Ніва № 49 (2273), 5 снежня 1999 г.

Малыя гранты — вялікая справа

Віталь ЛУБА

На аб’яўлены Цэнтрам грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь конкурс на малыя гранты для няўрадавых арганізацый і таварыстваў, якія дзейнічаюць на карысць беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы паступіла 36 праектаў ад 20 арганізацый. 17 лістапада былі аб’яўлены вынікі конкурсу і падпісаны дамовы, а ў кавярні „Тэхнічная” ў Беластоку адбылася сустрэча ўдзельнікаў конкурсу з яго арганізатарамі і донарамі.

У выніку конкурсу фінансавую падтрымку агульнай велічынёю больш за 100 тысяч зл. атрымалі 29 праектаў 18 арганізацый. Старшыня ЦГА Польшча-Беларусь Марцін Рэмбач заўважыў, што амаль усе праекты будуць выконвацца выключна беларускімі суполкамі, што красамоўна сведчыць пра сітуацыю на Беласточчыне, дзе адносіны паміж нацыянальнымі меншасцямі і большасцю грамадства фарміруюцца на прынцыпе палярызацыі асяроддзяў. Толькі чатыры праекты маюць польска-беларускі характар: Мастацкае згуртаванне „Карткі” выпусціць нумар аднайменнага часопіса, прысвечанага беларускай літаратуры, а разам з БАСам наладзяць канцэрт „Народнага альбома”; той жа БАС разам з польскімі арганізацыямі „Маладых дэмакратаў” і „Маладых кансерватараў” наладзяць у Польшчы курсы для беларускіх няўрадавых арганізацый, а аддзел Беларускага саюза ў Гайнаўцы будзе весці дыскусійны форум аб справах горада. Гражына Капіньска — кансультант Фонду Форда, галоўнага донара конкурсу, падкрэсліла, што амерыканскаму спонсару залежыць, каб нацыянальныя меншасці будавалі сваю тоеснасць і прытым інтэграваліся з большасцю. Адсутнасць польска-беларускіх праектаў занепакоіла таксама Пётра Марціняка — шэфа Фонду Польская праца і заадно старшыню Праграмнай рады ЦГА Польшча-Беларусь. Выказаў ён таксама задавальненне, што дзякуючы конкурсу беларуская меншасць у Польшчы будзе мець крыху лепшыя ўмовы дзеяння.

У сённяшняй матэрыяльнай сітуацыі беларускіх суполак, якія ў асноўным карыстаюцца міністэрскімі — і радзей самаўрадавымі — датацыямі, кожная дадатковая крыніца фінансавання мае вялікае значэнне. Гранты, прыдбаныя кіраўніцтвам ЦГА Польшча-Беларусь, дазволяць ажыццявіць шэраг цікавых ініцыятыў у нашым асяроддзі. Напрыклад, у Дубічах-Царкоўных у будынку старой школы паўстане рэгіянальны музей беларускай культуры, дзіцячы хор „Лісічкі” з Ласінкі выпусціць аўдыёкасету з запісам праваслаўных калядак, а Беларускае асветнае таварыства будзе ладзіць інтэграцыйныя мерапрыемствы для польскіх і беларускіх дзяцей у школе № 11 у Беластоку. Бацькоўскі камітэт Дзіцячага садка № 14 у Беластоку зрэалізуе праект „Ад абраднасці да тоеснасці”, у ходзе якога бацькі, дзеці і настаўнікі будуць ставіць фальклорныя пастаноўкі, а Беларускае аб’яднанне студэнтаў выпусціць, між іншым, кнігу Васіля Сакоўскага „Гісторыя маёй мясцовасці”, кампакт-дыск Алеся Камоцкага і касету рок-гурту „Кальян” з Гродна. Грантамі пакарыстаецца таксама наша рэдакцыя. Прызнаныя нам грошы дазволяць на паўгадовую высылку дзевяноста экземпляраў „Нівы” ў Беларусь і на друк кнігі „Бежанства”. „Зорка” ў сваю чаргу пашырыць формулу зорчынай праграмы і супольна з Беларускім саюзам правядзе конкурс „Наш клас”.

У рамках раздадзеных грантаў будзе ажыццяўляцца шмат іншых асветных, культурных, грамадзянскіх і выдавецкіх ініцыятыў. Як заявіў праграмны дырэктар ЦГА Польшча-Беларусь Яўген Вапа (ён і старшыня Беларускага саюза ў РП), ад вынікаў сёлетняга конкурсу залежаць будуць поспехі пошукаў спонсараў для беларускай дзейнасці ў наступных гадах.