Ніва № 50 (2274), 12 снежня 1999 г.

Без грошай, але сваё робім

Міра ЛУКША

28 лістапада г.г. у сядзібе БГКТ па вул. Варшаўскай у Беластоку, амаль поўнасцю адрамантаванай (апроч паржавелага даху, які пагражае зваліцца пад снегам) праводзіўся Пленум Галоўнага праўлення. Апроч членаў пленарнага сходу прысутнічалі запрошаныя госці: віцэ-консул Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, страшыня рады Гайнаўскага павета і войт Гайнаўскай гміны Вольга Рыгаровіч, войты Чаромхаўскай і Арлянскай гмін Міхал Врублеўскі і Міхал Іванчук, а таксама радны Ваяводскага сейміка Ян Зенюк.

У плане дня разглядаліся наступныя справы: культурна-асветная і арганізацыйная дзейнасць БГКТ, супрацоўніцтва БГКТ з уладамі Беларусі, праблемы беларускай меншасці ў Польшчы, Беларускі музей у Гайнаўцы. Культурна-асветную і арганізацыйную дзейнасць падсумавала сакратар ГП Валянціна Ласкевіч. У сваім дакладзе пералічыла ўсе мерапрыемствы, якія традыцыйна арганізуюцца БГКТ для дарослых і дзяцей. Гэта ў асяроддзі школьным — конкурсы: дэкламатарскі, песенны, тэатральных калектываў (дойдзе яшчэ каляднай песні), для дарослых — песенныя агляды раённыя і цэнтральны Фестываль беларускай песні (30 год), агляды абрадавых калектываў, Свята беларускай культуры ў Беластоку, Купалле ў Белавежы, канферэнцыі і фестывалі — супольна з Саюзам палякаў Беларусі — „Шлях да ўзаемнасці”, беларускія народныя фэстыны, юбілеі калектываў, і новая імпрэза, якая па ініцыятыве якраз БГКТ можа стаць агульнапольскай — Музычныя дыялогі над Бугам. Наракала дакладчыца на не зусім справядлівы падыход беларускіх масмедыяў да старанняў БГКТ, да слабога асвятлення дасягненняў і папулярызавання калектываў, а таксама папракала (радыё) не за інфармацыю, а за дэзінфармацыю (падаваліся не тыя гадзіны распачацця імпрэзаў). А гэты год быў крытычным, калі гаварыць пра фінансы (гэта моцна кранула дзейнасць усіх меншасных арганізацый у Польшчы) — да кастрычніка БГКТ не атрымала ніякіх сродкаў з Міністэрства культуры РП (хоць Міністэрства фінансаў планаваныя сродкі ў Міністэрства культуры адвяло). Тут трэба падзякаваць самаўрадам, якія бачаць патрэбы роднай культуры і стараюцца ўспамагчы беларускую дзейнасць. Структура БГКТ будзе дастасаваная да новага адміністрацыйнага падзелу (рушылася ўжо занядбанае ад нейкага часу сямятыцкае асяроддзе, выбраны новыя ўлады пад старшынствам маладога Алеся Мудэля, арганізаваўся з царквою дабрачынны канцэрт. У сямятыцкім аддзеле ва ўладах засядае і віцэ-бурмістр Сямятыч).

Асобна пра сваю гайнаўскую бэгэкатоўскую дзейнасць расказаў Міхал Голуб. Здаецца, гайнаўская ініцыятыўнасць і „сепаратызм” не вельмі даспадобы беластоцкім уладам БГКТ, бо ўсю дзейнасць ГП праводзіць з аддзеламі. На нашу думку, гэта не так кепска, як каму можа здавацца, і не трэба на нікога за гэта крыўдаваць, і не „дуцца”, а блаславіць такую самастойнасць і жывучасць. Чым больш разнароднасці, тым лепш. І, як заўважыў Янка Зенюк, не трэба зачыняцца ў сваім коле, а хадзіць на ўсе беларускія імпрэзы, канферэнцыі, падртымліваюць усе беларускія ініцыятывы, пасылаць адзін аднаму інфармацыі пра дзейнасць („Ніва” „падпольна” мусіць даведвацца пра імпрэзы арганізаваныя БГКТ, хоць дасылаюць сюды інфармацыі пра ўсё ўсе іншыя арганізацыі, якія дзейнічаюць не толькі ў Падляшскім ваяводстве...). Кастусь Масальскі ўжо пару гадоў кліча ўсіх беларусаў на „круглы стол” — гаворыць пра гэта на кожным пленуме і з’ездзе; магчыма, што час, найбольш спрыяльны для такое сустрэчы, ужо і страчаны...

