Ніва № 46 (2270), 14 лістапада 1999 г.

Пра „саксы” ў Польшчы, рэкет ды беларуса Юру

Валеры САЎКО
(Беларуская служба Польскага Радыё)

Да мяне ў Варшаву пазваніла сяброўка з Беларусі з просьбай: у адным з падваршаўскіх пасёлкаў яе сябра-суайчыннік нелегальна працуе на будове, нікога не ведае, адчувае сябе адзінока — ці не мог бы я з ім сустрэцца?

Па тэлефоне з Юрам (бо так завуць маладога чалавека) дамовіліся сустрэцца на вакзале Варшава-Стадыён, паколькі ён ведае толькі гэтае месца ў сталіцы. Папраўдзе, не вельмі ахвотна туды я ехаў, бо мікрараён Прага карыстаецца не найлепшай рэпутацыяй, акрамя гэтага, чалавек, папаўшы ў ваколіцы вядомага Стадыёна Х-годдзя, адчувае сябе чужым, як бы трапіў у іншы свет: кругом валяюцца ўпакоўкі з-пад тавараў, людзі пхаюцца, хутка цягнучы за сабой каляскі, загружаныя клетчатымі сумкамі, а руская ды в’етнамская мовы рашуча дамінуюць над польскай. Юра заўважыў мяне адразу, як толькі я ўвайшоў у будынак вакзала, бо бачыў на фотаздымках у знаёмай, якая тэлефанавала з просьбай: прывіталіся, пры гэтым звярнуў увагу на вялікія, з мазалямі, рабочыя рукі майго новазнаёмага, змучаны твар, з выгляду гады 23, ды радасць у вачах. Пэўна ад сустрэчы.

— Я дык увогуле не ведаю Варшавы, толькі стадыён, бо сюды прыязджае аўтобус з Баранавічаў, толькі ведаю, як адсюль прыгарадным цягніком даехаць да гаспадара, — пачаў як бы апраўдвацца Юра, па-руску.

Я на хвілінку адышоў ад свайго госця, каб у кіёску купіць цыгарэты. Адвярнуўшыся, заўважыў ля Юры маладых хлопцаў, напэўна непалякаў — судзячы па вопратцы і рысах твараў, якія яго цесна абступілі і, пазіраючы па баках, ціха гутарылі. „Можа знаёмыя з будовы”, — мільганула ў галаве думка.

— Ты откуда? — не вельмі дружалюбна і грозна запытаў адзін з іх, адлучыўшыся ад групы і падышоўшы да мяне.

— O co panu chodzi, ma pan jakies problemy? — ад пачутага адказу на польскай мове мой суразмоўца пачаў заікацца, замяўся...

— То пан паляк? — вылупіўшы вочы, запытаў незнаёмы.

— Jezeli pan potrzebuje pomocy, to chetnie panu udziele, tylko nie rozumiem, czego pan potrzebuje... — не паспеў я скончыць, як незнаёмы недзе знік.

Аднак двое з іх — рэкеціраў, як нялёгка можна было здагадацца, не збіраліся адыходзіць ад Юры.

— Przepraszam panow. Czy panowie czegos chca od mojego goscia? — станоўча запытаў я бандытаў.

— Не, не. Тылько мувімы, прошэ пана. До відзэння, — варожа ўсміхаючыся і скрыгочучы зубамі, бо нейкі „пан паляк” адабраў заробак, падалі рукі і зніклі ў натоўпе.

Першы раз я сутыкнуўся са слаўным „усходнім рэкетам”, быў задаволены, што розум перамог над кулакамі, але адначасова крыху было няёмка, нават крыўдна, што нейкія жулікі, здаровыя, па два метры ў плячах мужыкі, акалачваюцца па вакзалах і забіраюць грошы ў сваіх жа суайчыннікаў, якія надрываюцца, каб больш-менш прыстойна зарабіць, цягаюць цяжкія торбы альбо цэглы на будове. Тым больш, калі ахвярай гэтых дармаедаў з’яўляецца жанчына, маці, якая пакінула дзяцей у той жа Беларусі і прыехала ў Варшаву, каб купіць некалькі куртак альбо штаноў і пасля ў сябе прадаць. Яна не спала, цэлую ноч трэслася ў „Ікарусе”, харчавалася сухімі бутэрбродамі, думала пра сваіх дзетак — як там яны сабе дадуць раду, ці самі выбяруцца ў школу — выходзіла а 5 раніцы з аўтобуса, каб пайсці на базар і купіць тавар, а тут падыходзяць здаравенныя амбалы і забіраюць скрутак банкнотаў... Для жанчыны гэта трагедыя, у адзін момант рушацца планы, надзеі...

