Ніва № 48 (2272), 28 лістапада 1999 г.

Вялікая палітыка ў Старым Беразове

Аляксей МАРОЗ

— Быў у нас прэзідэнт, быў прэм’ер, прыемна, што завітаў і старшыня пээсэлю, — гэтымі словамі войт Вольга Рыгаровіч вітала старшыню сялянскай партыі ПСЛ Яраслава Каліноўскага на сустрэчы з земляробамі Гайнаўскай гміны, якая адбылася 10 лістапада г.г. у Старым Беразове.

У вясковым клубе сабраліся, у асноўным, пажылыя сяляне, ва ўзросце пад шэсцьдзесят гадоў, гаспадары са Старога Беразова і Махнатага. З суседніх вёсак даехалі толькі адзінкі. Побач госця і войта селі намеснік старшыні Ваяводскай управы ПСЛ Мікола Яноўскі, радны са Старога Беразова Грыша Мароз і солтыс Ян Лаўрыновіч.

— Дастаткова толькі глянуць на залу і відаць, што вёска наша памірае, — працягвала Вольга Рыгаровіч, указваючы на пенсіянераў у першых радах.

Войт адзначыла, што ў Старым Беразове, дзе праходзіла спатканне, разбудавана тэхнічная інфраструктура, аднак маладыя вымушаны выязджаць у гарады, бо няма адпаведных умоў для сельскагаспадарчай вытворчасці. Паведаміла таксама пра неадпаведныя ўмовы адукацыі дзяцей і моладзі. Кожны дзень школьны транспарт пераадольвае з дзецьмі па 216 кіламетраў, а на чатыры школы толькі ў адной рыхтуюцца абеды. Падкрэсліла таксама, што фінансавыя складанасці, выкліканыя будовай новага гімназічнага будынка, паглыбляюцца з прычыны вельмі мізэрнай дапамогі Кураторыі.

Выступленне старшыні ПСЛ пачалося партыйнымі лозунгамі аб неабходнасці павелічэння ў дзяржаўным бюджэце сродкаў для вёскі. Далей прамоўца крытыкаваў урад, ягоныя рэформы, праводзіў аналіз прычын нізкага ўзроўню жыцця на вёсцы і нерэнтабельнасці сельскай вытворчасці.

Гаспадары ў сваю чаргу пыталі пра таннае збожжа, якое пры праўленні ПСЛ прывезена было з-за мяжы і рэзка панізіла цану ў краіне і даход з сельскай гаспадаркі. Жыхары Старога Беразова з настальгіяй успаміналі часы праўлення Эдварда Герка і цікавіліся магчымасцю нечарговых парламенцкіх выбараў. Расчараваныя прэзідэнтурай Аляксандра Кваснеўскага пыталіся, чаму іх абраннік падтрымлівае палітыку віцэ-прэм’ера Лешка Бальцаровіча. Гаспадароў цікавіла, калі будуць уведзены даплаты да саляркі і якая будзе дапамога дзяржавы для вёскі ў бліжэйшы час. Людзі пыталіся як жыць, калі ліквідуецца чыгуначны транспарт і абмяжоўваецца колькасць аўтобусаў, якія ездзяць праз вёску. Прасілі дапамагчы захаваць чыгуначны транспарт хаця ў Гайнаўку і не пераўтвараць Белавежскую пушчу ў парк, бо гэта давядзе да гаспадарчага заняпаду рэгіёна і збяднення грамадства.

Старшыня ПСЛ Яраслаў Каліноўскі выказаўся за ранейшыя выбары. Заклікаў падпісвацца ў падтрымку рэферэндуму ў справе прыватызацыі маёмасці. Тлумачыў, як падатак Vat на сельскагаспадарчую прадукцыю панізіць яе прыбытковасць і заяўляў, што яго партыя выказваецца за даплатамі да збожжа.

Наконт нашага рэгіёна ў час спаткання ў Старым Беразове і на прэс-канферэнцыі ў Гайнаўцы Яраслаў Каліноўскі заявіў, што не падтрымае пераўтварэння Белавежскай пушчы ў парк, калі не будуць згодны з такой прапановай самі жыхары і самаўрады прыпушчанскіх гмін. Сказаў, што выступае супраць абмежавання прыгранічнага гандлю і будзе змагацца за пашырэнне кантактаў з усходнімі партнёрамі і гаспадарчае развіццё ўсходніх рэгіёнаў. Журналісты так і не пачулі канкрэтнага адказу на пытанне, чаму паслы ад ПСЛ галасавалі супраць „Закона аб нацыянальных меншасцях”. Паводле старшыні ПСЛ, умовы для развіцця тоеснасці нацыянальных меншасцей — добрыя.