Ніва № 46 (2270), 14 лістапада 1999 г.

Якая будучыня „Бардаўскай восені”?

Аляксей МАРОЗ

— Сем конкурсных выканаўцаў і тры зоркі: Алесь Камоцкі, Кася Камоцкая і Віктар Шалкевіч ды польскі бард Шыман Зыховіч выступілі ў час сёлетняга Фестывалю „Бардаўская восень”, арганізаванага Звязам беларускай моладзі, які 29 і 30 кастрычніка г.г. праходзіў у Бельскім доме культуры.

З ліку сямі выканацаў выступіла чатырох бардаў з Рэспублікі Беларусь, а таксама Алег Кабзар з Бельска-Падляшскага (ён родам таксама з Беларусі) і два гурты з Гайнаўскага белліцэя: „Гоман” і „Знічка”. Журы, якое складалі Кася Камоцкая, Багдан Сіманенка, а ўзначальваў Ежы Завіша — дырэктар Дэпартамента нацыянальных меншасцей Міністэрства культуры, вылучыла трох выканаўцаў, якіх узнагародзілі ўжо бяльшчане. Гран-пры фестывалю і заадно ўзнагароду бурмістра Бельска-Падляшскага атрымаў Сяржук Кулягін з Магілёва, па прафесіі тэлежурналіст. Гурт „Гоман” з Гайнаўскага белліцэя з салісткай Ілонай Карпюк атрымаў узнагароду Рады бацькоў Падставовай школы № 3, а Алена Мароз з Мінска, студэнтка беларускай філалогіі і журналіст па прафесіі, ад Бельскага аддзела БГКТ.

Новую ўзнагароду — „Залатога Ваську” — прыдумаў Лявон Тарасэвіч і другая камісія пад ягоным старшынствам прысвоіла яе Сяржуку Храмаву з Брэста (па прафесіі ён следчы міліцыі).

— За простыя словы і музыку для простых людзей, — уручаючы прыз заявіў Лявон Тарасэвіч. — Мы ўвесь час думалі, як дапасаваць прызы да рэаліяў Беласточчыны. Калі ў Амерыцы ёсць „Аскары”, у Польшчы — „Фрыдэрыкі”, падумалі, што на Беласточчыне добра было б даваць „Залатога Ваську”.

Барды найчасцей выконвалі лірычныя творы, але Ігар Кулягін заявіў, што песня не будзе аўтарскай, калі не будзе адклікацца да палітычных падзей. Сюжэты, выкліканыя беларускай палітыкай актуальныя ў аўтарскай песні і на сённяшні дзень. У час конкурснага агляду найбольш горача ўспрымаліся выступленні гуртоў „Гоман” і „Знічка” з Гайнаўкі, якім спадарожнічала свая публіка. Гайнаўскія белліцэісты разам са сваімі настаўнікамі прыехалі ажно на трох аўтобусах. Узнагароду атрымаў гурт „Гоман”, у якім выступілі Тамаш Сцепанюк, Марцін Харкевіч, Павел Алясюк, Кароль Вакулюк і салістка Ілона Карпюк. Раней выступалі яны найчасцей з фолькавай музыкай і панк-рокам і толькі на бардаўскі фестываль пачалі рыхтаваць песні набліжаныя да аўтарскіх. Салістка Ілона Карпюк, якая з калектывам „Знічка” найчасцей выступала на аглядах арганізаваных БГКТ, заявіла, што даўно ўжо яе марай было выступіць на „Бардаўскай восені”. Адметнасцю ліцэйскага гурту была багатая інструментоўка, якая добра ўспрымалася вучнёўскай публікай.

Апрача згаданых гуртоў астатнія выканаўцы прыехалі з традыцыйнай аўтарскай песняй. Аднак сёлета паявіліся крытычныя заўвагі наконт нізкага ўзроўню фестывалю. Сам старшыня Звязу беларускай моладзі заявіў, што бардаўская песня як на Беларусі, так і на Беласточчыне, не развіваецца (яна — не прагрэсіўная), а штораз больш натуральнай становіцца музыка гуртоў. Хаця Сяржук Кулягін і Алена Мароз паведамлялі, што ў Беларусі штораз больш аўтарскіх песень ствараецца на беларускай мове, у Магілёве паўстаў Клуб аўтарскай песні, у наступным годзе хочуць арганізаваць там фестываль для бардаў і штораз больш папулярнай сярод беларускіх студэнтаў, побач расійскага рока, становіцца аўтарская песня, з боку Звязу беларускай моладзі паявіліся выказванні наконт змены формулы бельскага фестывалю. У наступным годзе, мабыць, побач бардаў паявяцца выканаўцы рок-музыкі. Як успрымуць гэта барды?

Пастаянныя зоркі бельскага фестывалю Алесь Камоцкі, Кася Камоцкая і Віктар Шалкевіч сёлета, як штогод успрымаліся цёпла. Іх песні як бы пярэчылі патрэбе пошукаў новага для бельскага фестывалю.