Ніва № 48 (2272), 28 лістапада 1999 г.

Беларусы, саветы, палякі...?

Яўген МІРАНОВІЧ

Вельмі цікавую канферэнцыю арганізавала ў палове лістапада Кафедра беларускай культуры Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта. Хаця прысвечана яна была культуры Гродзеншчыны, аднак вельмі вялікую групу ўдзельнікаў складалі гісторыкі, якім арганізатары стварылі асобную секцыю. Сярод амаль дваццаці выступаючых толькі трое зачыталі свае рэфераты на рускай мове. Амаль не адчувалася таксама характэрнай для савецкай гістарыяграфіі балбатні аб нічым пры дапамозе лозунгаў, прыдуманых работнікамі партыйнага апарату. Навамовы сучаснай улады ніхто ў навуковым асяроддзі яшчэ не прыстасаваў для патрэб навукі і праўдападобна гэтага ніколі не адбудзецца. Маладыя, у пераважнай большасці, гісторыкі прадстаўлялі затое вынікі сваіх даследаванняў на ўзроўні не сустраканым дагэтуль на канферэнцыях у Польшчы. Відаць, беларускія гісторыкі сядзяць у архівах, чытаюць шмат літаратуры, напісанай суседнімі народамі, чаго нельга сказаць пра супрацоўнікаў гістарычных інстытутаў польскіх універсітэтаў. У Беларусі знаходзіцца інтэлектуальны патэнцыял неабходны для напісання гісторыі краіны на вельмі прыстойным навуковым узроўні. Палітычная сітуацыя пакуль не дазваляе, каб моладзь у школах і студэнты ва універсітэтах вучыліся пра мінуўшчыну свае краіны з падручнікаў, напісаных з беларускага нацыянальнага пункту гледжання.

Сярод маладой беларускай інтэлігенцыі сустракаецца шмат католікаў. У большасці валодаюць яны польскай мовай. Некаторыя заяўляюць, што бацька ці маці ў іх — палякі. Пасля чаркі голасна разважаюць пра свае польскія карані і нават пачынаюць гаварыць на падобнай да польскай мове. Усё гэта адбываецца менш больш у стылі нашых праваслаўных палякаў, якія, падвыпіўшы ў сваёй кампаніі, гатовыя рваць сарочку на грудзях і спяваць песні савецкіх партызан, а прытым часта паўтараць: „Я — тоже белорус”. Прапарцыянальна са змяншэннем колькасці алкаголю ў крыві пачынае ў іх свядомасць вяртацца адчуванне польскасці як істотнага фактара штодзённага жыцця.

Большасць католікаў-інтэлігентаў у Беларусі адчувае сябе беларусамі і не маюць у гэтым ніякага сумнення. Прыезд у Польшчу наогул замацоўвае ў іх беларускасць. Адзін з маладых вучоных расказваў, што, нягледзячы на ступень авалодання польскай мовай, у Варшаве ці Кракаве палякі зараз назавуць цябе „рускім”, а часта таксама „кацапам”. Пераканаўся ён, што калі пачаць гаварыць на беларускай мове, а пасля, як бы пабачыўшы, што паляк не разумее ніякай іншай апрача сваёй, з адчуваннем высакамернасці перайсці на польскую, выклікае гэта вялікую пашану, пры адной толькі ўмове: трэба паводзіць сябе як беларус. Найбольшая памылка — кажа — адрэкамендаваць сябе палякам з Беларусі. Тады адразу становішся чалавекам другой катэгорыі, які прыехаў за нейкай дапамогай. Грамадзяне Польшчы падазраюць таксама, што за вонкавай польскасцю скрываецца нейкае „кацапскае хітрунства”. Інакш, калі прыязджаеш з Мінска як беларус і як чалавек сапраўды адукаваны, калі валодаеш мовамі сваіх суседзяў, а афіцыйна выступаеш толькі на беларускай. Тады становішся шанаваным чалавекам.

Але ёсць і іншы вопыт тамашніх католікаў. „Пан ест з Бялэгостоку, то пан пэўне поляк?” — пытае нейкі гродзенскі культуразнаўца і, не чакаючы адказу, заяўляе: „Я тожэ естэм поляк і чэнсто бывам у Бялэгостоку, але апошнім разэм былэм у Варшаве і Парыжу”. Я адказваў яму на беларускай мове, а ён усе пяць мінут мучыўся на польска-беларускай трасянцы. У канцы, стаміўшыся, пачаў „говорить нормально”. Католікам стаў ён нядаўна. Лагічным лічыць, што калі запісаўся ў католікі, тады і можа назваць сябе палякам. Адзін дзед майго суразмоўцы быў католікам. Кім былі бацькі, не сказаў, але пра цудоўнае „навруцэне” напэўна не вырашалі тэалагічна-этычныя вартасці каталіцызму.

Інакш сваю польскасць бачыць малады чалавек з Полацка, якога маці была беларускай, а бацька — палякам. Сам ён носіць матчынае прозвішча. Відаць, лучнасць з бацькам-палякам мела толькі біялагічны характар. Але ад нейкага часу задумваецца ён пра свае генетычныя праблемы і дашукваецца праяваў польскасці ў сваім характары, антрапалагічных рысах ці адчуванні метафізічнага характару. Пакуль што не ведае яшчэ хто ён, але — заявіў — штораз бліжэй яму да польскасці. „Можа ты толькі савет?” — спытаў я ў яго. Думаў, што абурыцца, але на маё здзіўленне адказаў, што савецкая нацыя была б яму найбліжэйшай, толькі што афіцыйна такой няма і не будзе. З тае прычыны пераважная большасць грамадства вымушана шукаць сабе нейкага новага самавызначэння. Іх вялікая надзея, Аляксандр Лукашэнка, замест упарадкаваць справы светапогляду і нацыянальнага вызначэння, акампраметаваў толькі прасавецкую арыентацыю. Некаторыя маладыя людзі, шукаючы нацыянальнага вызначэння, улічваюць таксама меркантыльныя паслядоўнасці свайго выбару. Магчыма, што іх дзеці не будуць ужо саветамі.