Старшыня БГКТ Ян Сычэўскі прадставіў нялёгкую сітуацыю, перш за ўсё фінансавую, меншасцей ў Польшчы, якая яшчэ больш трагічная у Падляшскім ваяводстве, дзе ўлады ўвогуле не бачаць і бачыць не хочуць суграмадзян і іх патрэб (больш пра гэта ў наступным нумары „Нівы”). Гаварыў таксама пра кантакты з Рэспублікай Беларусь. Ёсць умовы, каб рэалізаваць усе запланаваныя кантакты ў галіне культуры, асветы. „У апошні час усё гэта вельмі-вельмі папсавалася, — заўважыў старшыня. — Трапляюцца нерыемныя выпадкі несур’ёзнага трактавання нашых спраў, удакладненых пагадненнямі. Вось прыклад: адносіны да нашых студэнтаў, высланых на навучанне ў Беларусь. Яны здалі экзамены перад дзяржаўнай камісіяй з Мінска. А пасля адна дзяўчына атрымала паведамленне з Беларускага дзяржаўнага універсітэта, каб паявілася там на экзаменах. Адной увогуле адправілі назад дакументы. Трэцяя паехала, а яе адправілі дадому, не прынялі. Падобная сітуацыя з „Беларускім календаром”, адзіным нашым інфарматарам, які беларускі бок добраахвотна забавязаўся дапамагчы нам выдаваць. Была дзіўная сітуацыя і з курсам дасканалення настаўнікаў — паехалі толькі дзве асобы, а трэба было на ўласны кошт — а раней не было пра гэта інфармавана. Думаю, што ў сувязі з тым трэба было б, каб пленарнае пасяджэнне ГП БГКТ прыняло прапанову, што накіруем такі зварот да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у справе далейшага супрацоўніцтва паміж БГКТ і ўладамі ды ўстановамі РБ. Спытаем: ці ў далейшым будзе дапамагаць беларускай меншасці ў Польшчы, і будзем прасіць, наколькі магчыма, каб сканкрэтызаваў, у якіх праблемах зможа нам памагчы. Бо ў такой атмасферы вельмі цяжка працуецца! Мы, здаецца, не бачым з нашага боку грахоў у адносінах да ўлад і да ўстаноў Беларусі. Мы да іх адносіліся вельмі ўважліва і з удзячнасцю. Калі да нас прыязджалі прадстаўнікі дзяржаўных і самаўрадавых устаноў, мы прымалі іх з увагай і гасціннасцю. Мы на такія адносіны не заслужылі!”

Хтосьці з мужчын незадаволена буркнуў у гэты момант: „Служы пану верне... а ён табе...” Але віцэ-консул Павел Латушка супакоіў усхваляваны і разгублены пленум, цытуючы ліст Міністэрства замежных спраў Беларусі за подпісам віцэ-міністра Герасімовіча і прыпомніў сустрэчу тыдзень таму ў консульстве з кіраўніцтвам БГКТ. Генеральнае консульства і міністэрства прапануюць выезд у Мінск лідэраў усіх беларускіх арганізацый у Польшчы, кіраўнікоў беларускіх устаноў, дырэктараў ліцэяў, дзеячаў беларускага руху. Прапануецца сустрэча з уладамі РБ, міністрамі адукацыі, культуры, старшынёй Дзяржкамітэта па справах нацыянальнасцей і рэлігіі, на якой беларускія прадстаўнікі маглі б непасрэдна і канкрэтна выказаць свае заўвагі, просьбы. Генеральнае консульства штодзённа інфармуе дзяржаўныя ўстановы Беларусі пра праблемы беларускай меншасці ў Польшчы. На жаль, у апошнім годзе, Беларусь не была ў змозе выканаць усе просьбы, з якімі звярталіся беларусы Польшчы. Была прынята праграма „Беларусы ў свеце” на 1997-2000 гады. У 1997-1998 гг. грошы на выкананне праграмы выдаткоўваліся. На жаль, у 1999 г. не мог дзяржаўны бюджэт выдаткоўваць неабходную колькасць грошай па прычыне вельмі цяжкага эканамічнага становішча краіны.

Міністэрства замежных спраў Беларусі разам з іншымі ўстановамі, цытаваў ліст віцэ-консул, плануе ў ліпені 2000 г. правесці ў Мінску З’езд беларусаў свету, не пад эгідай ЗБС „Бацькаўшчына”, а пад эгідай дзяржаўных устаноў РБ. Сама дзяржава хоча сабраць беларусаў, зацікаўленых супрацоўніцтвам з Беларуссю, зацікаўленых падтрымоўваннем сувязі з РБ. Генеральнае консульства таксама запрашае ў сваю сядзібу ўсе арганізацыі, усе асобы, каб непасрэдна прадстаўлялі свае праблемы, і будуць яны, па меры магчымасці, вырашаны.

— Запрашаеце іх? — абурылася, здаецца, ад імя ўсіх прысутных на пленуме, войт Вольга Рыгаровіч. — Ну, то іх кахайце! Яны ж нішчаць нашу беларускую культуру, нішчаць нашу тоеснасць, заварочваюць кіем Віслу, дзеляць нас, проста перашкаджаюць нам нармальна жыць! А пан, як прадстаўнік Беларусі, выцягвае да іх руку?!! Мы ад іх адварочваемся. Мы з імі не сядзем за адным сталом у Мінску. Яны пастараліся, каб прадавацца за юдавыя срэбнікі. Калі гэта арганізацыі, то я не ведаю, дзе я жыву.

Калі хто не ведае, хто так хвалюе беларусаў і нішчыць беларускую тоеснасць, то паясняю: тыя „срэбнікі” — з тае самае высыхаючае крыніцы, з якое чакае іх наймагутнейшая беларуская арганізацыя (БГКТ), а тыя арганізацыі — што ў Беларускім саюзе (Беларускае літаратурнае аб’яднанне „Белавежа”, якое друкуе беларускія кнігі — вядомае не толькі ў нас, Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Беларускае гістарычнае таварыства, якое два разы ў год выдае „Беларускія гістарычныя зборнікі”, Звяз беларускае моладзі і іншыя). І той стол, якога так чакае і дачакацца не можа дзядзька Кастусь, мог бы быць сапраўды немалы. Але, сапраўды, трэба ведаць, дзе жывецьмем.

А я вось не магу даўмецца, чаму так нервуе, як казалася на пленуме, „нашых слухачоў”, песня, якую ўсё нахабна і без сэнсу пускаецца ў радыё. ...Божа... Выратуй знямелую Айчыну... Выратуй, дай розум і злачынцам, і ахвярам.