Вытрымаўшы атаку рэкеціраў, з задавальненнем, але адначасова і асадкам на душы, вязу я Юру ў госці.

Піва можна назваць інтэграцыйным напоем, яно збліжае, ліквідуе бар’еры і развязвае язык. Такім чынам для журналіста з’яўляецца яно свайго роду прыладай працы...

Юра ўжо неаднойчы сутыкаўся з рэкецірамі, амаль заўсёды, калі прыязджаў на заработкі ў Польшчу — цяпер ён ужо бадай што тут пяты раз. Гэта не такія ўжо і аматары, як можа здавацца, працуюць арганізавана і паводле раней прынятага плана. Для прыкладу, у Гродне адзін з бандытаў сядае ў аўтобус, разам з гандлярамі, і спакойна едзе ў Варшаву, пільна прыслухоўваючыся да размоваў спадарожнікаў. Канечны прыпынак — стадыён, рэкецір жа просіць шафёра, каб ён затрымаўся раней, перад базарам. Выйшаўшы, звоніць па сотавым тэлефоне сваім калегам-бандзюгам, дакладна інфармуе, хто колькі мае грошай, апісвае больш багатых пасажыраў і на гэтым яго місія заканчваецца. Яго ж сябрукі толькі чакаюць прыбыцця аўтобуса, каб па наводцы накінуцца — бы воўчая зграя — на бедных гандляроў. А яны нават і не падазравалі, што едуць з рэкецірам, бандытам, бо як жа можна падазраваць такога прыемнага, гаварлівага хлопца, які на сам рэч з’яўляецца асноўным віноўнікам іх няшчасця.

Цяпер Юра разумны, не носіць з сабой вялікай сумы грошай з моманту, калі жулікі забралі ў яго 50 долараў. Адзін яго знаёмы не хацеў аддаваць цяжка заробленых грошай, то рэкеціры — прама на вачах у людзей — пабілі яго на пероне, забралі долары і спакойна сабе пайшлі.

Юра — разам з двума ўкраінцамі — у падваршаўскай мясцовасці займаецца аддзелачнымі работамі ў віле.

— Вельмі добры гаспадар. Яго жонка, старшыня банка, пастаянна жыве ў Варшаве, рэдка сюды прыязджае. Як яе доўга няма, то гаспадар любіць выпіць, а як перабярэ, то шабляй рубае бутэлькі, — смяецца Юра. — Часам нас корміць, толькі не ведаю, як палякі могуць есці суп з вішнямі і макаронамі. У нас суп павінен быць з мясам, — крывячыся, здзіўляецца. — Я сярод усіх найлепш ведаю польскую мову. Гаспадар аднойчы сказаў нам „смачнэго”, дык мой сябра ўкраінец падумаў, што ён пытаецца ці смачна, адказаўшы „так, так, смачна-смачна”. У іншага гаспадар запытаў, ці мае „каляжанку”, той жа зразумеў, што прапануе ісці спаць і дае нейкую „ляжанку”, — распавядае Юра.

