Ніва № 29 (1888), 19 ліпеня 1992 г.

Пра Басовішча [1992 г.]

Аляксандр МАКСІМЮК

Пачатак дзевяностых гадоў на Беласточчыне знамянальны ўзьнікненьнем адметнай у культурным краявідзе зьявы — Фэстывалю Музыкі Маладой Беларусі „Басовішча”. Назоў Фэстывалю ўзяўся ад яго пачынальніка — Беларускага Аб’яднаньня Студэнтаў у Польшчы (БАС) — маладой арганізацыі, радавод якой сягае пачаткаў ня менш знамянальных для гісторыі краіны васьмідзесятых. Першы Фэстываль „Басовішча” прайшоў у ліпені 1990 году. Ад гэтае пары традыцыйным месцам правядзеньня імпрэзы стаў гарадоцкі Барык, а тэрмінам — палова ліпеня.

Трэцяе „Басовішча” паказвае, што Фэстываль набывае размах накшталт геамэтрычнае прагрэсіі. Цэлы сакрэт посьпеху гэтай імпрэзы мусібыць у сугучнасьці самое яе ідэі й імкненьня маладога пакаленьня ў Беларусі знайсьці карані свае духоўнасьці ды ўзбагаціць яе на сучасную вартасьць, носьбітам якое — рок-н-рол. Фэстывалі сучаснай беларускай музыкі ў самой Беларусі пачалі ўзьнікаць толькі пасьля старту нашага „Басовішча”, якое й паказала, як трэба праводзіць падобныя імпрэзы. З жалем трэба тут адзначыць, што пакуль няма ў Беларусі фэстывалю, які-б прыцягваў увагу ўсяго музычнага асяродзьдзя і, пры гэтым усім, падтрымліваў якраз беларускае ў музыцы. Гэта, аднак, ня наш клопат.

Наша „Басовішча” падтрымлівае беларускі рок-н-рол і рок-н-рол па-беларуску — хоць, з нашага пункту погляду, гэта не заўсёды адно й тое-ж. Ад двух гадоў у фэстывалі прымаюць удзел дзьве катэгорыі музыкаў: салісты (барды й выканаўцы аўтарскай песьні) ды гурты. Вопыт падказвае, што гэткай формулы трэба прытрымлівацца й надалей. Салісты, музыка якіх патрабуе клімат пэўнай камэрнасьці, ідуць на першую лінію, зьяўляюцца як-бы ўступам для мэталічнага забою, які зазвычай нясе ў сабе гуртавая рок-музыка. З гэтай думкай была складзена праграма „Басовішча ’92”. У першы дзень мы пачуем наагул новых выканаўцаў, так-бы мовіць, дэбютантаў „Басовішча”. Другога дня перавага аддадзена выканаўцам, якія ўжо гасьцявалі ў Барыку. Нядзеля — гэта канцэрт пераможцаў конкурсу, а перад ім гэтак званы вольны мікрафон: голас для ўсяго непрадбачанага, што так ці інакш прыедзе ў Барык ды захоча выступіць.

Арганізатары „Басовішча”, прыдумаўшы ў гэтым годзе конкурс, апынуліся перад дылемай: хто ў конкурсе, а хто па-за ім? З аднаго боку, сярод беларускіх гуртоў наглядаецца выразная дыфэрэнцыяцыя ўва ўзроўні прафэсійнасьці іхняй музыкі, а з другога-ж — як вынік мізэрнасьці інстытуцыяльных формаў музычнага жыцьця ў Беларусі, ня вытварыліся там верагодныя мэханізмы адбору „зораў” ад „пачаткоўцаў”. Таму арганізатарам „Басовішча ’92” ганарліва падумалася, што якраз гарадоцкі фэстываль можа стацца месцам прамоцыі зорак беларускай маладой музыкі. Узнагароджаныя тут выканаўцы ў наступных гадох будуць выступаць на „Басовішчы” як зоркі. А сёлета — усе ў конкурс.

На трэцім Фэстывалі Музыкі Маладой Беларусі „Басовішча” будуць прызнаны чатыры ўзнагароды:

  1. узнагарода БАС для гурту,
  2. узнагарода БАС для саліста (фундатар: Радыё Беласток),
  3. узнагарода публікі (фундатар: Гміна Гарадок),
  4. пэрсанальная ўзнагарода Лёніка Тарасэвіча.
Пра прызнаньне ўзнагародаў 1 і 2 вырашыць адмысловае журы. Каб пазьбегчы шантажу ці іншых формаў націску, пэрсанальны склад журы будзем трымаць у сакрэце да часу заканчэньня конкурсу. Пра прызнаньне ўзнагароды 3 вырашыць плебісцыт публікі — у „Ніве” і ў „Часопісе” вы знойдзеце білет, якім і зможаце прагаласаваць за свайго ўлюбёнага выканаўцу.