Ніва № 31 (2203), 2 жніўня 1998 г.

Музычнае „Басовішча”

Аляксандр МАКСІМЮК

Канцэртаў на „Басовішчы” слухае новае пакаленне публікі, якая ад фестывалю патрабуе выключна музыкі, а не палітычных ці нейкіх іншых дэкларацый. Ад першага выпуску фестывалю прайшло 8 гадоў — у гэты прамежак часу паволі адбылася найважнейшая перамена музычнага відовішча ў Барыку. Маханне бел-чырвона-белымі сцягамі надалей выдатна прэзентуецца ў фотааб’ектыве, але арганізатары фестывалю ахвотней карыстаюцца сёння факсамі і сотавымі тэлефонамі, чымсьці лозунгамі пра адраджэнне чагосьці ў імя нечага.

А ўсё ж такі Фестываль музыкі Маладой Беларусі, які 17-18 ліпеня г.г. адбыўся ў Гарадку дзевяты раз, з’яўляецца найважнейшым стымулам музычнага руху сярод маладога пакалення на Беласточчыне. Ён гэта праклаў сапраўдны мост паміж тварцамі маладзёжнай музыкі ў Беларусі і Беласточчынай. Без фестывалю наўрад ці магчымым сталі б канцэрты сучасных беларускіх гуртоў на Беласточчыне — „Мроя”, „Уліс”, „Крама”, „Палац”, пэўна, выступілі б раз або два ў нейкім клубе Беластока ці Варшавы, але наогул спаглядалі б у сваіх артыстычных планах далей, на захад. Без такога штогадовага музычнага форуму як „Басовішча” немагчымым было б і наша тут музычнае жыццё, прынамсі не ў такім маштабе як цяпер. Праўда, нашы гурты ў прыгнятальнай большасці няўстойлівыя — з году ў год мяняюцца іхнія назвы, жанры і персанальныя саставы, часамі гурты ўзнікаюць толькі дзеля „Басовішча”. Але праўда і такая, што не такія мы ўжо тут шматлюдныя ды артыстычна моцныя, каб мець пяць або дзесяць сваіх „Р. Ф. Брагаў”. Адна „Брага”, якая выступае ў канцэрце зорак побач „НРМ” і „Крамы” (прытым, невядома ўжо, хто каму зрабіў у гэтым годзе такім суседствам гонар) — гэта і ёсць наша музычная з’ява. Пра такое я нават не падумваў у 1992 г., арганізуючы супольна з Б. Пякарскай і Л. Тарасэвічам трэцяе „Басовішча”. А „Басовішчу” праз год стукне ўжо круглая дзесятка.

Першых „Басовішчаў” слухала пакаленне, сталенне якога выпала на момант палітычнага і культурнага пералому — для яго на першым плане была беларуская нацыянальная кантэстацыя. Цяпер „Басовішча” слухае пакаленне, якому ў 1990 г. было гадоў 8-9-10. „Басовішча” для гэтага пакалення з’яўляецца перш за ўсё дадзенай яму рэальнасцю, а не вынікам якогасьці пералому, таму і не ставяць слухачы ніякіх патрабаванняў у кантэстацыі ці бунце. Патрабаванне толькі адно — у музыцы і чадаванні. І „Басовішча” іх здавальняе — чадуе, а пры гэтым: па-беларуску.

Заўжды пры арганізацыі „Басовішча” ўзнікае пытанне прафесіяналізму ў яго правядзенні. Прафесіяналізм гэты ў вялікай меры адбываецца — энтузіязм, на якім нараджаліся першыя фестывалі, выціснуты цяпер „спонсарствамі”, „патранатамі”, „выключнасцямі” і „канцэсіямі”. Інакш ужо і быць не можа.

Дзевятае „Басовішча” склалася такое, якая музыка на ім. Слабенькі першы конкурсны дзень ды знакамітыя канцэрты ўсіх беларускіх рок-гуртоў на другі дзень. Здаецца, у гісторыю адышлі ўжо працяглыя настройкі інструментаў („Эй, Вань, дай клавішы на маніторы”). Згневала толькі гвяздорства польскага гурту, які прымусіў так доўга чакаць свайго канцэрта. Слабізну першага дня імпрэзы Беларускае аб’яднанне студэнтаў павінна нейкім чынам скарэктаваць у будучым годзе — годзе юбілею „Басовішча”.