Ніва № 45 (2269), 7 лістапада 1999 г.

Хлусня на экспарт

Зміцер КІСЕЛЬ

26-27 кастрычніка славуты хлус Гебельс напэўна не раз пераварочваўся ў труне ад зайздрасці. Гітлераўскаму прапагандысту напэўна нават не снілася, што можна так уздзейнічаць на слухачоў, як гэта рабіў Аляксандр Лукашэнка падчас сваіх выступаў у расійскай Дзяржаўнай Думе і ў інтэрв’ю маскоўскім журналістам. Ён паехаў у Маскву з нагоды сустрэчы кіраўнікоў краін, што ўваходзяць у магутны саюз. Акрамя Беларусі ў яго аб’ядналіся Расія, Казахстан, Кіргістан і Таджыкістан. Але гэта падзея засталася ў цяні інтэгратарскіх і выкрывальніцкіх прамоў Лукашэнкі па тэлебачанні і ў расійскім парламенце.

Пасля сустрэчы з Ельцыным 26 красавіка, ён даў інтэрв’ю кіраўніку галоўнага дзяржаўнага расійскага тэлеканала РТР. Лукашэнка запэўніў расійцаў, што іх прэзідэнт поўнасцю здаровы, хоча аб’яднаць Беларусь і Расію, але яму перашкаджаюць. У дадатак Ельцын быццам бы паабяцаў паехаць на бліжэйшы саміт АБСЕ ў Стамбул і падняць там пытанне пра недапушчальнасць умешвання еўрапейскіх краін і ЗША ва ўнутраныя справы Беларусі пад выглядам абароны правоў чалавека.

Тут жа было зроблена сенсацыйнае паведамленне. Па словах Лукашэнкі, яму дакладна вядома, што амерыканцы прымусілі прэзідэнта Украіны Леаніда Кучму сустрэцца з Сямёнам Шарэцкім, паабяцаўшы за гэта грошы на выбарчую кампанію. Дасталося ЗША і падчас выступу на папулярным тэлеканале НТВ. Аказваецца, гэта Амерыка вінавата ва ўсіх сусветных і беларускіх праблемах. На пытанне журналісткі наконт яго легітымнасці як прэзідэнта, Лукашэнка адказаў, што той хто будзе падпісваць з ім саюзную дамову, у яго легітымнасці не сумняваецца. Ён у сваю чаргу ўпэўнены, калі б выбары прайшлі зараз, яго зноў падтрымаў бы ўвесь народ. Але вызначыць выбары „датэрмінова” (па канстытуцыі 1996 года) немагчыма. Гэта можа быць толькі тады, калі ён сам адмовіцца ад улады. Лукашэнка лічыць, што так зрабіць нельга, бо „когда я завтра отрекусь от власти, где гарантия, что послезавтра там не будет захвачена власть вот этими оголтелыми людьми, которые финансируются криминальными структурами и поддерживаются спецслужбами США”. Пад „оголтелыми” ён уяўляе апазіцыянераў, якія арганізавалі Марш свабоды 17 кастрычніка. Паводле Лукашэнкі, яны бандыты, з якімі дамаўляцца ён не будзе. Для прапанаванага АБСЕ дыялога падыходзіць іншая „апазіцыя”: камуністы, лібералы-дэмакраты (жырыноўцы), Беларускі саюз моладзі (былы камсамол), Белорусский потриотический союз молодёжи (арганізацыя створаная Лукашэнкам і цалкам яго падтрымліваючая), Саюз афіцэраў (арганізацыя савецкіх адстаўнікоў), філіял расійскай партыі „Яблыка” ў Беларусі.

Аляксандру Лукашэнку не зусім даспадобы праект саюзнай дамовы (Беларусь захоўвае, хоць кволую, але незалежнасць і няма пасады агульнага прэзідэнта — аўт.), аднак, гледзячы на супраціў часткі расійскіх палітыкаў, беларускай „националистической элиты” і ціску Захаду, ён згодны і на гэта, каб пасля зрабіць больш радыкальнае аб’яднанне. Не турбуе яго і тое, што некаторыя пункты праекта дамовы аб саюзе не адпавядаюць канстытуцыі. Можна зняць гэтыя пункты або змяніць канстытуцыю. Напрыканцы інтэрв’ю Лукашэнка запэўніў, што беларускія хлопцы пасля аб’яднання не будуць ваяваць у „гарачых” расійскіх кропках: „наши ребята по нашей конституции, если мы её не изменим, не могут служить в иных точках, кроме Беларуси”.

Галоўнай падзеяй візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскве безумоўна стала яго паўтарыгадзінная прамова ў Дзяржаўнай Думе. Па словах аднаго расійскага дэпутата, выступоўца вельмі нагадваў яму Фідэля Кастра. Слухаць госця з Мінска адмовілася толькі фракцыя партыі „Яблыка”, але не таму, што яе членам не хочацца павялічыць тэрыторыю Расіі за кошт Беларусі, а таму, што яны лічаць Лукашэнку нелегітымным прэзідэнтам і падпісаная з ім дамова не будзе прызнана сусветнай грамадскасцю. Аднак адсутнасць „яблычнікаў” не засмуціла Лукашэнку. Пераважная большасць „думцаў” сустрэла яго стоячы, як нацыянальнага героя.

