Ніва № 45 (2269), 7 лістапада 1999 г.

Цярністы шлях Беларусі

Юры ТУРОНАК

Можна спадзявацца, што кніга Яўгена Мірановіча „Навейшая гісторыя Беларусі” (Беласток 1999, с. 270) зацікавіць многіх чытачоў і спецыялістаў. Нягледзячы на амбітны загаловак яе асноўны змест — развіццё беларускага нацыянальнага руху і станаўленне дзяржаўнасці, якой пазіцыя сёння хвалюе не толькі беларусаў.

Дзевяць раздзелаў кнігі лагічна адпавядаюць асноўным этапам палітычнай гісторыі Беларусі — ад часу яе ўваходжання ў састаў Расійскай імперыі па сённяшні дзень. Аўтар пачынае ад прадстаўлення першых канспіратыўных спроб фармавання беларускай нацыянальнай ідэі ў другой палове XIX ст. і намаганняў яе пашырэння сярод насельніцтва ў нашаніўскі перыяд (1906-1915), слушна заўважаючы, што гэты перыяд быў закароткі для ўкаранення ў масах нацыянальнай свядомасці і выпрацоўкі да Першай сусветнай вайны агульнанацыянальнай канцэпцыі дзяржаўнага будаўніцтва.

Гэтыя перадумовы пагоршыліся ў выніку мабілізацыі дзеячаў у расійскую армію і эвакуацыі насельніцтва ў глыб Расіі, што паўплывала на мізэрнае выкарыстанне асветна-культурных канцэсій нямецкіх акупацыйных улад у заходняй частцы Беларусі. Палітычная дзейнасць ажывілася пасля Лютаўскай рэвалюцыі (1917 года) і акупацыі нямецкай арміяй усходніх раёнаў Беларусі (1918 г.), а яе завяршэннем была пракламацыя і кароткачасовае існаванне Беларускай Народнай Рэспублікі. Ва ўмовах адсутнасці сваёй рэальнай вайсковай сілы і дзейснай падтрымкі мас, больш зацікаўленых вырашэннем сацыяльных пытанняў, сярод палітыкаў БНР пераважалі арыентацыі на знешнія сілы, што спараджала ўнутраныя самагубныя канфлікты. Гэта аблягчала Савецкай Расіі і адроджанай Польшчы ігнараваць БНР і трактаваць яе як прадмет сваіх інтарэсаў.

Рыжскі трактат (1921 г.) не толькі выключыў магчымасць нацыянальнага развіцця ў савецкай і польскай частках падзеленай Беларусі, але — як піша Яўген Мірановіч — „стварыў сітуацыю супярэчнасці польска-беларускіх інтарэсаў і вялікія магчымасці ўздзеяння на гэтыя суадносіны з боку Масквы”. Гэтыя працэсы аўтар пераканаўча адлюстроўвае ў III i IV раздзелах кнігі, паказвае, як паступова, хаця рознымі метадамі, вынішчаўся нацыянальны патэнцыял у БССР і Заходняй Беларусі. Невыпадкова ўз’яднанне беларускіх абшараў у верасні 1939 г. успрымалася беларускімі дзеячамі (нават хадэцкімі) як акт гістарычнай справядлівасці.

Значную ўвагу аўтар прысвяціў драматычным падзеям перыяду нямецкай акупацыі (1941-1944), калі ва ўмовах непаслядоўнасці нямецкай палітыкі і партызанскай вайны асноўным імкненнем насельніцтва было звычайнае выжыванне. Усё ж стаўка нямецкай цывільнай адміністрацыі на ажыўленне аслабленага беларускага нацыяналізму (БНС, СБМ, Рада Даверу, БЦР, роспуск калгасаў, вайсковыя фарміраванні і інш.) не была безвыніковая, а гэта мела важныя паслядоўнасці пасля вяртання Чырвонай Арміі ў Беларусь. Пад шырмай выкаранення фашысцкай ідэалогіі цэлыя пасляваенныя дзесяцігоддзі працягвалася змаганне з беларускімі нацыянальнымі вартасцямі. У выніку — піша Мірановіч — „краіна засталася без нацыянальнай эліты, частка якой загінула ў час акупацыі, частка эвакуіравалася з нямецкай арміяй, а астатнія неўзабаве апынуліся ў савецкіх канцэнтрацыйных лагерах. У Беларусі не стала сіл, якія маглі б хаця прыпамінаць аб ідэі незалежнасці, аб сваіх нацыянальных сімвалах” (с. 166).