Цяпер яму пашанцавала, бо ўжо другі раз працуе ў таго ж самага гаспадара. Калі прыехаў першы раз, вясною, то двое сутак качаваў на вакзале, не ведаючы мовы і горада. Тады ж у яго рэкеціры забралі 50 долараў, пакуль нехта не падказаў, што ёсць біржа, дзе польскія гаспадары забіраюць „рускіх” на работу. Калі прыехаў другі раз, прыйшлося спаць у кустах. Добра, што было лета. Пасля ўдалося знайсці працу на будове. Гаспадар быў скупы, плаціў мала, не карміў, аднак запрапанаваў начаваць у падвале, не даўшы абсалютна нічога. Прыйшлося некалькі дзён спаць на бетоннай падлозе, паклаўшы на голы цэмент газеты ды курткі. Зразумела, цяжка, але што не зробіш, каб дасягнуць мэту. Юра марыць уладкавацца ў Мінску на працу па спецыяльнасці, шафёрам на вялікагрузны аўтамабіль, так як і яго старэйшы брат. Але для гэтага патрэбны грошы, каб даць хабар — 500 долараў. Вось ён і хоча сабраць патрэбную суму, працуючы пад Варшавай, ды і сваёй дзяўчыне трэба купіць падаркі з Польшчы, павесці яе ў бар, на дыскатэку.

— А ў гэтага гаспадара някепска, працуем па 10 гадзін удзень, з 8 раніцы да 6 вечара, у суботу да 3 дня. У месяц атрымліваецца каля 300 долараў, аднак на рукі застаецца недзе 200, бо трэба купіць харчаванне, цыгарэты — апавядае Юра, выцягваючы з партманэ касавы чэк з супермаркету на суму 50 злотых, адкуль вынікае, што некалькі дзён таму купіў ён некалькі ўпаковак сасісак, хлеб, памідоры, іншыя прадукты, таннае піва, аднак імпартныя, дарагія цыгарэты.

— Вось я ўжо ў суме некалькі месяцаў у Польшчы, аднак не хацеў бы тут жыць, — гаворыць Юра, калі стаім на пероне, чакаючы прыгарадны цягнік, — не падабаецца мне Польшча, тут людзі нейкія дзіўныя, заўсёды некуды спяшаюцца ды і нас не любяць, беларусаў...

Аранжавыя дзверы цягніка, пасля пранізлівага сігнала, зачыніліся. Свайго новага знаёмага гэтым разам — навучаны горкім вопытам — пасадзіў на іншым вакзале, а не на славутым Стадыёне. Вяртаючыся дадому, доўга думаў, стараючыся прадставіць сябе ў яго сітуацыі: не змог бы спаць пад кустом, на голым бетоне, цярпець прыніжэнне, стаяць на біржы і маліцца, каб прыехаў нейкі гаспадар і ўзяў на працу, што б рабіў, калі б нейкі тупы рэкецір забраў грошы? Мноства пытанняў і ніводнага канкрэтнага адказу, бо чалавек, па сваёй натуры, стараецца не ўяўляць сябе ў цяжкай сітуацыі, альбо проста не хоча.

І зноў жа паўстае чарговае пытанне: чаму грамадзяне Беларусі павінны балансіраваць на мяжы галечы і жабрацтва, чаму яны, якія стварылі і былі ўладарамі агромнай дзяржавы, назва якой Вялікае княства Літоўскае, павінны спаць пад кустом? Чаму яны, сустракаючы за мяжой свайго суродзіча, размаўляюць на чужой мове, нават не на мове краіны, дзе прабываюць? І яшчэ адно, асноўнае, пытанне: ці пры сённяшняй уладзе ў Беларусі можна адказаць на ўсе гэтыя пытанні?

Скора прыйдзецца верыць у пэўную беларускую легенду: калі Бог пасля стварэння свету дзяліў зямлю, даў беларусам ураджайную глебу, лясы з мноствам жывёлы, рэкі ды азёры са шматлікай рыбай, прыгожую прыроду, а каб ім не здавалася, што жывуць у раю, даў кепскае начальства...

Але пакуль ёсць такія людзі як Юра, што любой цаной хочуць дасягнуць мэту, нягледзячы на цяжкасці і перашкоды, калі, будучы за мяжой, мараць, каб як найхутчэй вярнуцца назад, дамоў, з Беларуссю нічога кепскага не станецца. Даючы ж беларусам кепскае начальства, Бог такім чынам хацеў іх праверыць, нездарма ж класік беларускай літаратуры напісаў: Я маўчу, маўчу, трываю, але скора загукаю...