Ніва № 33 (1788), 19 жніўня 1990 г.

Выхад з запаведніка [1990 г.]

Валянцін СЕЛЬВЯСЮК

„Рэвалюцыя ў беларускай культуры Беласточчыны” — так магу назваць першы Фестываль музыкі Маладой Беларусі „Басовішча”. Аглядаў беларускай песні адбылося на Беласточчыне шмат. Чаму ж тады, нехта можа запытацца, прыдаю такое значэнне „Басовішчу”? Бо значэнне „Басовішча” ў тым, што адолела яно некалькі бар’ераў, якія ў мінулым здаваліся быць па-за жыццёвымі магчымасцямі беларускай меншасці. У свой час, здавалася, беларуская культура была канчаткова асуджана на вясковасць. Фальклор і народная традыцыя могуць быць багатымі крыніцамі інспірацыі, але ў варунках жыцця нашай меншасці такая мадэль культуры сталася формай павольнага памірання. Пераход з вёскі ў горад, як правіла, канчаўся дэнацыяналізацыяй. У выніку стваралася форма існавання беларускай культуры на правах запаведніка: штодзень усё па-польску (формай і зместам), зрэдчасу фестываль песні, на якім у фабрычна выкананых „народных” строях аматарскія калектывы прэзентавалі фальклорныя напевы, дапасаваныя да панурай эстэтыкі новага мяшчанства.

На „Басовішчы” загучала сучасная музыка. Сучасная, бо створаная ў сучасны момант. Сучасная ў разуменні сучаснай формы. Сучасная ў разуменні сучасных праблемаў. Сучаснай была таксама публіка, якая ўспрымала гэтую музыку не як водгук далёкага дзяцінства, а як частку свайго сучаснага жыцця.

Пра публіку можна агульна сказаць, што была яна маладая і без комплексаў. Не мае значэння, ці складала яе моладзь гарадская, ці вясковая, паколькі ўсе агулам прэзентавалі адзін тып пост-індустрыяльнай культуры. Усе яны з’явіліся на „Басовішчы” ў пошуках нейкай формы выяўлення сваіх пачуццяў. Некаторыя з іх штодзённа карыстаюцца польскай мовай, але толькі адзінкі, як думаю, адносяцца да сваёй нацыянальнай тоеснасці абыякава.

Немалую частку публікі складалі госці з БССР. Хаця відаць была розніца ў паводзінах паміж імі і беластаччанамі, то ў агульнасці выявілася аднолькавая форма ўспрымання рэчаіснасці і маніфеставання жыццёвых паставаў. Каторы ўжо раз аказваецца, як слабой, у сэнсе культурастваральным, была камуністычная сістэма. На самай справе „Басовішча” сваёй формай і зместам пратэставала супроць камуністычнага таталітарызму.

„Басовішча” было фестывалем нацыянальным. Поўнакроўна загучала на ім беларуская мова, натуральна, у беларускім асяроддзі. У шмат якіх песнях гучала ідэя нацыянальнай незалежнасці, а бел-чырвона-белыя сцягі публікі былі адказам. Здарылася мне пачуць, што „нармальнасць” не патрабуе гэтых сцягоў. Мне якраз здаецца, што ў ненармальным становішчы краіны гэтыя сцягі і ёсць выяўленнем нармальнасці.

„Басовішча” паказала некалькі жанраў музыкі, якія ў Беларусі не маюць вялікай традыцыі. Апрача актыўнага рока „Уліса” і „Мроі” была палітычная песня Сокалава-Воюша, грамадска-палітычная сатыра Шалкевіча, паэтычныя песні Элі Бэзюк, Фіёніка і Леўчука, Касі Камоцкай. Было б пажадана, каб „Басовішча” сталася стымулам для развіцця гэтых жанраў.

„Басовішча” было імпрэзай дэмакратычнай. Калі ўжываю гэтае слова, то маю перш за ўсё на ўвазе дэмакратычны характар поп-культуры, які выразна адчуваўся на фестывалі. Разарвалася зачараванае кола „інтэлігенцкасці” беларускай нацыянальнай культуры. Тэорыя „спружыны”, паводле якой меншасць мае быць цалкам асіміляваная, апрача невялікай групы свядомай інтэлігенцыі, у даным выпадку не супадала з рэчаіснасцю. Вядома, не трэба праяўляць залішняга аптымізму ці рабіць абагульняльныя высновы на падставе адной імпрэзы. Паўтысячы маладых удзельнікаў „Басовішча” — гэта яшчэ далёка няпоўная рэпрэзентацыя беларускай моладзі Беласточчыны. Выдаецца аднак, што пастаўлены першы крок, і вядома, як трэба паставіць наступны.

„Басовішча” трэба арганізаваць штогод. Гасцінная гміна Гарадок, здаецца, была б найлепшым месцам. Фестываль можа стацца нагодай для канфрантацыі новых музычных дасягненняў, нейкай формай беларускага „Вудстока”. Ідэалам было б, каб людзі ехалі на „Басовішча” з мэтай знайсці там асабістую свабоду. Свабоду ў сэнсе палітычным, у сэнсе светапогляду, свабоду таксама ў міжлюдскіх зносінах.

І яшчэ дзве справы. „Басовішча” было часткова спансаравана нью-йоркскім гуртком „Васілёк” і Арганізацыяй беларуска-амерыканскай моладзі. Факт, што маладыя амерыканцы беларускага паходжання лёгка зразумелі сваіх беластоцкіх сяброў, паказвае на універсальны характар нашага маладога руху. Ідэяй арганізатараў было стварэнне ўдзельнікам фестывалю магчыма найшырэйшага прастору для выяўлення індывідуальнага спосабу паводзін. Таму ўвесь рэгламент імпрэзы зводзіўся да неабходнага мінімума. „Басовішча” ў аніякім выпадку не нагадвала гарцэрскага лагера. І трэба сказаць, што ўдзельнікі належна ацанілі гэта і паказалі высокі ўзровень культуры. Хацелася б падзякаваць усім прысутным.