Прамоўца адразу пачаў пераконваць сваіх слухачоў у неабходнасці найхутчэйшага падпісання саюзнай дамовы. Ён выказаў непакой з нагоды таго, што зацягваецца час і людзі перастаюць верыць у сэнс аб’яднання, памірае старэйшае пакаленне, якое з’яўляецца адданым прыхільнікам адраджэння СССР. На думку Лукашэнкі, у Беларусі не трэба праводзіць рэферэндум па стварэнні адзінай з Расіяй дзяржавы, бо такі рэферэндум ужо быў і дзве траціны беларусаў выказаліся за саюз. Па словах прамоўцы, аб’яднацца трэба, каб супрацьстаяць ворагам, якія акружылі Беларусь і Расію. Ён пашкадаваў, што „мы не видим тех огромных легионов станций слежения и разведки; мы не видим, что пичкается (?) только что вступившая в НАТО Польша и другие государства, прибирается к рукам Прибалтика; что сегодня Украина, фактически руководство, скажем так, Украины оторвано от нас и проводит неизвестно какую политику”. Вялікая частка прамовы была адведзена на ўсхваленне самога сябе, на доказ адданасці Расіі. Лукашэнка сказаў, што да яго прыходу да ўлады „элита во главе с Шушкевичем полностью развернула Беларусь на Запад, что уродливо перекошеная политика господина Шушкевича привела к тому, что в 93-94 годах сотни русских убегали из Беларуси”. Зараз рускім у Беларусі жывецца лепш чым у Расіі.

Расказаў выступоўца і сваю версію падзей 17 кастрычніка ў Мінску. Па ёй сцэнарый падзей пісаўся ў ЗША, а дакладней у ЦРУ. Адтуль жа прыслалі сотні тысяч долараў для арганізацыі дэманстрацыі. Дэманстранты, якіх Лукашэнка налічыў усяго тысячу чалавек, ірваліся да яго рэзідэнцыі. Камяні, з дапамогай якіх павінны былі быць прабіты міліцэйскія шыхты, спецыяльна прывозіліся. Але Лукашэнка разумеў, што яго хочуць зноў абвінаваціць у парушэнні правоў чалавека і загадаў міліцыі пацярпець і ні ў якім выпадку не кранаць нападаўшых дэманстрантаў. Згодна версіі прамоўцы, не быў збіты ніводзін чалавек. Апазіцыя, якая была названа „националистической” і „фашиствующей”, ставіла мэту давесці АБСЕ, што на саміт у Стамбул павінен ехаць не Лукашэнка, а Шарэцкі, як кіраўнік эміграцыйнага ўрада. Аказваецца, такі ўрад ужо створаны за мяжой. „В эмиграции шушкевичи, пазьняки, шарэцкие... один в Литве, другой в США, трети сам не знаю где”, — аўтарытэтна заявіў Лукашэнка.

Звярнуўся ён і да расійскіх праблем. Заклікаў не кланяцца „жулікам” з Міжнародна валютнага фонду, а фінансавыя праблемы вырашыць прадаўшы некалькі ракетных комплексаў. Быў азначаны і канкрэтны адрас пакупнікоў — краіны Блізкага Усходу. Выступ вельмі спадабаўся слухачам. Аляксандра Лукашэнку праводзілі — як і сустракалі — стоячы.

Ад аўтара: Слухаючы Лукашэнку я адчуваў нейкую няёмкасць. Не хацелася верыць, што чалавек можа так пераканаўча хлусіць перад усім светам. Не магу нічога сказаць пра амерыканскія грошы Кучму. Але дакладна ведаю, што не было ў Беларусі рэферэндуму аб зліцці з Расіяй, а толькі пра эканамічную інтэграцыю. Спадар Шушкевіч 27 кастрычніка быў у сваёй кватэры ў Мінску. Як сведка падзей 17 кастрычніка я на свае вочы бачыў, як амапаўцы напалі на людзей, калі яны пачалі разыходзіцца. Пасля чаго і распачалася бойка. Камяні прывезла не ЦРУ, а мінскія камунальныя службы. Дакладней: не камяні, а ходнікавую плітку, якою планавалася ўкладваць парк на беразе Свіслачы. Міліцыя, напаўшы на людзей, сама спіхнула іх з моста да штабялёў з пліткай. Сам бачыў, як збіваліся безабаронныя людзі. Да тых, хто біўся служкі рэжыму падысці баяліся. Затрыманых (цудам удалося пазбегчы такога ж лёсу) катавалі ў пастарунках. Пра гэта паведамлялі некаторыя з іх на прэс-канферэнцыі, наладжанай праваабарончымі арганізацыямі Мінска. Збівалі старых і малых, мужчын і жанчын. Некаторыя нават не прымалі ўдзелу ні ў мітынгу, ні ў шэсці.