі будуць надрукаваны ў „Bialoruskich Zeszytach Historycznych”, якія выйдуць з друку ў палове 2000 года. Павінны яны прыцягнуць увагу ўсіх, хто цікавіцца мінулым нашага рэгіёна, паколькі ў дакладах прыводзіцца шмат фактаў шасцідзесяцігадовай даўнасці, якія мелі месца ў гарадах, мястэчках і вёсках Беласточчыны.