Працэсам пасляваеннай дэнацыяналізацыі спрыяў таксама наплыў грамадзян з іншых рэспублік СССР, галоўным чынам расіян, якія займалі кіруючыя пасты ў грамадскім жыцці Беларусі. Істотны ўплыў на русіфікацыю насельніцтва мела ўрэшце інтэнсіўная індустрыялізацыя і перасяленне сельскага насельніцтва ў гарады. Новых гараджан задавальняла грамадскае павышэнне, рускамоўнае асяроддзе і асабліва дасягнуты ў 70-х гадах адносны дабрабыт. Паслядоўна, да гарбачоўскай перабудовы дысідэнцтва ў Беларусі было амаль не заўважальнай з’явай, значна слабейшай чым у Расіі ці Прыбалтыцы.

Апошні раздзел кнігі („Суверэнная Беларусь”) прысвечаны падзеям апошняга дзесяцігоддзя — паўставанню маладзёжных суполак, апазіцыйных партый і рухаў, развіццю непадцэнзурнай выдавецкай дзейнасці і г.д. Аднак — сцвярджае Мірановіч — беларускім элітам не ўдалося новыя ідэйныя плыні прышчапіць масам, якія пад уплывам нарастаючага эканамічнага крызісу заставаліся абыякавымі да лозунгаў аб дэмакратыі і нацыянальным адраджэнні (с. 212-213). Дэкларацыі Вярхоўнага Савета аб суверэнітэце і незалежнасці былі вымушаны палітычнай сітуацыяй і не адлюстроўвалі жаданняў пераважнай часткі дэнацыяналізаванага грамадства. Настальгія па СССР абумовіла бліскучую перамогу Аляксандра Лукашэнкі ў прэзідэнцкіх выбарах (1994 г.), а пазнейшыя рэферэндумы далі прэзідэнту народны мандат для дзяржаўнай інтэграцыі з Расіяй.

Кніга Яўгена Мірановіча наводзіць на невясёлыя роздумы, сярод якіх на першы план высоўваецца пытанне нацыянальнай самасвядомасці мас, ці дакладней — яе хранічнай адсутнасці. Аўтар не лакіруе сапраўднасці, але прычыну гэтай з’явы бачыць у дзеяннях суседзяў. Гэта не выясняе справы да канца, больш істотнай была і ёсць няздольнасць ці неахвота беларускага люду бараніць і памнажаць свае ідэйныя вартасці.

Занадта катэгарычна гучыць вывад аўтара аб тым, што беларуска-польскія і беларуска-расійскія палітычныя інтарэсы ўзаемна выключаюцца (с. 3), а таксама, што сярод беларусаў не было групавой матывацыі да супрацоўніцтва з немцамі (с. 136). Заўважым, што міжнародныя адносіны гэта не евангельская ісціна, яны мяняюцца ў залежнасці ад патрэб, магчымасцяў, умельства, затое суседства застаецца нязменным. Усё ж не ясна чым кіраваўся аўтар крытычна ацэньваючы пазіцыю Іваноўскага (с. 159) і адначасова замоўчваючы адносіны Астроўскага да польскага падполля (матэрыялы захаваліся).

