Ніва № 49 (2273), 5 снежня 1999 г.

Гісторыя, пісаная ў снежні

Яўген МІРАНОВІЧ

Паглядзеўшы на гісторыю Беларусі дваццатага стагоддзя можна дайсці да вываду, што найбольшую актыўнасць наш народ праяўляў у снежні. Найменш дзеялася ў траўні, чэрвені і ліпені. Відаць, беларусы не хацелі траціць часу на палітыку, калі на лугах і палях сваю гісторыю пісала прырода.

У снежні 1902 г. узнікла першая беларуская палітычная партыя — Беларуская сацыялістычная грамада. Яе дзеячы далі пачатак доўгаму шляху пошукаў нацыянальна-палітычнага вызначэння беларусаў сярод іншых, акружаючых нас, народаў. 15 гадоў пазней І Усебеларускі з’езд (снежань 1917 г.) разважаў ужо ці быць беларусам у адной дзяржаве з рускімі, ці пайсці сваёй незалежнай дарогай. Цікава, што гэтага асноўнага для пачатку стагоддзя пытання наш народ не змог вырашыць па сённяшні дзень. Трэба, аднак, прызнаць, што ўсходнія браты вельмі ўмела ўплывалі на стан свядомасці беларускага люду. Калі ў сакавіку 1918 г. сярод беларусаў перамагла незалежніцкая плынь, расійскія бальшавікі ў снежні 1918 г. стварылі беларускую сацыялістычную дзяржаўнасць — БССР. У снежні 1922 г. прынялі яе ў склад новай маскоўскай імперыі званай Саюзам Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Некалькі гадоў дазволілі нават шчаслівым ад існавання свае сацыялістычнай дзяржаўнасці беларусам ажыццяўляць нацыянальныя мары. Але ў снежні 1929 г. пачаліся першыя рэпрэсіі супраць тых, якія хаця б думалі па-беларуску. Дзесяць гадоў пасля з Савецкай Беларусі асталася толькі назва. Унутры ўсё было выпаленае бальшавіцкімі апрычнікамі.

У час нямецкай акупацыі беларусы, у асноўным з заходняй часткі краіны, прабавалі будаваць сваю дзяржаўнасць, шукаючы дапамогі ў гітлераўскіх палітыкаў і генералаў. У снежні 1941 г. былі створаны адміністрацыйныя структуры, падпарадкаваныя Беларускай народнай самапомачы, якая імкнулася стаць чымсьці накшталт марыянетачнага ўрада. Немцы, аднак, не дазволілі далей весці дзейнасць беларускім, традыцыйна пасвараным паміж сабою, палітыкам. Два гады пасля, калі недалёка межаў Беларусі грымелі ўжо „кацюшы”, гітлераўцы самі пачалі ствараць органы беларускай улады, якая магла б мабілізаваць грамадства да змагання з саветамі. У снежні 1943 г. стварылі яны Беларускую цэнтральную раду, якую прапаганда прадстаўляла як незалежную беларускую ўладу. Зразумела, што столькі ж незалежнасці мела гэтая рада, як кожны чарговы ўрад БССР.

Сімвалам фіктыўнасці бээсэсэраўскай дзяржаўнасці стаў славуты ліст „Вялікаму Сталіну ад беларускага народа”, які быў напісаны дакладна 50 гадоў таму — у снежні 1949 г. Ад імя беларускага люду, бальшавікі, кіруючыя рэспублікай, заяўлялі пра вечную адданасць маскоўскаму чырвонаму імператару. Трыццаць гадоў таму — у снежні 1969 г. — іх спадкаемцы, пастановай Вярхоўнага Савета БССР, прынялі вельмі цікавы дакумент пад загалоўкам „Аб ахове помнікаў культуры”. Раней, аднак, знішчылі большасць помнікаў амаль тысячагадовай гісторыі народа. Пастанова бальшавіцкага Вярхоўнага Савета забяспечвала перш за ўсё творы камуністычнага перыяду, паказвала беларусам, што іх гісторыя як народа пачалася ад кастрычніка 1917 г. Па сённяшні дзень Мінск і большасць гарадоў Беларусі перапоўнены выявамі бальшавіцкіх садыстаў.

У выніку палітычнага землятрусу пры канцы васьмідзесятых і на пачатку дзевяностых гадоў Беларусь зноў апынулася на шляху да незалежнасці. У снежні 1991 г. старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч ставіў свой подпіс пад дакументам абвяшчаючым канец Савецкага Саюза. Дакладна год пасля беларускія салдаты ўпершыню ў гісторыі далі прысягу захаваць вернасць Беларускаму Народу. Аднак халуям, якія далей былі пры ўладзе, ніякая незалежнасць не была патрэбная. У снежні 1993 г. дэпутат і афіцэр савецкіх спецслужбаў Лукашэнка абвінаваціў прадстаўнікоў незалежніцкага лагера ў карупцыі, вяртаючы прынцыпы палітычнага змагання камуністычнага перыяду. У ліпені 1994 г. быў ён ужо прэзідэнтам Беларусі, а ў снежні гэтага ж года рэспубліканскія газеты паказаліся з ненадрукаванымі старонкамі. Цэнзура не пусціла ў друк выступлення дэпутата Сяргея Антончыка, які ў парламенце прадставіў доказы крымінальнай дзейнасці акружэння прэзідэнта Лукашэнкі. І так пачалося вяртанне ў савецкае мінулае. Сто гадоў змагання за сваю дзяржаўнасць было аднак вельмі блізка паспяховага завяршэння. Невядома толькі снежань якога года дасць пачатак новаму перыяду ў гісторыі Беларусі. У гэтым стагоддзі астаўся адзін такі месяц.