Яўген Мірановіч, як правіла, не дакументуе сваіх выказванняў, што характэрна для публіцыстычных твораў. Аднак у некаторых выпадках дакументацыя была б пажаданая. Гэта датычыць такіх сенсацыйных паведамленняў, як запрашэнне Леніным Луцкевіча на перагаворы ў Маскве (с. 36), адсутнасць у Мінску рэакцыі на разгром Грамады (с. 92), пагадненне Праўдзіц-Шляскага з немцамі (с. 160), „вялікія сродкі” для БЦР (с. 161), праект перадачы Полацкай вобласці Расіі (с. 167) ці пра шматтысячныя копіі „Письма Русскому Другу” (с. 206). Пра забойствы духоўных восенню 1939 г. (с. 122) былі б пажаданыя канкрэтныя весткі, вядома, што з некаторымі распраўляліся мясцовыя жыхары, а не савецкія ўлады ці салдаты.

Не магу не звярнуць увагі на дапушчаныя ў тэксце памылкі і недакладнасці, якія, на жаль, памяншаюць вартасць і культуру выдання. Іх можна было пазбегнуць шляхам больш грунтоўнага выкарыстання крыніц і папярэдняй рэцэнзіі. Вось асноўныя, на старонках:

8 — Эліта ВКЛ падвяргалася паланізацыі не ў канцы XVIII ст., яна паланізавалася некалькі стагоддзяў.

17 — Не „Наша Хатка”, а „Наша Хата”.

27 — Ліпеньскі з’езд левых партый (1917 г.) не „распусціў” (ён не меў такой магчымасці) БНК Скірмунта, які працягваў дзейнічаць і ў 1918 г.

34 — У 1918 г. немцы не захапілі ўсёй Беларусі.

42 — Няўжо ў 1919/20 г. выходзілі ў Мінску „незалежныя” беларускія газеты?

48 — Крэдыт (40 млн. марак) не быў нямецкі, а ўкраінскі, прызнаны ўраду БНР у канцы 1918 г. і здэпанаваны ў берлінскім банку, пазней, пасля паручэння літоўскага ўрада быў перададзены Ластоўскаму.

93-99 — Сярод віленскіх арганізацый прапушчана ТБШ, якое мела большае значэнне чым БІГіК.

76, 6 р. зверху — Не на ўсход, а на захад.

95 — Беларускіх каталіцкіх ксяндзоў перамяшчалі не ў цэнтральныя ваяводствы, але ў польскія мясцовасці іх дыяцэзіі.

97, 98 — У выніку забароны ўладамі арганізацыйнага з’езда (1937) ніколі не паўстала Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя, тым больш не магла быць „адзінай” беларускай партыяй, якая пратрымалася да 1939 г. (Той адзінай было БНА).

127 — Няўжо толькі „некалькі дзесяткаў кулакоў” планавалася дэпартаваць на ўсход?

142, 259 — Не Кноўт, а Контаўт.

142 — Не Шчорс заснаваў „Новую дарогу”.

143 — Беластоцкая вобласць у 1941-1944 гг. не была далучана да Усходняй Прусіі. Няпраўда, што ў Прыбалтыцы немцамі дазваляліся толькі 4-кл. пачатковыя школы, там працавалі і сярэднія, і вышэйшыя.

147 — У 1943-1944 гг. у Беластоку дзейнічала Беларускае Аб’яднанне, а не Беларускае Нацыянал-Дэмакратычнае Аб’яднанне.

163 — У Нямеччыну вывезлі не „некалькі тысяч”, а некалькі сот тысяч.

254 — Кс. В. Гадлеўскі нарадзіўся ў 1888, а не 1898 г.

Адносна лексікі: не гаворыцца „духовая” (адасобленасць), а духоўная (с. 9 і інш.), войскі не „апанавалі” лінію, а выйшлі на лінію (с. 40), Грабскі не „фарсіраваў”, а дамагаўся граніцы (с. 49), не шматкратнае, а шматразовае (с. 86, 197).